28 ліпеня палітзьняволенага, вядомага актывіста Паўла Вінаградава перавялі ў Аршанскую калёнію № 12, раней ён адбываў пакараньне ў Ваўкавыску. Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», у Паўла дыягнаставалі сухоты.
На тэрыторыі Аршанскай калёніі разьмешчаны мэдычны цэнтар для вязьняў, якія маюць такое захворваньне. Наш суразмоўца, праваабаронца Васіль Завадзкі — былы кіраўнік мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Займаў гэтую пасаду з 1998 па 2010 год. У сыстэме ДВП працаваў з 1986 году. Па яго словах, сухоты ў Беларусі дагэтуль сустракаюцца і на волі. Аднак збольшага ўсё ж на сухоты хварэюць вязьні калёній і турмаў.
«Увогуле сухоты — гэта турэмная хвароба, — кажа Васіль Завадзкі. — З шэрагу прычын. Цяпер зьняволеныя хварэюць на іх менш. Але, як бачым, такое ўсё ж здараецца. Гэта праблема. І яшчэ вельмі востра стаіць пытаньне лекаўстойлівых формаў сухотаў. Яны патрабуюць адмысловых лекаў, ад іх складана лячыцца. Я адсочваю сытуацыю з Паўлам Вінаградавым. Спадзяюся, лячэньне пройдзе добра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст Павал Вінаградаў ня выйшаў на волю пасьля 45 сутак арыштуЯк расказалі Свабодзе родныя некалькіх палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ўжо працяглы тэрмін, амаль ва ўсіх іх ёсьць пэўныя праблемы са здароўем, якія зьявіліся менавіта за кратамі. У першую чаргу — з зубамі і зрокам. Гэта выклікана ўмовамі ўтрыманьня і ежай. Як правіла, адміністрацыі СІЗА і калёній ня чыняць перашкодаў для мэдычных перадач і дазваляюць вязьням, у тым ліку палітычным, мець патрэбныя ім лекі. Пэўныя праблемы назіраліся толькі падчас эпідэміі каранавірусу, калі хворых было вельмі шмат. У тым ліку сярод супрацоўнікаў калёній і СІЗА.
«Праблема сьмяротнасьці ад сухотаў таксама існуе»
Паўла Вінаградава пасьля выяўленьня захворваньня шпіталізавалі ў Воршы, дакладнай інфармацыі пра ягоны стан няма. Па словах Васіля Завадзкага, акурат у Аршанскай калёніі найлепшыя ўмовы, каб лячыць сухоты. Лекі, якія там выкарыстоўваюць, не адрозьніваюцца ад лекаў, якімі лечаць хворых у шпіталях на волі, сьцьвярджае праваабаронца.
«Але ўсё адно, каб вылечыцца ад сухотаў, спатрэбіцца працяглы час, — кажа экспэрт. — Вельмі індывідуальна, але ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў нават. На ўліку дакладна прыйдзецца стаяць некалькі гадоў, правярацца пастаянна. Мне давялося працаваць у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў тады, калі быў пік захворваньня на сухоты. Мы кансультаваліся з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя. Яны прыяжджалі да нас, розныя мэтады лячэньня выкарыстоўвалі. Удалося зьбіць хвалю. Аднак праблема сьмяротнасьці ад сухотаў на сёньня таксама існуе. І даволі востра, бо сьмяротнасьць досыць высокая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрымэнт Вінаградава: Прыйшоў у суд з рэчамі, але атрымаў штраф 6 мільёнаў 300 тысячПа словах Васіля Завадзкага, сапраўдныя лічбы сьмяротнасьці ад сухотаў у сучаснай Беларусі, у тым ліку ў турмах, наўрад ці могуць быць вядомыя. Мэдычная статыстыка старанна хаваецца. Прычыны сьмерці часта пішуць другасныя, а не сапраўдныя. Напрыклад, памерлы ад сухотаў можа быць запісаны як памерлы ад сардэчнай недастатковасьці.
«Гаворачы пра высокі ўзровень мэдычнай дапамогі, я маю на ўвазе менавіта лекаваньне сухотаў, — удакладняе Васіль Завадзкі. — І менавіта лекаваньне ў Воршы. Ведаю, што ў іншых месцах вельмі вострая праблема недахопу турэмных мэдыкаў. У Воршы ёсьць кваліфікаваныя, вельмі дасьведчаныя дактары. Магчыма, яны ўжо сталага веку. Моладзь ня вельмі хоча працаваць у такіх месцах. Але ў некаторых калёніях, нават даволі вялікіх, былі пэрыяды, калі працаваў увогуле адзін лекар на ўсю калёнію. У 18-й так было, напрыклад».
«Толькі не сядзець і не маўчаць»
Што рабіць сваякам зьняволенага, альбо яму самому, калі ён зразумеў, што захварэў за кратамі? Васіль Завадзкі кажа, што ўсё насамрэч банальна.
«Трэба грукацца, трэба дабівацца мэдычнай дапамогі, — кажа ён. — Абавязкова трэба зьвяртацца па дапамогу. Калі ёсьць нейкія адмовы, то сваякам трэба ісьці да кіраўніцтва. Ісьці ў абласныя дэпартамэнты выкананьня пакараньняў. Урэшце, трэба ісьці ў Міністэрства аховы здароўя. Яны таксама адказныя за тое, што адбываецца са здароўем вязьняў. Гэта тая сытуацыя, калі трэба грукацца. Незалежна ад таго, палітвязень хварэе ці не палітвязень. Трэба абавязкова грукацца паўсюль. Бо сапраўды можа ісьці гаворка пра жыцьцё і сьмерць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дух сьмерці тут гуляе заўжды блізка». Беларускі добраахвотнік «Рыжы» пра псаваньне «Табакерак» і дранікі на фронцеВасіль Завадзкі раіць пры адмове ў мэдычнай дапамозе вязьню найперш пісаць заяву на імя кіраўніка калёніі, СІЗА альбо турмы. Пасьля гэтага можна зьвяртацца вышэй, альбо наўпрост у пракуратуру, і патрабаваць аказаньня дапамогі хвораму там.
«Толькі не сядзець і не маўчаць, — раіць Завадзкі. — Бо адміністрацыя будзе казаць — ціха, ціха, мы разьбяромся. Ня дай бог вы пойдзеце да журналістаў. Нікому нічога не расказвайце. Але ўсё наадварот, насамрэч. Толькі розгалас дапаможа ўратаваць хворага. Нельга сядзець і маўчаць. Сама па сабе хвароба ня зьнікне».