«Прапаганда — зьява, якую цяжка вылавіць». Экспэрт раіць, як чытаць навіны

Ілюстрацыя

Як распазнаць прапаганду? Ці ёсьць адмысловыя мэтодыкі? На просьбу Свабоды экспэртка ў мэдыяпісьменнасьці тлумачыць, як знаходзіць інфармацыю, якой варта давяраць.

1. Прапаганда — зьява, якую цяжка вылавіць. Але можна

«Існуюць мэтодыкі, як у інфармацыйнай плыні „вылавіць“ прапаганду. Але ніводная зь іх не падобная на просты чэк-ліст: рабі раз, два, тры — і ты зразумееш, якому выказваньню можна давяраць, а дзе табе „ўпіхваюць“ сумнеўныя ідэі.

Прапаганда — зьява, якую цяжка вылавіць. У паняцьця многа азначэньняў. Напрыклад, ёсьць устойлівая фраза „прапаганда здаровага ладу жыцьця“. Яна звычайна непрыемных асацыяцыяў не выклікае. І ўсё ж можна адрозьніць прапагандысцкі артыкул аб шкодзе курэньня ад навуковай публікацыі аб узьдзеяньні нікатыну на здароўе.

Прапагандыст, адрозна ад дасьледніка, будзе тлумачыць максымальна проста. Прыкметай прапагады ёсьць строгая накіраванасьць на вынік — зьмяніць погляды чытачоў.

Распазнаць прапаганду тут можна паводле тых жа крытэраў, па якіх у школе вучаць распазнаваць публіцыстычны стыль: у такім тэксьце ёсьць эмацыйная лексыка, ацэначныя словы, гучаць эмацыйныя аргумэнты, шмат розных публіцыстычных прыёмаў накшталт рытарычных пытаньняў, паўтораў, паралельных канструкцыяў.

Напрыклад: з двух загалоўкаў, якія ідуць адзін за адным у рубрыцы „Грамадзтва“ на рэсурсе „Млын“: „Самая крэатыўная моладзь сабралася на абласным турыстычным зьлёце ў Бярэзінскім раёне“ і „Ва Ўзьдзе адкрылі новы будынак аддзелу МНС“ большую канцэнтрацыю прапаганды абяцае першы загаловак.

У ім ёсьць ацэначная характарыстыка „самая крэатыўная“. Сапраўды, пад загалоўкам ідзе фотарэпартаж, аўтары якога падкрэсьліваюць сувязь крэатыўнасьці і выкарыстаньня дзяржаўнай сымболікі, дэманстрацыі „патрыятызму“ і не паведамляюць нічога канкрэтнага.

Другі ж загаловак адносіцца да тэкставай публікацыі з аповедам пра рэальныя зьмены ў жыцьці ратавальнікаў. У артыкуле таксама шмат ацэнак — бяз гэтага прапагандысцкі рэсурс проста ня можа. Але праграма акцыі і гісторыя новага будынку пададзеныя дэталёва, у апісанай падзеі шмат сьведак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азаронак „топіць“ на БТ, Бондарава прыходзіць на экскурсіі асабіста». Як рэжым цісьне на экскурсаводаў

2. «Сем інструмэнтаў прапаганды» — як іх выкарыстоўваюць і якая ад іх «кантрацэпцыя»

«Сьпісаў „інструмэнтаў прапаганды“ ёсьць нямала. Мабыць, самы вядомы — гэта „Сем інструмэнтаў прапаганды“: bandwagon („бок пераможцаў“), card stacking (падтасоўка картаў), glittering generalities (бліскучыя абагульненьні), name calling (абразы), plain folks („просты народ“), testimonial (сьведчаньні), transfer (перанос значэньняў).

Напрыклад, bandwagon (бок пераможцаў) — гэта калі прапагандысты эксплюатуюць наша імкненьне належаць да добрай кампаніі. Калі цябе пераконваюць, што так робяць „усе сапраўдныя жанчыны“ або „ўсе прасунутыя карыстальнікі“.

Glittering generalities (бліскучыя абагульненьні) — гэта туманныя высакамоўныя эпітэты, якія злучаюць аб’ект, які прасоўваюць, з ключавымі каштоўнасьцямі аўдыторыі.

Сьляды выкарыстаньня інструмэнтаў прапаганды сапраўды можна знайсьці ў тэкстах, аўтары якіх хлусяць і маніпулююць. Але ўсё гэта бывае і ў публіцыстычных выказваньнях, стваральнікі якіх абапіраюцца на дакладныя факты, толькі падаюць іх горача і палымяна.

