«Тут табе засьмяюцца ў твар, калі скажаш, што купляў сабе пальчаткі на працу». Фэльчар з Горадні Фёдар Сумкін аб працы мэдыкам у Польшчы

Харызматычны блогер і фэльчар з Горадні Фёдар «Сумкін» Астаповіч ужо год жыве ў Польшчы. Ён расказаў Свабодзе, як працаваў у «таксі для хворых», колькі яму плацяць і чаму разам зь ім працуюць пажарнікі і паліцыянты.

«„Ратавальнік“ — гэта ніжэйшая каста»

У Беларусі Фёдар працаваў фэльчарам «хуткай дапамогі» каля 9 гадоў. Год таму ён пачаў жыцьцё наноў у іншай краіне.

Цяпер ён працуе як «ratownik medyczny» («мэдычны ратавальнік») у прымальні «хуткай дапамогі» у горадзе Слупску. Цяпер ён ня езьдзіць на выклікі на сваёй «пірацкай Пэрліне» (як ён зь любоўю называў старэнькую горадзенскую машыну «103»), а чакае тэрміновых пацыентаў на месцы.

Фёдар Сумкін

«„Ратавальнік“ — гэта ніжэйшая каста, гэта крыху вышэй за санітара, як ні дзіўна», — тлумачыць Фёдар сваё месца ў мэдычнай ярархіі.

Ягоная новая праца функцыямі супадае з папярэдняй. Але патлумачыць, якой пасадзе ў Беларусі адпавядае гэтая праца, складана, бо мэдычная сыстэма па-рознаму арганізаваная. Так, мэдсястра ў Беларусі ерархічна стаіць ніжэй за фэльчара, а ў Польшчы — вышэй, яна лічыцца больш адукаванай, мае права рабіць больш захадаў, прызначаць больш лекаў, мае вышэйшы заробак.

Ратавальнік атрымлівае ў Польшчы каля 1000 даляраў. Свой заробак Фёдар ня можа назваць паводле кантракту. За разгалошваньне сваёй стаўкі яму пагражае пазбаўленьне прэміі на 100%.

«Заробку мэдыка ў Польшчы хопіць, каб зьняць жытло, аплаціць камунальныя, паесьці і крышку адкласьці на адпачынак», — тлумачыць фэльчар.

Працаваць зь беларускім дыплёмам можна 5 гадоў

Працу мэдыка гарадзенец атрымаў не адразу. Ён чакаў дазволу ад міністра аховы здароўя Польшчы. Гэтая працэдура можа заняць месяц. У выпадку Сумкіна яна расьцягнулася на некалькі месяцаў, бо некаторыя дакумэнты давялося перарабляць. Для дазволу спатрэбіўся дыплём зь перакладам (Фёдар скончыў Горадзенскі мэдычны каледж), шэраг дакумэнтаў і пацьверджаньняў з папярэдняй працы, мэдычная даведка і даведка аб нясуджанасьці.

Пасьля таго як беларускі мэдык атрымае дазвол на працу ў Польшчы, ён можа працаваць адпаведна спэцыяльнасьці ня больш за 5 гадоў. Потым беларускія дакумэнты нядзейныя. Трэба або цалкам мяняць сфэру дзейнасьці, або атрымліваць польскую мэдычную адукацыю.

«Я зразумеў, што не хачу быць мэдсястрой»

Вучыцца на мэдсястру або ратавальніка ў Польшчы трэба тры гады. Фёдар падаў дакумэнты, яго прынялі на бясплатную дзённую вучобу. Аднак потым перадумаў.

«Я зразумеў, што не хачу быць мэдсястрой. Мэдсястра — гэта мыць зад бабцы. Значны акцэнт у навучаньні мэдсястры надаюць дагляду за хворымі — як апрацоўваць пролежні. А ратавальніка вучаць тэрмінова ратаваць жыцьцё. Мэдсястра на экзамэне бярэ тры ваткі: адной ваткай шырока апрацоўвае паверхню, другой — месца іньекцыі, трэцяй — ампулу, робіць іньекцыю, ваткай працірае яе месца, бярэ сухую ватку і кладзе на гэтае месца. А ратаўнік, калі здае экзамэны, адной ваткай усё працірае і хутка робіць іньекцыю, бо пацыент зараз памрэ», — расказвае Фёдар.

