The Washington Post расказала, як ЗША даведаліся аб плянах Пуціна напасьці на Ўкраіну і як Шайгу падмануў брытанскага міністра абароны

Зьнішчаная ў Бучы пад Кіевам калёна расейскай бранятэхнікі, 1 сакавіка 2022 году

Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва ЗША даведалася аб плянах Пуціна напасьці на Ўкраіну ў кастрычніку 2021 году.

Пра гэта расказваецца ў буйным расьсьледаваньні The Washington Post.

Разьведвальныя, вайсковыя і дыпляматычныя кіраўнікі ЗША прыбылі да прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна і Камалы Гарыс з дакладам са спадарожнікавымі выявамі, перахопленымі размовамі і інфармацыяй ад крыніц, якія раскрывалі пляны ўварваньня Расеі. Выданьне сьцьвярджае, што да таго моманту ўсё для пераходу мяжы і наступу ўжо было гатова.

Рэакцыя краін на дадзеныя выведкі ЗША

У якасьці аднаго з матываў уварваньня Washington Post называе «акно магчымасьцяў для Пуціна, якое зачыняецца»: Украіна збліжаецца з ЭЗ і NATO, а ў 69-гадовага Пуціна застаецца ня так шмат часу, каб сьцьвердзіць сябе палітыкам, які аднавіў кантроль Расеі ў Эўразіі.

Як піша газэта, ЗША і Эўропа знаходзяцца ня ў тым стане, каб супрацьстаяць Расеі: адміністрацыя Байдэна была «прыніжаная неахайным вывадам войскаў» з Афганістану і імгненнай здачай краіны талібам у 2021 годзе, Мэркель сыходзіць са сваёй пасады і перадае ўладу неправеранаму пераемніку, Макрон змагаецца з ростам у краіне кансэрватызму, а Брытанія знаходзіцца ў эканамічным крызісе пасьля брэкзыту. Адначасова з гэтым Эўропа працягвае змагацца з каранавірусам і занадта моцна залежыць ад расейскіх энэргарэсурсаў, піша выданьне.

Разьведдадзеныя паказалі Байдэну, што расейскі бок разьлічваў на падзеньне Кіева за тры-чатыры дні. Па інфармацыі Washington Post, у адміністрацыі не спрачаліся аб захопе ўкраінскай сталіцы — не пагадзіліся толькі з часам, які на гэта спатрэбіцца.

ЗША адправілі перагаворшчыкаў да Пуціна, Патрушава, Лаўрова, а калі гэта не прынесла ніякага выніку — да Зяленскага.

Мяркуючы з тэксту расьсьледаваньня, прэзыдэнту Ўкраіны гэтая інфармацыя падалася спэкулятыўнай, таму што расейскае войска і раней ішло на падобныя «хітрыкі». Як сказаў выданьню міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, ЗША перадалі занадта мала канкрэтных дадзеных выведкі, якія б пацьвярджалі інфармацыю пра падрыхтоўку уварваньня. Такая інфармацыя прыйшла толькі за чатыры ці пяць дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны.

Да сярэдзіны лістапада аб плянах уварваньня ва Ўкраіну ад кіраўніка выведкі ЗША Эўрыл Хэйнс даведалася Паўночнаатлянтычная рада NATO, якая складаецца з пастаянных краін — членаў Альянсу. Некаторыя прадстаўнікі паставіліся да яе вельмі скептычна: амэрыканская выведка ня лічыцца ў прафэсійных колах надзейнай крыніцай. Сур’ёзна пагрозы ўспрынялі толькі ў Вялікай Брытаніі і ў краінах Балтыі, «якія заўсёды нэрвова ставіліся да намераў Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны раскрытыкаваў заходнія санкцыі супраць расейскіх алігархаў, якія, паводле палітыка, закранулі «мізэрную частку карупцыянэраў»

Washington Post сьцьвярджае, што нават такія эўрапейскія лідэры, як Макрон і Мэркель, не маглі даць веры, што Пуцін наважыцца на «настолькі ірацыянальны крок» і ўварвецца ва Ўкраіну, не разумелі таго, што адбываецца і ва Ўкраіне.

«Пастаўце сябе на нашае месца. З аднаго боку, ЗША кажуць вам нешта, што нельга ўявіць, а ўсе астатнія міргаюць вачыма і кажуць, што гэта ня тое, што можа адбыцца, — кажа кіраўнік МЗС Дзьмітро Кулеба. — Я ня мог паверыць, што нам трэба будзе весьці вайну такога маштабу. Адзінай краінай у сьвеце, якая настойліва і ўпэўнена казала нам, што далей будуць ракетныя ўдары, былі ЗША. Усе астатнія схіляліся да таго, што вайна магчымая, але хутчэй гэта будзе лякальны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны».

Як ЗША спрабавалі прадухіліць вайну

ЗША зразумелі, што дыпляматычны шлях урэгуляваньня магчымага канфлікту не цікавіць Расею, і павялічылі вайсковы кантынгент у Эўропе — з 74 тысяч да 100 тысяч чалавек, з чатырох эскадрыльляў да 12 і зь пяці да 26 караблёў. З дазволу Агенцтва нацыянальнай бясьпекі была ўсталяваная прамая лінія сувязі паміж украінскімі вайскоўцамі і эўрапейскім камандаваньнем войскаў ЗША ў Эўропе.