„Зь вераю гэтаю мы зможам ператварыць дысананс нязгоды ў нашай нацыі ў выдатную сымфонію братэрства“, — словы знакамітай прамовы Марціна Лютэра Кінга аб пераадоленьні расавай няроўнасьці ілюструюць, што такое „бліскучае абагульненьне“.

Такім чынам, наяўнасьць гэтых інструмэнтаў паказвае, што аўдыторыю спрабуюць пераканаць у нечым, але не заўсёды азначае падспудныя маніпуляцыі. Ацэньваць, якім чынам і навошта нас пераконваюць, мусім дадаткова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі дзяржаўных беларускіх СМІ наведалі акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку Марыюпаль. Фатафакт

3. Як звычайнаму чытачу распазнаць хлусьню ў тэксьце

«Найбольшае непрыманьне выклікае прапаганда ў самым брутальным сэнсе — калі спробы пераканаць абапіраюцца на адкрытую хлусьню. Распазнаць такога роду прапаганду можна, выкарыстоўваючы мэтады фактчэкінгу. Але і ў іх ёсьць абмежаваньне: добры фактчэкінг забірае час і не зьмяшчаецца ў расклад звычайнага жыцьця. Гэта значыць, што ім карыстаюцца пераважна прафэсіяналы, якія працуюць з інфармацыяй.

Аднак звычайны грамадзянін можа запазычыць адсюль разумную ідэю: заўсёды ацэньваць тэкст у яго кантэксьце. Задумвацца аб рэпутацыі аўтараў, пра тое, чаму ім выгадна распаўсюджваць менавіта такую інфармацыю, на фоне якіх падзеяў у краіне і сьвеце гэтая інфармацыя зьявілася, ці на якасным рэсурсе апублікавана паведамленьне».

4. Ці варта зусім адмовіцца ад чытаньня навін?

«Цалкам адмовіцца ад навін, я думаю, нерэальна. Хоць верыць на сто адсоткаў сапраўды ня варта нікому — хлусяць ня ўсе, але ўсе ў той ці іншай меры перадузятыя.

Калі вы адмовіцеся ад навін са СМІ, яны да вас прыйдуць у пераказе родных і сяброў. І давядзецца выпрацоўваць здаровы скептыцызм у адносінах ня толькі да тэксту, але і да блізкіх людзей. Гэта больш складана. Таму разьвіваць уменьне крытычна ацэньваць кантэнт вельмі важна, каб не апынуцца заўтра сярод бяздумных адэптаў якога-небудзь харызматыка.

Варта ўмець адрозьніваць факты ад меркаваньняў.

Факты — гэта паведамленьні, якія можна праверыць беспасярэднім успрыманьнем (напрыклад, «цяпер за акном ідзе дождж») альбо пацьвердзіць сьведчаньнямі кампэтэнтных крыніц, якія выкарыстоўваюць правераныя мэтады збору інфармацыі. Напрыклад, «як паведамляе Гідрамэтэацэнтар Беларусі, сёньня ў Менску выпала 10 мілімэтраў ападкаў».

Меркаваньні — гэта сьцьвярджэньні, якія нельга праверыць, якія абапіраюцца на асабістыя ацэнкі таго, хто гаворыць, — «ангельцы больш любяць туман, чым французы». Бываюць яшчэ псэўдафакты: вонкава тэкст падобны на дакладнае апісаньне падзеі, але праверыць, ці адбывалася яна, немагчыма, — «з словах брытанскіх вучоных, у Лёндане выпадае 30 мілімэтраў ападкаў кожны дзень».

Звычка ацэньваць, дзе факт, а дзе меркаваньне, ключавая для разьвіцьця здаровага скептыцызму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не вайна зь іншай думкай». Як блякавалі «Желтые сливы»

Другі складнік скептыцызму — звычайнае ўменьне чытаць, функцыянальная пісьменнасьць. Гэта значыць уменьне дакладна разумець напісанае, адрозьніваць яснае выказваньне ад заблытанага і ўмець «разблытаць» апошняе.

Напрыклад: артыкул у газэце «СБ — Беларусь Сегодня» з загалоўкам «Экспэрт заявіў пра стоадсоткавы рост цэн на харчаваньне ў Латвіі».

Загаловак вельмі падобны на тыя, якія даюцца звычайным навінам, якія паведамляюць пра рэальныя падзеі. Здаецца, што далей мусіць быць статыстычнае дасьледаваньне аб узроўні інфляцыі ў суседняй краіне. Аднак спасылак на тое, што зьбіраліся зьвесткі, хто праводзіў дасьледаваньне, у артыкуле няма. «Тое, што раней каштавала 2 эўра, цяпер можна купіць за 4. То бок мы бачым стоадсоткавы рост, гэта даволі сур’ёзна», — паведамляе прыцягнуты газэтай латвійскі палітоляг. Ён спасылаецца на свой досьвед, які нельга праверыць.

