Пяляскую сярэднюю школу, адну зь дзьвюх літоўскіх школ у Беларусі, перад пачаткам навучальнага году праверыла інспэкцыя МНС. Як заявілі ў МНС, праверка выявіла шэраг парушэньняў, школу закрываюць да «ліквідацыі заўваг», паведамляе газэта «Светлы шлях».
Паводле МНС, выяўленыя парушэньні «пагражаюць жыцьцю і здароўю» школьнікаў і пэдагогаў.
Паводле афіцыйнага прадстаўніка абласнога ўпраўленьня МНС Вольгі Адзіевай, у школе «не забясьпечана бясьпечная і бесьперашкодная эвакуацыя дзяцей і пэдагогаў з памяшканьня школы ў выпадку надзвычайнай сытуацыі, належная супрацьдымавая абарона і абарона ад распаўсюджваньня агню, а таксама праведзена перапрафіляваньне памяшканьняў па функцыянальным прызначэньні (склады перапрафіляваныя пад навучальныя клясы і майстэрні).
Таксама работнікі МНС запыталі праектную дакумэнтацыю, каб пацьвердзіць выкананьне патрабаваньняў тэхнічных нарматыўна-праўных актаў, аднак кіраўнік школы «падаў запытаныя матэрыялы ня ў поўным аб’ёме», заявіла Вольга Адзіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве літоўскія школы ў Беларусі абавязалі перайсьці на беларускую ці расейскую мову навучаньняУ сувязі з гэтым дырэктару школы накіравалі прапанову прыпыніць дзейнасьць школы «да ліквідацыі выяўленых заўваг».
Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Руслан Абрамчык, у сувязі з закрыцьцём школы ўсіх яе навучэнцаў — а гэта 40 дзяцей зь Лідзкага раёна і 74 з Воранаўскага — перавядуць у іншыя школы па месцы жыхарства. 24 пэдагогам, зь якіх 10 — грамадзяне Літвы, прапануюць месца працы на тэрыторыі Воранаўшчыны.
Пяляская сярэдняя школа ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну стала першай школай у Беларусі, дзе навучаньне вялося на літоўскай мове. Школу адкрылі ў 1992 годзе, у апошні год там вучыліся больш за 120 дзяцей. Гэта прыватная ўстанова адукацыі, з моманту адкрыцьця і дагэтуль школу фінансуе Міністэрства адукацыі Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі адказалі на пэтыцыю аб недапушчэньні закрыцьця польскіх і літоўскіх школАгулам у Беларусі дзьве літоўскія школы: у Пелясе Воранаўскага раёну і ў Рымдзюнах Астравецкага раёну (там вучацца 82 школьнікі і працуюць 18 настаўнікаў). У красавіку беларускія ўлады абавязалі літоўскія школы адмовіцца ад выкладаньня на літоўскай мове і перайсьці на расейскую ці беларускую, спасылаючыся на абноўлены Кодэкс аб адукацыі.
Раней стала вядома, што на расейскую мову пераводзяць польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску.