«Азаронак „топіць“ на БТ, Бондарава прыходзіць на экскурсіі асабіста». Як рэжым цісьне на экскурсаводаў

Мірскі замак. Ілюстрацыйнае фота.

Увечары 2 жніўня стала вядома пра затрыманьне ў Менску экскурсавода і журналіста Ігара Хмары. Яго імя зьявілася ў тэлеграм-канале «Сьпісы затрыманых», інфармацыю пра затрыманьне таксама пацьвердзілі недзяржаўныя СМІ.

За дзень да гэтага сілавікі з працоўнага месца забралі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віяполь» Галіну Патаеву. «Пакаяльнае відэа» зь яе ўдзелам зьявілася ў адным з тэлеграм-каналаў ГУБАЗіКу. Як стала вядома Свабодзе, гэта ня ўсе затрыманьні людзей з турыстычнай сфэры, якія адбыліся ў Беларусі ў першы тыдзень жніўня.

«Абвінавацілі ў нейкім рэпосьце»

Сярод затрыманых экскурсаводаў таксама супрацоўніца агенцтва «Віяполь» (імя ёсьць у рэдакцыі). Як паведамілі ў размове са Свабодай абазнаныя ў сытуацыі людзі, супрацоўніцу «Віяполю» затрымалі прыкладна ў тыя ж дні, што і Хмару з Патаевай. Што адбываецца з усімі чатырма цяпер — дакладна невядома. Прычыны затрыманьня экскурсавода зь «Віяполю» невядомыя.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы кажуць, што баяцца да нас ехаць». Дырэктарка турфірмы расказвае, што з турызмам у Беларусі

Затрымлівалі проста на экскурсіі

Як паведамілі Свабодзе адразу некалькі суразмоўцаў, менскага экскурсавода Ігара Хмару затрымалі проста падчас адной зь ягоных экскурсій, а дачыненьне да «аблавы» могуць мець прапагандыст Рыгор Азаронак і праўладная актывістка з Горадні Вольга Бондарава. Незадоўга да арышту Хмары і дырэктаркі «Віяполю» Галіны Патаевай Бондарава ў сваім тэлеграм-канале заклікала ўлады разабрацца зь «Віяполем».

«Усё пачалося, калі Азаронак зноў згадаў дзейнасьць экскурсаводаў на СТВ, — расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў сфэры турызму. — Гэта здарылася ня першы раз ужо ў эфіры ў яго, але зараз арышты пачаліся амаль адразу. І таксама экскурсаводы расказвалі, што Бондараву бачылі на экскурсіях у Менску. Яна сама на іх цяпер ходзіць».

Экскурсія, падчас якой меркавана быў затрыманы Ігар Хмара, адбылася ў менскай Серабранцы. Запісацца на яе мог кожны ахвотны праз сацсеткі, удзел быў бясплатны. Як паведамілі Свабодзе некалькі экскурсаводаў, і Хмара, і супрацоўніца «Віяполю» часта праводзілі свае экскурсіі па-беларуску і не падладжваліся пад прынятую цяпер афіцыйную дзяржаўную ідэалёгію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру, што пажыву ў вольнай Беларусі». Гісторыя стваральніка музэю з Наваградку, які ад перасьледу зьехаў за мяжу

«Ня можаш расказваць, што думаеш»

Як паведамілі Свабодзе некалькі экскурсаводаў, сытуацыя ў сфэры ўнутранага турызму ў Беларусі стала асабліва напружанай пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Гэтым летам у Беларусь прыяжджае заўважна больш расейскіх турыстаў, таму падчас экскурсій у Менску і іншых гарадах Беларусі экскурсаводы мусяць падбіраць словы.

«Здараюцца і нармальныя, адэкватныя людзі, — расказаў Свабодзе адзін з экскурсаводаў. — Часьцей гэта бывае, калі экскурсію замаўляе сямейная пара альбо невялікая група. Пра Ўкраіну мы, вядома, не размаўляем. Але ўсё адно заўважна становіцца, пра што можна гаварыць зь людзьмі, а пра што не. А вось калі вялікая група, і паездка некуды накшталт Берасьцейскай крэпасьці, то працаваць становіцца вельмі складана псыхалягічна. Ты ня можаш расказваць падчас экскурсій, што думаеш і як было насамрэч, бо ніколі не вядома, хто цябе слухае».

Пакуль пра выпадкі затрыманьня экскурсаводаў і супрацоўнікаў беларускай турыстычнай сфэры праз канфлікты з расейскімі турыстамі суразмоўцам Свабоды нічога не вядома. Затрыманьні супрацоўніц «Віяполю» і іншых экскурсаводаў яны зьвязваюць з унутрыбеларускімі справамі.

«Псыхалягічна становіцца цяжка працаваць, выходзіць на экскурсіі, — расказаў Свабодзе іншы суразмоўца. — Адчуваньне, што кола вакол цябе сьціскаецца. Што затрымаць могуць за любое ня так сказанае слова».

Сытуацыю ўскладняе тое, што для многіх невялікіх турыстычных фірмаў праца з экскурсіямі па Беларусі для беларусаў і расейцаў стала асноўнай крыніцай прыбыткаў. Турыстаў з Польшчы, Літвы ці іншых краін па-ранейшаму вельмі мала. Вазіць беларусаў у аўтобусныя ці іншыя туры за мяжу праблематычна праз складанасьці з атрыманьнем турыстычных візаў. Як стала вядома Свабодзе, менскія экскурсаводы масава адмаўляюцца ад зборных экскурсій. Стараюцца выбіраць толькі «правераныя» групы з турыстаў, якіх могуць параіць іншыя калегі-экскурсаводы.

«Прыходзіцца працаваць так, што рабіць, — кажа суразмоўца. — Трэба неяк зарабляць, хоць гэта і стала небясьпечным».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У БДУ зьбіраюцца адкрыць новую спэцыяльнасьць. Яна зьвязаная з турызмам