Пятру Пархомчыку 64 гады. Ён мянчук. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і Акадэмію кіраваньня.
У дзяцінстве, якое прыпала на час першых палётаў чалавека ў космас, Пархомчык марыў стаць лётчыкам, аднак адразу пасьля школы ўладкаваўся на завод МТЗ, дзе працаваў ягоны бацька. Пятро быў сьвідравальнікам. У хуткім часе Пархомчыка прызвалі ў войска, служыў у дэсанце ў Мар’інай Горцы.
У юнацтве Пятро Пархомчык займаўся боксам. Пры гэтым у інтэрвію крытыкаваў камандныя віды спорту, як футбол, дзе «можна схавацца і зрабіць выгляд, што гуляеш, чаго ня зробіш у боксе».
Пасьля службы зноў вярнуўся да станка на завод, але пры гэтым пайшоў вучыцца ў інстытут, што зь цягам часу і абумовіла кар’ерны рост. У выніку даслужыўся да намесьніка гендырэктара МТЗ, быў адказным за маркетынг, агулам на прадпрыемстве адпрацаваў 33 гады. А ў 2007 годзе спачатку ўзначаліў МАЗ, а потым і БелАЗ.
У 2020 годзе, яшчэ напярэдадні выбараў, быў прызначаны міністрам прамысловасьці. Гэты час акурат прыпаў на заходнія санкцыі супраць беларускіх вытворцаў за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і пасадку самалёта Ryanair. Адметна, што сам Пархомчык у санкцыйныя сьпісы ня трапіў.
«Мы будзем зьдзіўляць — і вас, і грамадзтва. Няма сумневу, што з санкцыямі прамысловыя прадпрыемствы Беларусі справяцца», — казаў Пархомчык.
Менавіта падчас сустрэчы з Пархомчыкам Лукашэнка ў верасьні 2021 году загаварыў пра шпіёнаў на беларускіх прадпрыемствах, якія «інфармуюць калектыўны Захад, як Пархомчык абыходзіць санкцыі». У выніку ў тыя дні затрымалі некалькі дзясяткаў рабочых з розных заводаў краіны. Многія зь іх па сёньня знаходзяцца за кратамі, суду над імі яшчэ не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка спраўШто тычыцца асабістага жыцьця новага віцэ-прэм’ера, то з жонкай Зінаідай яны разам ужо 42 гады. У сацсетках жонкі шмат здымкаў зь іхных сумесных вандровак — і ў Нью-Ёрк, і на эўрапейскія курорты.
У сям’і двое дзяцей — сын Кірыл і дачка Валерыя. Калі пра сына не знайшлося публічнай інфармацыі, то дачка даволі актыўная ў сацыяльных сетках. Яна, як і бацька, скончыла наргас. Першым месцам працы Валерыі стаў «Трайпл», кампанія вядомага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Яна там была вядучым спэцыялістам у аддзеле маркетынгу.
Валерыя шмат падарожнічала па Эўропе — Барсэлёна, Вэнэцыя, Парыж і іншыя гарады. У 2014 годзе праходзіла моўныя курсы ў ангельскім Оксфардзе.
У 2015 годзе яна адмыслова паехала на чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Прагу. З чэскай сталіцы яна зьмясьціла некалькі здымкаў, як падтрымлівала зборную Расеі. На твары Валерыя намалявала расейскі сьцяг, а таксама радавалася перамозе над амэрыканцамі і засмучалася паразе ад канадцаў.
Цяпер Валерыя замужам за супрацоўнікам кампаніі Viaplay Сяргеем Чарняўскім. Калі верыць прафайлу на Linkedin, то Чарняўскі жыве на Кіпры, у Лімасоле. Сама Валерыя фактычна закінула сацсеткі з траўня 2020-га. Ніякіх пастоў аб пратэстах 2020-2021 гадоў яна не рабіла, як і пра вайну ва Ўкраіне 2022 году. У пары ёсьць сын.
Сваім хобі Пятро Пархомчык называе лецішча. Тут можна паглядзець, як яно выглядае. Займаецца садоўніцтвам, вырошчвае чарэшні і дурніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЗ ратуецца ад санкцый пераходам на расейскія рухавікі і кітайскія батарэі