Разам з расейскімі назвамі мясцовыя ўлады актыўна адмаўляюцца і ад беларускіх, аргумэнтуючы гэта тым, што Беларусь падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны.
Свабода сабрала апошнія рашэньні мясцовых рад. Усе яны былі ўхваленыя пасьля абмеркаваньня з грамадзкасьцю.
У Чарнігаве зьмянілі назвы дзьвюх беларускіх вуліц і чатырох завулкаў
У Чарнігаве вуліца Беларуская і аднайменны завулак цяпер называюцца ў гонар Старадубскага палку, створанага ў 1663 годзе як адміністрацыйна-тэрытарыяльная і вайсковая адзінка Гетманшчыны.
Вуліца Гомельская і тры Гомельскія завулкі сталі вуліцай і завулкамі (першым, другім і трэцім) Сечавых Стральцоў.
Працоўная група працягне сваю працу над перайменаваньнямі ў Чарнігаве. Мэр гораду Ўладзіслаў Атрошанка папрасіў ад сяброў групы «узважанай працы над новымі назвамі, улічваючы больш як тысячагадовую гісторыю старажытнага Чарнігава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны: «Словы прадстаўніка Мінабароны Беларусі супярэчаць словам Лукашэнкі, які наўпрост прызнаў саўдзел у расейскай агрэсіі»У Краменчуку Палтаўскай вобласьці ня будзе вуліцы Герояў Берасьця
Крамянчуцкая гарадзкая рада замяніла два беларускія тапонімы — вуліцу Герояў Берасьця на Герояў Марыюпалю, а завулак Гомельскі — на завулак Гастомельскі.
Гэта першы этап перайменаваньняў. Адпаведная камісія рыхтуе дакумэнты на зьмену назваў яшчэ больш як 100 вуліц, якія ўважаюцца за «акупацыйныя савецкія, камуністычныя і расейскія імпэрскія маркеры».
У Наваградзе-Валынскім на Жытоміршчыне зьявілася вуліца Жызьнеўскага
У Наваградзе-Валынскім вуліцу Менскую перайменавалі ў гонар беларуса Міхайлы Жызьнеўскага, які адным зь першых загінуў у час Рэвалюцыі Годнасьці ў 2014 годзе.
Вуліцу Янкі Купалы перайменавалі ў гонар украінскага паэта Васіля Сіманенкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага ды іншых герояў ЭўрамайдануУ Крапіўніцкім грамадзкае абмеркаваньне яшчэ трывае
Крапіўніцкая гарадзкая рада ў канцы ліпеня прапанавала мясцовым жыхарам свой сьпіс прапаноў аб зьменах назваў 172 вуліц. Сярод іх — вуліца Якуба Коласа. Яе прапануюць перайменаваць у гонар украінскай опэрнай сьпявачкі Саламеі Крушальніцкай.
Абмеркаваньне будзе доўжыцца да 27 жніўня.
У Запарожжы прапануюць пяць альтэрнатыў для назвы Менскай вуліцы
У Запарожжы ўжо падводзяць вынікі грамадзкага абмеркаваньня зьменаў расейскай і беларускай тапанімікі.
У прыватнасьці, для вуліцы Менскай прапанавалі пяць варыянтаў: Польская, Гідраэнэргетычная, імя амэрыканскага палкоўніка і інжынэра Г'ю Купэра, пад наглядам якога будаваўся Днепрагэс, імя Пятра Чарніцкага або Амо Бархударава (даваеннага і паваеннага дырэктараў Запароскага гідраэнэргетычнага тэхнікуму).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы расейскія войскі абстралялі Запарожжа, Мікалаеў, Нікапаль і Харкаў; вядуць наступ на Бахмут