«Кату 18 з паловай гадоў, яму патрэбная дыета»
Чытачка Свабоды расказала гісторыю пра хворага ката, якому цяпер немагчыма купіць корм.
«У мяне 18,5-гадовы, з хворымі ныркамі ды падстраўнікавай залозай кот, якому патрэбная асобная вэтэрынарная дыета. Есьці ён згодны далёка не ўсё. Зьніклі халістычная кармы „Almo Nature“, якія ён добра еў, зараз даводзіцца зьмяняць ежу па некалькі разоў на тыдзень, каб ён пагадзіўся есьці, і даваць прымусова стымулятары апэтыту, што ніяк не паляпшае яго стан ды настрой. А калі гэтага не рабіць, ён пачне адмаўляцца ад ежы. Потым з голаду абвастрэньне панкрэатыту, зь якога мы яго ўжо ня выцягнем у яго стане ды ўзросьце», — апавядае гаспадыня ката.
Падабраць цяпер корм кату стала зусім складана, працягвае чытачка.
«Паспрабавалі зь дзясятак іншых кармоў, знайшлі некаторыя, якія ён есьць хоць неяк. Калі адмаўляецца ад аднаго (звычайна праз 3-7 дзён), даем іншы, ён пэўны час есьць яго, потым даем стымулятар (гэта чалавечы антыдэпрэсант, агідны на смак кату) — пачынае есьці пару дзён, потым усё зноў. Адзін з кармоў, якія ён есьць зараз, таксама пачаў зьнікаць, але мы пасьпелі зрабіць запас на паўгода. Разумеем, што кот дажывае апошнія месяцы і тут ужо нічога ня зробіш, але ж намагаемся, каб ён іх дажыў без пакутаў», — гаворыць гаспадыня ката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода ВУП Беларусі ўпаў на 4,2%«Амаль няма выбару кармоў найвышэйшага гатунку»
Яшчэ адна праблема хатніх гадаванцаў — няма найвышэйшага гатунку кармоў для сабак. Пра гэта паведамляюць чытачы.
«Практычна няма выбару кармоў для сабак катэгорыі holistic (гэта найвышэйшая катэгорыя), у прыватнасьці NOW! і GO практычна зьніклі ў Беларусі, швэдзкі Magnusson таксама спыніў пастаўкі. Ёсць праблема з прэпаратамі для наркозу», — кажуць гаспадары сабакі.
Таксама гаспадары сабак скардзяцца на брак кармоў заходняй вытворчасьці. Іх замянілі расейскімі.
«Няма кармоў Royal Canin заходняй вытворчасьці, ёсьць расейскай, і сабака іх есьць горш. Таксама зьнік корм Pro Plan для сабак з чульлівым страўнікам. Яго вырабляе кампанія Purina з ЗША», — скардзіцца гаспадыня сабакі.
Таксама гаспадары сабак скардзяцца, што зьнікаюць лекавыя кармы Hills і ёсьць перабоі з пастаўкай кармоў Josera.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпарацыя MARS адмовілася беларусізавацца — корм для катоў і сабак, жуйка і батончыкі для людзей будуць безь беларускай мовы на ўпакоўках«Зьніклі заходнія вітаміны для амфібіяў і рэптыліяў»
Таксама ўзьнікаюць праблемы з дадаткамі і прыладамі для ўтрыманьня больш экзатычных жывёлаў.
«Эўрапейскія і амэрыканскія тавары для рэптыліяў і амфібіяў (вітаміны і кальцый, УФ-лямпы) не пастаўляюцца цяпер у Расею, а ў выніку і ў Беларусь. У Беларусі ў заалягічных крамах прадаюцца УФ-лямпы толькі нізкай якасьці, няма выбару. Калі казаць пра вітаміны і кальцый, то сытуацыя падобная. Зараз яны даступныя толькі расейскай вытворчасьці, у нашых заакрамах прадаецца масавы прадукт нізкай якасьці. Яшчэ ў Беларусі можна дастаць сярэднюю якасьць расейскай вытворчасьці. Таксама зьявіліся зусім новыя фірмы, якія спрабуюць капіяваць амэрыканскія і эўрапейскія харчовыя дадаткі для рэптыліяў. Але пакуль іхныя тавары не правераныя гадамі, таму пра поўны пераход на іх цяжка сказаць», — кажа гаспадар.
У Беларусі кармы для жывёлаў таксама вырабляюць, іх робіць, напрыклад, Жабінкаўскі камбікормавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў. На гэтыя кармы водгукі розныя — некаторым жывёлам такі корм не ідзе, а некаторыя яго ядуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране могуць забараніць трымаць хатніх гадаванцаў