У Польшчы — экалягічная катастрофа на Одры. Будуюць дадатковыя грэблі

Мёртвая рыба на Одры, жнівень 2022

Улады просяць жыхароў не падыходзіць на берагі ракі Одра. Туды плынь выкінула шмат мёртвай рыбы.

Ваявода Заходнепаморскі Зьбігнеў Багуцкі заявіў аб тым, што ўлады збудуюць тры новыя грэблі, каб стварыць «каскадную» сыстэму. Кожная грэбля павінна дапамагчы адсунуць мёртвую рыбу з Одры, піша агенцтва РАР.

Некалькі дзён таму на берагі Одры на тэрыторыі Польшчы стала выкідаць мёртвую рыбу. Першыя таксыкалягічныя дасьледаваньні, праведзеныя ва ўнівэрсытэце ў Катавіцах, паказалі, што рака стала надта засоленай, а на рыбу падзейнічалі хімікаты, вылітыя ў раку, імаверна, зь нямецкага боку, адкуль цячэ рака. Але дакладныя вынікі дасьледаваньняў будуць апублікаваныя пазьней.

Багуцкі заявіў, што нямецкі бок ніяк не рэагуе на праблему і не змагаецца зь ёй. Польскі ж бок, паводле яго, толькі за папярэдні дзень сабраў звыш 3 тонаў мёртвай рыбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія абвясьціла надзвычайнае становішча ў рэгіёнах каля ракі По — яна перасыхае

Што тычыцца нямецкай вэрсіі, то там ківаюць у бок Польшчы, што яе ўлады не адразу апавясьцілі сумежныя рэгіёны Нямеччыны аб праблеме, піша Tagesschau. Акрамя таго, фэдэральны міністар навакольнага асяродзьдзя Штэфі Лемке раскрытыкавала «адсутнасьць нямецка-польскага супрацоўніцтва». Яна заявіла, што найбліжэйшым часам трэба высьветліць сапраўдныя маштабы катастрофы.

Прадстаўнік Шлёнскага ўнівэрсытэту ў Катавіцах Пётр Скубала сказаў, што хімікаты аказалі нэгатыўнае ўзьдзеяньне ня толькі на рыбу ў вадаёме, але і на беспазваночных, на птушак і людзей.

На барацьбу з экалягічнай катастрофай у Польшчы вылучылі вайскоўцаў. Раней прэм’ер-міністар краіны Матэвуш Маравецкі аб’явіў узнагароду на суму ў эквіваленце 210 000 эўра за інфармацыю, якая прывядзе да арышту злачынцы, вінаватага ў масавым моры рыб у Одры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палескім радыяцыйным запаведніку на мяжы з Украінай за грошы «саюзнай дзяржавы» пракладуць сетку прасек