Пра гэта Аўсяньнікава напісала ў сваім тэлеграм-канале.
Аўсяньнікаву затрымалі, паведаміў яе адвакат. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Раніцай 10 жніўня ў яе доме ў Маскве прайшоў ператрус.
15 ліпеня Аўсяньнікава зладзіла адзіночны пікет на фоне Крамля, разгарнуўшы плякат з надпісам «Пуцін — забойца, яго салдаты — фашысты» і фатаграфіямі загінулых ва Ўкраіне дзяцей. Тады яе не затрымлівалі.
Марына Аўсяньнікава стала вядомая ў сакавіку пасьля антываеннай акцыі ў жывым этэры праграмы «Время», у якой яна працавала. Тады яна падчас выпуску навін выйшла ў кадар з антываенным плякатам.
Суд аштрафаваў Марыну Аўсяньнікаву на 30 тысяч рублёў, прызнаўшы вінаватай у «арганізацыі альбо правядзеньні публічнага мерапрыемства без падачы апавяшчэньня».
Пасьля гэтага Аўсяньнікава звольнілася зь Першага каналу і некалькі месяцаў правяла за мяжой, у тым ліку ва Ўкраіне, ня раз асуджаючы вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніцу расейскага тэлеканалу, якая выбегла ў эфір з антываенным плякатам, аштрафаваліУ ліпені суд абавязаў журналістку выплаціць 50 тысяч рублёў з прычыны яе прамовы ў судзе падчас абраньня меры стрыманьня палітыку Ільлі Яшыну. Яе прызналі вінаватай у дыскрэдытацыі арміі. Тады Аўсяньнікава назвала вайну «самым жудасным злачынствам XXI стагодзьдзя».
8 жніўня суд аштрафаваў Аўсяньнікаву яшчэ на 40 тысяч расейскіх рублёў па справе аб дыскрэдытацыі арміі за пост у Фэйсбуку.
- Законы аб фэйках і аб дыскрэдытацыі арміі былі прынятыя неўзабаве пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. За распаўсюд фэйкаў можна атрымаць да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Дзеяньні, накіраваныя на дыскрэдытацыю арміі, зьдзейсьненыя ўпершыню, лічацца адміністрацыйным правапарушэньнем; за паўторную дыскрэдытацыю прадугледжана крымінальная адказнасьць — да пяці гадоў пазбаўленьня волі.