У ноч на 12 жніўня паветраная трывога гучала некалькі разоў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны — з поўначы на поўдзень і з усходу на захад. Расея працягвае інтэнсіўныя штурмы ў Луганскай і Данецкай абласьцях і ўсё яшчэ рыхтуецца да «рэфэрэндумаў» на захопленых тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей. Украіна сьцьвярджае, што зьменаў у пазыцыях не было.
Ад расейскіх абстрэлаў найбольш разбурэньняў у жылым сэктары
За мінулыя содні ад абстрэлаў пацярпелі Мікалаеў, Мікалаеўскі і Баштанскі раён вобласьці, Марганец Днепрапятроўскай вобласьці, Харкаў і Харкаўская вобласьць.
У Харкаўскай вобласьці загінуў адзін чалавек і яшчэ тры параненыя, паведамляюць мясцовыя ўлады.
Паводле ўкраінскіх уладаў, паўсюль расейскія снарады пераважна цэляць у цывільныя, а не вайсковыя аб’екты. Таксама ўкраінскія ўлады паведамляюць пра шматлікія пажары, справакаваныя абстрэламі, — гараць разбураныя жылыя будынкі, сухая трава, лес і сельскагаспадарчыя палеткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня можа рэалізаваць перавагу ва ўзбраеньні на полі бою. Украіна працягвае зьнішчаць камандныя пункты расейцаў на поўдніАд пачатку вайны ва Ўкраіне загінула 361 дзіця
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў 12 жніўня, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінула 361 дзіця і яшчэ 706 параненыя.
Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Мікалаеўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцях.
Абстрэламі расейскія войскі пашкодзілі 2 321 адукацыйную ўстанову, зь якіх 286 цалкам зьнішчана.
На ўсходзе Ўкраіна адбівае атакі расейцаў
У Луганскай вобласьці, як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай, расейцы восем разоў атакавалі з паветра і на зямлі, спрабуючы прарваць абарону ўкраінцаў каля 14 паселішчаў вобласьці, але мусілі адысьці на раней занятыя пазыцыі.
У Данецкай вобласьці, згодна з паведамленьнямі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, расейцы таксама вялі наступальныя баі на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках, але посьпеху ня мелі і таксама мусілі адысьці на ранейшыя пазыцыі. Моцныя баі працягваюцца каля паселішча Пяскі.
Паводле цывільных уладаў Данеччыны, за мінулыя содні ў рэгіёне загінулі 7 мірных жыхароў і яшчэ 14 параненыя.
Улады надалей заклікаюць мясцовых жыхароў тэрмінова эвакуавацца ў найбольш бясьпечныя вобласьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі «Энэргаатам» паведаміў пра новыя абстрэлы Запароскай АЭС расейскімі вайскоўцаміВа Ўкраіне асьцерагаюцца, што Расея можа падарваць Запароскую АЭС
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў не выключае, што расейцы могуць падарваць Запароскую АЭС.
«Гэта найбольшая АЭС у Эўропе, там шэсьць энэргаблёкаў стаіць. А што мы мусім сёньня рабіць, калі яе захапілі ўзброеныя тэрарысты, нагналі туды тэхніку. Калі мы цяпер пачнем „высьвятляць зь імі адносіны“, то існуе імавернасьць, што яны ўхваляць рашэньне яе падарваць», — заявіў Аляксей Данілаў у эфіры ўкраінскага радыё «НВ».
Міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што ўкраінскія праваахоўныя падразьдзяленьні рыхтуюцца да розных сцэнароў вакол Запароскай АЭС. Паводле яго, расейцы не дапускаюць украінскіх спэцыялістаў на ўчасткі іхнай адказнасьці.
«Як вядома, на тэрыторыі станцыі сёньня знаходзіцца вайсковая тэхніка Расеі. Усё гэта ацэньваецца як найвышэйшы ўзровень пагрозы», — перакананы міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнікі Рады Бясьпекі ААН заклікалі тэрмінова адправіць місію МАГАТЭ на Запароскую АЭСАэрадром «Сакі» у Крыме застаецца дзейсным
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджае, што ў выніку выбухаў на аэрадроме «Сакі» ў Крыме зьнішчана прынамсі пяць бамбавікоў Су-24 (Fencer) і тры шматмэтавыя самалёты Су-30 (Flanker-H). Але аэрадром, імаверна, застаецца працаздольным.
«Страта васьмі баявых самалётаў — нязначная частка ўсяго авіяпарку, якія Расея можа выкарыстоўваць для падтрыманьня вайны. Аднак „Сакі“ у асноўным выкарыстоўваліся як база авіяцыі Чарнаморскага флёту Расеі. Магчымасьці марской авіяцыі флёту цяпер істотна пагоршыліся», — мяркуюць брытанскія выведнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: адначасовасьць выбухаў у Крыме выключае афіцыйную вэрсію Крамля