Фёдар кажа, што ягоная місія — ратаваць жыцьцё ў экстрэмальных умовах, а мэдсястра, зь ягоных словах, «як шлюб па разьліку». Таму бліжэйшы год ён ня будзе вучыцца, а далей вырашыць, якую польскую адукацыю хоча.

«Я яшчэ ня ведаю, кім буду, калі вырасту», — усьміхаецца ён.

Пасьля трох гадоў мэдычнай адукацыі (што параўнальна зь беларускім каледжам) можна атрымаць вышэйшую адукацыю зусім у іншым кірунку, прыкладам, стаць крыміналістам або аграномам.

«У Польшчы зусім іншае навучаньне. Студэнты тут выходзяць зь ведамі і з практыкай, гэта амаль узровень беларускага ВНУ», — параўновае ён узровень польскага мэдычнага каледжу.

Польская прыватная «хуткая дапамога» працуе як таксі

Перад тым, як атрымаць дазвол працаваць мэдыкам, Фёдар уладкаваўся ў прыватную службу перавозкі пацыентаў. Яна лічыцца прыватнай «хуткай дапамогай», але не займаецца ратаваньнем людзей.

Такія фірмы перавозяць чалавека з шпіталя ў шпіталь або з шпіталя дадому, паміж гарадамі і нават краінамі. Гэта падобна да працы санітара. Заробак залежыць ад арганізацыі і складае 2–4 тысячы злотых (450–900 даляраў) у месяц.

У Слупск сям’я Фёдара пераехала зь Беластоку, дзе яны жылі першы час пасьля Беларусі. Паехалі ў вандроўку, і Слупск ім падаўся «сваім» горадам. Фёдар зайшоў у мясцовы шпіталь, які яму спадабаўся, падышоў да загадчыцы і запытаўся, ці патрэбныя ім фэльчары. Тая задала два пытаньні — што Фёдар умее рабіць і калі можа прыступіць да працы. Сям’я сабрала рэчы і пераехала.

Фёдар тлумачыць, што калі маеш давол на мэдычную працу, знайсьці яе можна ў любым горадзе. Добрыя спэцыялісты патрэбныя паўсюль, прычым розных мэдычных кірункаў. У Польшчы, як і ў Беларусі, бракуе мэдыкаў, бо мясцовыя спэцыялісты выяжджаюць на Захад.

Аднак калі чалавек пры прыёме на працу схлусіў, што ён умее рабіць, і не стараецца хутка навучыцца на новым месцы, то доўга на такой працы не затрымаецца.

У Фёдара не было праблемаў з працай праз тое, што ён зь Беларусі, яго ў калектыве ніхто не цкаваў.

«Наадварот, беларускіх спэцыялістаў тут цэняць, — кажа ён. — Магчыма, я проста працую сярод адэкватных людзей».

«На аднаго пацыента можаш расходаваць хоць 10 параў пальчатак»

Калі Фёдар параўновае мэдыцыну ў Польшчы і Беларусі, то на новай працы яму кідаецца ў вочы, наколькі забясьпечаныя шпіталі аднаразовым рыштункам: пальчаткамі, катэтэрамі, шпрыцамі.

«Бярэш колькі хочаш, хоць 10 параў пальчатак на аднаго пацыента, калі табе трэба. Ты ня мусіш з гэтага даваць справаздачу. Тут у кожным кабінэце па некалькі пакункаў стаіць. У Беларусі ж добра, калі ўвогуле нешта ёсьць. Ты атрымліваў некалькі параў пальчатак на зьмену пад росьпіс. Даводзілася купляць і за свае грошы. У Польшчы табе засьмяюцца ў твар, калі скажаш, што купляў сабе пальчаткі на працу».

Гэта ж датычыць і аднаразовых мэдычных халатаў. У Беларусі падчас піку каранавірусу мэдыкі самі па начах шылі сабе ахоўныя касьцюмы. Графік працы ў Польшчы фармуецца падобна, як у Беларусі. Перад новым месяцам можна пакінуць свае пажаданьні наконт працоўных зьменаў і выходных. На пытаньне, ці адрозьніваецца колькасьць пацыентаў за зьмену тут і там, Фёдар адказвае, што ў Слупску адзін шпіталь на горад, таму людзей заўсёды шмат.

