Выданьне «Вести Крым» са спасылкай на відавочцаў паведаміла пра «сэрыю выбухаў у раёне вайсковага аэрадрому ў Навафёдараўцы» і апублікавала фатаграфіі і відэа здарэньня.
Тэлеграм-канал «Mash на хвалі», таксама са спасылкай на відавочцаў, паведаміў, што «гараць склады з боепрыпасамі і ўзьлётная паласа ў Навафёдараўцы». Выданьне публікуе відэа здарэньня. «Першы выбух раздаўся каля 15:20, усяго паведамляюць аб дзесяці. Папярэдне, пашкоджаныя суседнія дамы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Мінабароны Расеі пацьвердзіла выбухі ў Навафёдараўцы. Паводле ведамства, адбылася дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў. Паведамляецца, што ніхто не пацярпеў, а тэхніка не была пашкоджаная.
Дарадца прызначанага Масквой кіраўніка Крыму Алег Кручкоў пацьвердзіў некалькі выбухаў у раёне Навафёдараўкі на аэрадроме ў Сацкім раёне, піша BBC.
«Пакуль магу пацьвердзіць толькі сам факт некалькіх выбухаў у раёне Навафёдараўкі. Прашу ўсіх пачакаць афіцыйных паведамленьняў і не пладзіць вэрсіі», — напісаў Кручкоў.
Пяць чалавек, у тым ліку дзіця, пацярпелі пры надзвычайным здарэньні ў Сацкім раёне Крыму, аднаму з пацярпелых праводзіцца апэрацыя, паведамляе кіраўнік Міністэрства аховы здароўя рэгіёну, піша ТАСС.
Пазьней стала вядома, што ў выніку выбухаў у Навафёдараўцы адзін чалавек загінуў. Пра гэта заявіў прызначаны Масквой кіраўнік акупаванага Крыму Аксёнаў. Мясцовыя ўлады заявілі, што колькасьць пацярпелых вырасла да 7 чалавек, сярод іх двое дзяцей.
З прылеглых да аэрадрому дамоў у Навафёдараўцы, дзе адбыліся выбухі, пачалі эвакуаваць жыхароў. Іх расьселяць у пансіянатах і гасьцініцах, ужо эвакуавалі каля 30 чалавек, паведаміў дарадца кіраўніка Крыму Алег Кручкоў, піша РБК.
Кіраўніца Сацкага раёну Вікторыя Казьмірава пацьвердзіла, што выбухі адбыліся менавіта на аэрадроме: «У нас аэрадром выбухае. Выбухі на аэрадроме. Тут усё шкло павыбівала».
Пры гэтым прарасейскі вайсковы карэспандэнт Юры Кацянок піша, што выбухаў было каля дзесяці. «За 20 км ад Навафёдараўкі дрыжаць шкло і спрацоўвае сыгналізацыя ў аўтамабілях», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
На месца здарэньня таксама выехаў прызначаны расейскімі ўладамі кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў.
Амэрыканскае выданьне The New York Times працытавала ананімнага высокапастаўленага ўкраінскага вайскоўца, паводле якога за выбухамі стаяць украінскія сілы.
Тым часам Міністэрства абароны Ўкраіны выдала жартаўлівую заяву ў сацсетках:
«Мінабароны Украіны ня можа высьветліць прычыну ўзгараньня, аднак нагадвае пра правілы пажарнай бясьпекі і забарону курэньня ў неўстаноўленых месцах...
Факт пажару можа быць выкарыстаны краінай-тэрарыстам у інфармацыйнай вайне. Не выключаем, што акупанты „выпадкова“ знойдуць якія-небудзь характэрныя „шэўрон“, „візытоўку“ ці нават „ДНК“».
Міністар у пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук так пракамэнтавала выбухі ў Навафёдараўцы:
«Сёньня — Міжнародны дзень карэнных народаў. Ва Ўкраіне такімі лічацца крымскія татары, караімы і крымчакі. А сёньняшнія выбухі ў Навафёдараўцы — чарговы напамін аб тым, чый Крым. Таму што гэта Ўкраіна!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заклікалі іншаземцаў пры плянаваньні паездак ва Ўкраіну ўлічваць умовы небясьпекі з прычыны вайны