Асноўная прыкмета факту — прынцыповая правяральнасьць. Гэтае паведамленьне праверыць нельга. Перад намі асабістае меркаваньне жыхара Латвіі, які чамусьці названы экспэртам. Удумлівы чытач зразумее, што ён і не экспэрт, бо рабіць высновы аб інфляцыі можа эканаміст ці статыстык, не палітоляг.

Для праверкі такіх «фактаў» ёсьць і зусім просты маркер — брак спасылак. Часам у СМІ можна сустрэць артыкулы, якія складаюцца зь меркаваньняў замежных «экспэртаў» ці «палітыкаў». Але гэта нельга праверыць — ці сапраўды ён такое казаў, ці карэктны пераклад — спасылак ці няма, ці яны вядуць на галоўную старонку сайту замежнага выданьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ: зь Беларусі выехалі больш за 400 журналістаў, 29 знаходзяцца пад арыштам

5. Як навучыцца «дакладна разумець напісанае»

«Гэтаму можна навучыцца і ў айчыннай школе, калі праходзяць сынтакс беларускай або рускай мовы, у прыватнасьці, адносіны паміж часткамі складанага сказу. На жаль, нярэдка гэтыя ўрокі зводзяцца да навучаньня фармальнай клясыфікацыі сказаў. Але можна ж вучыцца і па-іншаму, усьведамляючы, як менавіта аўтар зьвязвае розныя тыпы сытуацыяў з дапамогай сынтаксычных канструкцыяў, як выказаць тыя ж лягічныя адносіны больш выразна і такім чынам лепш зразумець пазыцыю аўтара, ня даць навязаць яе незаўважна.

У гэтай частцы самаадукацыі, нават без апоры на тэорыю сынтаксу, карысна пераказваць складаныя фразы сваімі словамі, перабудоўваючы і спрашчаючы. Тады сутнасьць таго, што даносіць нам аўтар, робіцца ясьнейшаю.

Вернемся да артыкула пра інфляцыю ў Латвіі. Ён пачынаецца так: „Прыбалтыка дорага плаціць за антырасейскія санкцыі. Так, у Латвіі назіраецца стоадсоткавы рост цэнаў на харчаваньне, на фоне чаго звычайны чалавек задумваецца, як перажыць зіму“.

Другая фраза тут вельмі заблытаная. Адзін параўнальна кароткі сказ зьмяшчае адразу чатыры паведамленьні: у Латвіі растуць цэны, гэты рост нехта назірае, гэта дае нагоду, каб „звычайны чалавек“ задумаўся, той жа „звычайны чалавек“ хвалюецца за сваё выжываньне зімой.

Паміж часткамі выказваньня пра цэны і пра „звычайнага чалавека“ — найменш ясная з магчымых бяззлучнікавая сувязь. У паведамленьні пра рост цэнў няма актыўнай дзейнай асобы: назоўнік „рост“ абазначае абстракцыю.

Калі разблытаць гэтую фразу, то атрымаецца вось што: звычайны жыхар Латвіі хвалюецца, ці перажыве ён зіму, бо нехта назірае, што цэны на харчаваньне растуць. Ці гэта лягічна? Гэта і ёсьць сыгнал, што аўтар спрабуе выдаць меркаваньне за абгрунтаваную ацэнку сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго дамагаецца прапаганда і як гэтаму супрацьстаяць. Відэагід ад Маляваныча і супольнасьці «Честные люди»

6. Калі прапаганда бывае карысная

«Яшчэ адзін кампанэнт „здаровага скептыцызму“ — ўсьведамленьне ўласных кагнітыўных скажэньняў, гатоўнасьць бачыць жаданае ў сапраўдным. Гэта ў прыродзе чалавека, бо кожнаму каштоўныя ягоныя перакананьні, кожны імкнецца давяраць аднадумцам, а не „ідэйным праціўнікам“. Але калі вы хочаце засьцерагчы сябе ад фанатычнай веры, варта знаёміцца і з аргумэнтацыяй праціўнікаў.

Калі вы бачыце, як падаецца навіна з розных пунктаў гледжаньня, вам прасьцей сфармаваць і свой уласны, незалежны. І яшчэ вы прынамсі можаце зразумець, ці ляжаць у аснове паведамленьня рэальныя падзеі. Калі „навіна“ абмяркоўваецца ў СМІ толькі аднаго боку спэктру — цалкам можа быць, што падзеі папросту не было».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку эўфарыя ад «імпэрскай велічы», потым — расчараваньне і апатыя. Калі настае стомленасьць ад вайны