Таксама адміністрацыя Байдэна зрабіла публічнай значную частку сакрэтнай інфармацыі, каб пазбавіць Пуціна падстаў для ўварваньня. У прыватнасьці, амэрыканская выведка выявіла сплянаваныя апэрацыі пад «чужым сьцягам», правакацыі, быццам Украіна сама пачала ўварваньне. Таксама сьвет даведаўся пра рэальныя маштабы нарошчваньня войскаў на заходняй мяжы Расеі — у апэрацыі павінны былі быць задзейнічаныя 100 батальённа-тактычных груп колькасьцю да 175 тысяч вайскоўцаў.

12 студзеня дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс расказаў Зяленскаму пра пляны Расеі. Паводле інфармацыі ЦРУ, расейскія вайскоўцы плянавалі нанесьці ўдары па Кіеве, зрабіць высадку ў Гастомелі, блякаваць сталіцу і зрынуць, у тым ліку шляхам забойства, найвышэйшае кіраўніцтва краіны з дапамогай ужо дзейных дывэрсійных груп. Нягледзячы на небясьпеку для жыцьця самога Зяленскага і яго сям’і, прэзыдэнт Украіны адмовіўся зьяжджаць разам зь іншымі кіраўнікамі з Кіева.

«Калі б мы паведамілі ўкраінцам [пра напад], расейцы ўзялі б нас на працягу трох дзён, — кажа Зяленскі. — Увогуле, наш унутраны нюх быў правільны: калі мы пасеем хаос сярод людзей перад уварваньнем, расейцы нас зжаруць. Таму што ў час хаосу людзі ўцякаюць з краіны. Як бы цынічна гэта ні гучала, але гэта менавіта тыя людзі, якія ўсё спынілі». Ён дадае, што калі б украінцы пачалі пакідаць краіну і выводзіць грошы, гэта было б фатальным абяскроўліваньнем, якое прывяло б да мяккай капітуляцыі перад Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адмаўляецца забіраць зь Нямеччыны турбіну для «Паўночнага патоку»

Як Лаўроў і Шайгу адказвалі на пытаньні пра пляны ўварваньня ва Ўкраіну

21 студзеня 2022 году ў Жэнэве адбылася сустрэча кіраўнікоў МЗС Расеі і ЗША Лаўрова і Блінкена. Washington Post апісвае яе так: нібыта пасьля няўдалых перамоваў Блінкен запрасіў Лаўрова застацца сам-насам на хвіліну і спытаў аб прычынах таго, што адбываецца — «гэта сапраўды занепакоенасьць дзейнасьцю NATO ці мэсіянская вера Пуціна, што Ўкраіна павінна належаць Расеі?». Лаўроў моўчкі пакінуў залю, піша выданьне. Гэта была апошняя асабістая сустрэча расейскіх і амэрыканскіх палітыкаў перад уварваньнем.

Ня менш цікава газэта апісвае і сустрэчу міністраў абароны Вялікай Брытаніі і Расеі Бэна Ўолеса і Сяргея Шайгу, якая адбылася днём раней. Уолес нібыта спрабаваў прапанаваць перамовы паміж NATO і Расеяй, але, не дамогшыся посьпехаў, папярэдзіў Шайгу, што ўкраінцы будуць жорстка ваяваць за сваю свабоду.

Як піша выданьне, Шайгу адказаў, што яго маці была ўкраінкай, сама Украіна — частка «нашай краіны», а расейцы могуць пакутаваць і перажываць цяжкасьці як ніхто іншы, калі справа дойдзе да санкцыйнага ціску і эканамічнай блякады. Тым ня менш у канцы сустрэчы Шайгу сказаў Уолесу, што плянаў урывацца ва Ўкраіну ў Расеі няма.

Напярэдадні ўварваньня кіраўнік МЗС Украіны Кулеба атрымаў канкрэтную інфармацыю — «у аэрапорце А стаяць пяць транспартных самалётаў, гатовых у любы момант перакінуць дэсантнікаў ва ўкраінскі аэрапорт Б». Гэта аказалася праўдай, але атака на сталіцу правалілася. Неназваныя прадстаўнікі заходняй выведкі сказалі Washington Post, што, аглядаючыся на бязладны напад на Кіеў, яны прызнаюць, што пераацанілі эфэктыўнасць расейскага войска: «Мы думалі, што яны ўварвуцца ў краіну гэтак жа, як гэта рабілі б мы».

Як піша выданьне, на пачатку ўварваньня Зяленскі ў размове з Байдэнам прасіў яго зьвязацца зь як мага большай колькасьцю сусьветных лідэраў і пераканаць іх патэлефанаваць Пуціну, каб спыніць уварваньне.

Washington Post заканчвае расьсьледаваньне фразай прэзыдэнта Ўкраіны, якая нібыта прагучала ў размове з Байдэнам: «Дайце нам усе разьведвальныя дадзеныя, якія цяпер у вас ёсьць. Мы будзем змагацца, мы будзем абараняцца, мы зможам выстаяць, але нам патрэбная ваша дапамога».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.