Сьцісла:
- Ціханоўская абвясьціла перамены ў сваёй дзейнасьці, стварыла новую структуру — Аб’яднаны пераходны кабінэт.
- Адна з функцый кабінэту — стварэньне мэханізму вырашэньня канфліктаў.
- Ціханоўская застаецца галоўнай фігурай апазыцыі зь вялізнымі паўнамоцтвамі.
- Прызначэньне міністра абароны кабінэту — гэта адказ на запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і мае спадзяваньні на сілавое вырашэньне беларускага канфлікту.
Многія ў сацыяльных сетках, а таксама некаторыя выступоўцы на гэтым форуме казалі, што трэба нарэшце сабрацца, каб супольна выпрацаваць стратэгію, плян перамогі. Павал Латушка казаў пра «гістарычныя рашэньні», якія павінна прыняць канфэрэнцыя.
У пэўным сэнсе канфэрэнцыя стала адказам на запыт апазыцыйнага электарату. Было шмат прэтэнзій на адрас Офіса Ціханоўскай. Маўляў, варта нешта рабіць, дзейнічаць больш рашуча, ладзіць нейкія перамены ў палітыцы. Ну вось сама канфэрэнцыя, стварэньне новай структуры — Аб’яднанага пераходнага кабінэту — стала спосабам задавальненьня гэтага попыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канфэрэнцыі ў Вільні Ціханоўская назвала склад пераходнага КабінэтуВідавочна, вялікая нарада ў Вільні стала адказам на прэтэнзіі з боку Валера Цапкалы і ягоных паплечнікаў, іншых крытыкаў Ціханоўскай. На канфэрэнцыі шмат гаварылася пра адзінства апазыцыі. Была нават сфармулявана задача з дапамогай гэтага форуму спыніць канфлікты і разлад. І дзеля гэтага, маўляў, якраз і трэба стварыць новыя структуры.
На мой погляд, сама задача спыніць канфлікты нерэальная ў прынцыпе. Бо ў жывым палітычным працэсе без канфліктаў не бывае, палітыка — гэта канфліктная сфэра паводле вызначэньня. Хутчэй варта ставіць задачу стварэньня мэханізму легальнага, легітымнага вырашэньня канфліктаў і пошуку кампрамісу. Менавіта гэтую ролю і павінен выканаць Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК). У яго ў якасьці намесьніка Ціханоўскай уключаны Павел Латушка. Магчыма, такім чынам ён задаволіць свае палітычныя амбіцыі. Часткова ў гэтым і палягае сэнс і зьмест цяперашняй канфэрэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская рэвалюцыя страціла жаночае аблічча?Праўда, поўнага аб’яднаньня дасягнуць не ўдалося. Каманда мужа і жонкі Цапкалаў не далучылася да Сьвятланы Ціханоўскай, а значыць, аказалася па-за межамі апазыцыйнага мэйнстрыму.
Ціханоўская ў заключным слове абвясьціла пра стварэньне АПК. Зь яе выступу вынікае, што кабінэт узначальвае яна. І менавіта Сьвятлана прызначае чальцоў ураду. Ва ўсялякім разе, да таго часу, пакуль не пачне працаваць Каардынацыйная Рада. А значыць, у любы момант можа любога ўрадоўца вызваліць ад пасады. То бок Ціханоўская застаецца галоўнай фігурай апазыцыі зь вялізнымі паўнамоцтвамі. Гэтая мадэль у нечым нагадвае амэрыканскую сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, дзе прэзыдэнт — адначасова і кіраўнік ураду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уся ўлада ўраду ў выгнаньні? Канфэрэнцыя «Новая Беларусь» вачыма аглядальнікаў СвабодыВялікі рэзананс на канфэрэнцыі выклікала прызначэньне адказным за абарону былога вайскоўца Валерыя Сахашчыка. Былі бурныя воплескі, доўгі выступ самога Сахашчыка. Гэта быў адказ яшчэ на адзін запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і мае спадзяваньні на сілавое вырашэньне беларускага канфлікту. І, дарэчы, першая панэль была прысьвечаная якраз гэтай тэме. Калі ёсьць запыт, то вось вам адказ — прызначэньне міністра абароны кабінэту. Якое ўжо там войска зможа ён арганізаваць — гэта іншае пытаньне. Але Офіс Ціханоўскай рэагуе на запыты. Можа, у гэтым і палягае сэнс дэмакратычнай палітыкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.