На пачатку жніўня шэраг эўрапейскіх краін выступілі з прапановамі перастаць выдаваць шэнгенскія візы грамадзянам Расеі. Некалькі разоў пра гэта ж заяўляў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. За расейцаў заступіўся канцлер Нямеччыны Олаф Шольц. Пра тое, каб пазбавіць магчымасьці атрымліваць шэнгенскія візы грамадзян Беларусі, размовы пакуль не вядзецца. Але візы і без таго складана атрымаць. Свабода паразмаўляла зь людзьмі, якія працуюць у турыстычнай сфэры, а таксама з тымі, хто змог нядаўна атрымаць візу ў краіну Эўразьвязу.
Турыстычныя
Першай пра аднаўленьне выдачы турыстычных візаў беларусам паведаміла Вугоршчына. Пасьля да яе далучыліся Гішпанія, Італія і яшчэ некалькі краін Эўразьвязу. Паводле паведамленьняў на сайтах візавых цэнтраў і турыстычных фірмаў, умовы атрыманьня візаў ранейшыя — запоўненая анкета, фатаздымкі, даведка пра асабісты рахунак у банку, мэдычная страхоўка, квіткі, бронь гатэля. Кошт самой візы для беларусаў — 35 эўра, асобна аплачваць трэба страхоўку і паслугі пасярэднікаў. Візы абяцаюць як аднаразовыя, пад канкрэтныя даты паездкі, так і шматразовыя. Можна знайсьці нават абяцаньні адкрыць мультышэнген адразу на некалькі гадоў. На практыцы ўсё ня так добра.
«Вельмі шмат адмоваў зараз, — расказаў у размове са Свабодай супрацоўнік турыстычнай фірмы. — Няма ніякай гарантыі, што чалавек адкрывае турыстычную шэнгенскую візу. Прычыны адмоваў не тлумачаць. Альбо адкрываюць візу на час паездкі толькі. Гэта цяпер ня вельмі надзейны варыянт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На мяжы можна прастаяць нават 17 гадзін». Ці паехалі турысты з Польшчы, Літвы і Латвіі ў Беларусь пасьля ўвядзеньня «бязьвізу»?Частыя гісторыі, калі замест гадавой візы чалавек атрымлівае візу на некалькі тыдняў. Паслугі пасярэднікаў пры гэтым могуць каштаваць да соцень рублёў, падавацца на атрыманьне візы часта езьдзяць у Маскву. Усё гэта нятанна.
«У выніку частыя выпадкі, калі турысты сварацца, падаюць у суд на турагенцтвы, — дадае суразмоўца. — Літаральна на днях зноў пачнецца такі працэс. Людзі незадаволеныя тым, што не атрымліваюць візаў. А турагенцтвы ня могуць на гэта паўплываць».
Літва — толькі гуманітарныя
Літва перастала выдаваць візы грамадзянам Беларусі і Расеі неўзабаве пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — у сакавіку 2022 году. Тады ж колькасьць супрацоўнікаў літоўскага консульства ў Менску, якое адказнае за выдачу візаў, скарацілася да аднаго чалавека. Як расказалі Свабодзе адразу некалькі чалавек, атрымаць літоўскую візу грамадзяне Беларусі зараз могуць, але гэта будзе альбо гуманітарная віза, альбо віза для пераезду ў Літву на сталае месца працы, атрыманая з дапамогай кампаніі-наймальніка.
«Я змагла атрымаць гуманітарную візу, — расказала Свабодзе адна з суразмоўцаў. — Гэта было з дапамогай актывістаў недзяржаўнай арганізацыі, зь якой я супрацоўнічаю. Іншых варыянтаў я не знайшла. Віза гуманітарная, больш ніякіх не адкрываюць літоўцы зараз. Ні турыстычных, ні культурных. Ведаю, што людзі з такімі візамі езьдзяць, праблем няма. Беларускія памежнікі таксама не чапляюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Летам кватэра каштуе 1000 эўра, у іншыя месяцы — 250». Плюсы і мінусы жыцьця ў ЧарнагорыіЛітоўская гуманітарная віза даецца ў выключных выпадках тым грамадзянам Беларусі, якія маюць падставы турбавацца пра сваю бясьпеку і хацелі б пераехаць у Літву, каб атрымаць там прытулак. Падобны тып візаў беларусам масава выдае Польшча. Але калі польская гуманітарная віза выдаецца адразу на год, то літоўская — толькі на 6 месяцаў. Яе можна працягнуць яшчэ на 6 месяцаў, але толькі адзін раз. Для атрыманьня гуманітарнай візы неабходна пацьвердзіць падставы, на якіх падаецца заяўка. Рашэньне літоўскі консул прымае індывідуальна.
Атрымаць гуманітарную візу можна і ў польскім консульстве, яе, у адрозьненьне ад літоўскай, беларусам выдаюць на год. Умовы атрыманьня тыя самыя. Яшчэ летам 2021 году Літва і Польшча актыўна выдавалі беларусам гуманітарныя візы ў іншых краінах — у Грузіі, ва Ўкраіне. Пасьля 24 лютага 2022 году гэтую практыку амаль спынілі.
Польшча — па запрашэньні польскага грамадзяніна альбо ўладальніка дазволу на жыхарства
«Самы рэальны варыянт зараз атрымаць доўгатэрміновую візу ў краіну Шэнген-зоны — гэта польская нацыянальная віза па запрашэньні грамадзяніна Польшчы альбо асобы з польскім дазволам на жыхарства, — расказвае Свабодзе супрацоўнік беларускай турфірмы. — Для гэтага чалавеку ў Польшчы трэба аформіць запрашэньне ў мясцовай адміністрацыі, а тым, хто хоча атрымаць польскую візу ў Беларусі, — зарэгістравацца на яе атрыманьне ў візавым цэнтры».
Па словах суразмоўцы, зарэгістравацца на падачу дакумэнтаў самастойна цяпер амаль нерэальна. Паслугі пасярэднікаў каштуюць каля 450–500 рублёў з чалавека. Звыш гэтага асобна аплачваюцца страхоўка і сама віза.
«500 рублёў за рэгістрацыю анкеты і прызначэньне часу падачы на візу цяпер плацяць нават уладальнікі „Карты паляка“, — дадае суразмоўца. — Да падзей лютага 2022 году яны атрымлівалі польскія візы без асаблівых праблем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прапанаваў расейцам атрымліваць статус бежанцаў у выпадку пагроз