ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) — турэмная камэра, зь якой выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны ў дзень на прагулку. Падчас прагулкі забаронена стасавацца зь іншымі зьняволенымі. Перадачаў не прымаюць, спатканьні і званкі забароненыя. Алесь Пушкін правядзе ў такіх умовах 5 месяцаў, піша Вясна.
Пра жыцьцё мастака за кратамі нядаўна расказвала яго жонка Яніна ў інтэрвію «Народнай Волі»:
«Лісты ад Алеся даходзяць рэдка, прыкладна раз на месяц. Нядаўна адвезьлі яму харчовую перадачу, а сустрэчу забаранілі. Нейкія адміністрацыйныя кары вынесьлі за парушэньне рэжыму, і сёлета ўбачыць Алеся ня ўдасца. Працуе ён у прамысловай зоне, нейкі дрот раскручвае. Пра ўнутраны распарадак нічога ня кажа — відаць, забаронена. Могуць пазбавіць тэлефонных званкоў. Размаўляем зусім мала — хвіліны па тры. Са здароўем, здаецца, усё ў парадку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо вы здымаеце творы асобных аўтараў, альбо выставу закрыем зусім». Як улады перасьледуюць мастацтва
Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021-га.
30 сакавіка Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).
Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў». Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклу «Беларускі супраціў» і пэрфоманс, які ён правёў ва Ўкраіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алеся Пушкіна этапавалі ў калёнію «Воўчыя норы»