У дакумэнце, апублікаваным на сайце Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС, гаворыцца, што ў басэйне вытрымкі першага блёку станцыі ў ліпені было разьмешчана 48 са 163 зборак. Выгружанае з рэактара адпрацаванае ядзернае паліва будзе там 10 гадоў.
Пасьля вытрымкі да парамэтраў, якія дазваляюць яго транспартаваць, адпрацаванае паліва перамесьцяць з будынку рэактара на назапашвальную пляцоўку або прыстанцыйны перагрузачны вузел, каб пасьля зьвезьці з тэрыторыі АЭС.
Яшчэ ў сакавіку 2011 году Менск і Масква дамовіліся, што адпрацаванае паліва БелАЭС падлягае вяртаньню ў РФ для перапрацоўкі.
У жніўні 2019-га Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў стратэгію абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам, паводле якой «прыярытэтным варыянтам» мае быць яго «перапрацоўка ў РФ зь вяртаньнем у Беларусь адкідаў, уключаных у шклопадобную матрыцу, з утрыманьнем радыенуклідаў цэзіева-стронцыевай фракцыі, з выключэньнем доўгатрывалых радыянуклідаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Росатом»: адбыўся фізычны пуск другога энэргаблёку Беларускай АЭС8 лістапада 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб супрацы пры транспартаваньні ядзерных матэрыялаў (набыло моц 31 траўня 2022 году).
У нацыянальным дакладзе сьцьвярджаецца, што «падрыхтаваны праект міжурадавага пагадненьня аб абыходжаньні з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС».
Беларускія чыноўнікі апошнімі гадамі ня раз анансавалі хуткае падпісаньне гэтага дакумэнту, без якога немагчыма адпраўляць адпрацаванае паліва ў РФ, але кожны раз гэтыя тэрміны не пацьвярджаліся.
У дакладзе адзначаецца, што «асноўныя элемэнты» дакумэнту «ўзгодненыя бакамі і цяпер праходзяць адміністрацыйныя працэдуры ўхваленьня». Пасьля падпісаньня і ратыфікацыі пагадненьня «будзе пачатая праца для рыхтаваньня кантрактаў, у якіх вызначыцца аб’ём супрацы і іншыя ўмовы ўвозу адпрацаванага ядзернага паліва ў Расейскую Фэдэрацыю, перапрацоўкі і вяртаньня ў Рэспубліку Беларусь радыяактыўных адкідаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы блёк зноў рамантуюць, а другі запускаюць. Што адбываецца на Астравецкай АЭС25 красавіка прэс-служба Міністэрства энэргетыкі паведаміла, што першы блёк БелАЭС «уведзены ў плянава-папераджальны рамонт», што азначала спыненьне яго працы. Міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч раней заяўляў, што працы зоймуць каля 80 дзён, аднак пасьля заканчэньня тэрміну абʼект так і не вярнулі ў сетку.
Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекту ВВЭР-1200. Генэральным праектавальнікам і падраднікам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ» — галоўная арганізацыя інжынірынгавага дывізіёну расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом».
Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі летась 10 чэрвеня.
У рэактар другога энэргаблёку 22 сьнежня 2021 года загрузілі ядзернае паліва, з чаго пачаўся этап яго фізычнага пуску. Камэрцыйнае выкарыстаньне блёку плянавалі пачаць да гэтага лета, аднак генэральны дырэктар «Росатому» Аляксей Ліхачоў ў выступе 26 красавіка ў Савеце Фэдэрацыі РФ выказаў надзею, што яго ўдасца здаць у прамысловую эксплюатацыю да канца 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве ўпершыню абраны спэцдакладчык у пытаньні аб абаронцах навакольнага асяродзьдзя. Пры чым тут Беларусь? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінэнерга расказалі, калі запусьцяць першы энэргаблёк БелАЭС. Ён не працуе з красавіка