У Беларусі ён езьдзіў на выклікі з брыгадай у 2-3 чалавекі. У Польшчы цяжка сказаць, колькі зь ім працуе чалавек, бо гэта — «маленькі мурашнік» у шпіталі. Побач зь ім можа быць мэдсястра. Пры неабходнасьці са звычайнага, не прыёмнага, аддзяленьня шпіталя спускаюцца лекары — вузкія спэцыялісты, прыкладам, калі трэба дадаткова агледзець вока, то прыйдзе акуліст.

Зьмест працы Фёдара асабліва не адрозьніваецца, фэльчар ён ці ратавальнік.

«Уся той жа „фарш“, усё тыя ж людзі», — кажа ён.

На начной зьмене, падчас якой мы размаўляем, ён дапамагае хірургу рэзаць і зашываць пацыентаў, накладаць бінты.

У касьцёле

У Польшчы «хуткую» выклікаюць дадому радзей, для пацыентаў дзейнічае сыстэма «колераў»

Выклікаюць «хуткую» у Польшчы значна радзей, чым у Беларусі.

«„Хуткая“ паедзе на дарожнае здарэньне або калі нешта сур’ёзнае зь дзіцём», — кажа Фёдар.

За беспадстаўны выклік пагражае вялікі штраф. Тэмпэратура 38 градусаў і нават пералом рукі — гэта не падстава для выкліку. У такім выпадку чалавек сам прыяжджае ў шпіталь.

У шпіталі дзейнічае сыстэма ацэнкі, наколькі тэрмінова патрэбная дапамога. Пацыенту даюць адпаведны бранзалет — сіні, зялёны, жоўты, аранжавы, чырвоны. Сіні — вельмі лёгкае пашкоджаньне, чырвоны — ратаваць трэба проста цяпер, бо чалавек памірае. Прыкладам, да чырвонага ўзроўню залічваюць інсульт, інфаркт, цяжкую траўму пры ДТЗ; да аранжавага — страту крыві, але не крытычную для жыцьця; да жоўтага — апэндыцыт; да зялёнага — пералом рукі.

Калі ў шпіталь адначасова прыедзе шмат тэрміновых «чырвоных» ці «аранжавых» пацыентаў, то чалавек са зламанай рукой ці нагой можа прасядзець і 5-6 гадзін у чарзе, пакуль яго прымуць.

Такая ж сыстэма ацэнкі стану пацыентаў выкарыстоўваецца ў Беларусі пры масавых траўмах, прыкладам, калі была цісканіна на Нямізе. На штодзённым прыёме ў Беларусі такой чарговасьці з бранзалетамі няма.

«Ніхто не крычыць у чэргах, бо гэта не прысьпешыць прыём. Больш пашаны да мэдыкаў, хоць, вядома, гэта залежыць ад канкрэтнага чалавека», — тлумачыць суразмоўца.

У Беларусі падобныя правілы выкліку «хуткай», кажа фэльчар. Аднак нават калі чалавек выклікае яе зь нязначнымі сымптомамі, у Беларусі дыспэтчар перастрахоўваецца і высылае брыгаду на месца, бо баіцца памыліцца ў ацэнцы сымптомаў і пасьля быць адказным за тое, што чалавек памёр, а да яго ніхто не прыехаў. У выніку брыгада «хуткай» у Беларусі выяжджае і на падвышаны ціск, ад якога можна было проста прыняць самастойна таблетку, і на тэмпэратуру 37,2.

У шпіталі працуюць паліцыянты, пажарнікі, памежнікі

Цяпер Фёдар працуе ў адным месцы, не шукае дадатковай працы, не ідзе вучыцца. Аднак працуюць у некалькіх месцах па розных спэцыяльнасьцях у Польшчы многія. Прыкладам, разам зь ім у калектыве працуюць паліцыянты, пажарнікі і памежнікі, якія адначасова маюць мэдычную адукацыю і бяруць па некалькі дзяжурстваў на месяц, каб ня траціць навыкі.

У Беларусі нельга сумяшчаць розныя дзяржаўныя працы, нават мэдык з МНС ня можа браць дзяжурствы ў шпіталі.

Пра сваю цяперашнюю працу ў Польшчы Фёдар кажа так: «Пакуль даводзіцца жыць і працаваць тут, але прыйдзе час, калі гэты досьвед спатрэбіцца ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жую курыцу — падключаецца Ціханоўская». Фёдар Сумкін — пра жывы эфір. Відэа