На пытаньне, якая палітычная сіла бліжэйшая за ўсё да палку і з кім магло б наладзіцца супрацоўніцтва, прадстаўніца вайсковага фармаваньня адказала, што «полк Каліноўскага — гэта людзі», і кожны баец «мае права на свае погляды, таму можа падтрымліваць ідэі розных палітычных партый і рухаў».
«Галоўнае, што ўсе ваяры аб’яднаныя агульнай мэтай — вызваленьне Беларусі, — заявіла „Чабор“. — Мы рухаемся да гэтай мэты канкрэтным шляхам: выконваем баявыя задачы, змагаючыся на ўкраінскай зямлі з нашым агульным ворагам — Расеяй. Пакуль што ніводная палітычная сіла не прапанавала канкрэтнага пляну дзеяньняў для вызваленьня Беларусі ад унутранай і вонкавай акупацыі, на падставе якога можна было б гаварыць пра блізкасьць нашага бачаньня сытуацыі і спосабаў яе вырашэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які плён канфэрэнцыі «Новая Беларусь»? Дыскусія экспэртаўНаконт рашэньня палку Каліноўскага не адпраўляць свайго дэлегата на канфэрэнцыю «Новая Беларусь», якая прайшла 8–9 жніўня ў Вільні, прадстаўніца фармаваньня заявіла, што «полк Каліноўскага ёсьць вайсковым падразьдзяленьнем у складзе Ўзброеных сіл Украіны і выконвае баявыя задачы на фронце».
«Чабор» нагадала пра сфармаваньне Сьвятланай Ціханоўскай падчас канфэрэнцыі Абʼяднанага пераходнага кабінэту, у які ўвайшлі прадстаўнік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, кіраўнік НАУ Павал Латушка, кіраўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў (прадстаўнік у аднаўленьні правапарадку) і экс-камандзір берасьцейскай 38-й дэсантна-штурмавой брыгады падпалкоўнік запасу Валер Сахашчык (прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы).
На пытаньне аб стаўленьні палку Каліноўскага да Сахашчыка прадстаўніца фармаваньня адказала, што «рабіць абгрунтаваныя высновы пра кандыдатуру вайсковага міністра можна будзе толькі тады, калі ён прадставіць пэўную праграму канкрэтных дзеяньняў для абароны сувэрэнітэту і гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У палітыку я іду часова». Гутарка з Валерыем Сахашчыкам, які ўвайшоў у кабінэт ЦіханоўскайРаней задачамі кабінэту Ціханоўская назвала «абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, прадстаўленьне нацыянальных інтарэсаў, ажыцьцяўленьне фактычнай дэакупацыі краіны».
Паводле яе, кабінэту трэба «распрацаваць і рэалізаваць меры для спыненьня незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў», у выніку чаго «павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба рыхтавацца да сілавога мэтаду, але гэта не азначае крывавай рэвалюцыі». Азараў і Сахашчык праводзяць сёньня важную нараду