8 жніўня ўвечары былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што супрацоўнікі ФБР правялі ператрус у яго рэзыдэнцыі Мар-а-Лага ў Флорыдзе, у тым ліку, адчынілі яго асабісты сэйф. Дональд Трамп у гэты час знаходзіўся ў Нью-Ёрку.
Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША пакуль афіцыйна не камэнтавала гэтае паведамленьне, але амэрыканскія СМІ, спасылаючыся на свае крыніцы, пішуць аб тым, што аб’ектам увагі ФБР сталі службовыя дакумэнты, у тым ліку сакрэтныя, якія былы прэзыдэнт узяў з сабой, пакідаючы Белы дом. Згодна з законам, яны зьяўляюцца дзяржаўнай уласнасьцю і Нацыянальны архіў ЗША на працягу доўгага часу патрабаваў вярнуць дакумэнты. Частка зь іх была вернутая. Аднак некалькі месяцаў таму Нацыянальны архіў зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру, абвінаваціўшы Дональда Трампа ў адмове перадаць усю дакумэнтацыю.
Як піша New York Times, каб атрымаць ордэр на вобшук, ФБР павінна было пераканаць судзьдзю, што ў сьледчых ёсьць падставы верыць, што яны расьсьледуюць патэнцыйныя злачынныя дзеяньні. Па словах экспэртаў, калі ў распараджэньні былога прэзыдэнта неабгрунтавана знаходзіліся сакрэтныя дакумэнты, то гэта можа кваліфікавацца як злачыннае дзеяньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія Сэнату: Трамп «хлусіў», гаворачы аб фальсыфікацыі выбараў 2020 годуРасьсьледаваньне, зьвязанае з дакумэнтамі, не адзінае ў дачыненьні да былога прэзыдэнта ЗША Трампа. У апошні час зьявіліся паведамленьні аб тым, што Генэральная пракуратура пашырыла расьсьледаваньне, зьвязанае са спробамі Дональда Трампа паўплываць на працэдуру зацьвярджэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года, свой пройгрыш на якіх ён адмаўляўся прызнаць.
Дональд Трамп асудзіў дзеяньні ФБР:
«Нічога падобнага ніколі не адбывалася з былымі прэзыдэнтамі ЗША. Гэты рэйд на мой дом, які адбыўся нягледзячы на тое, што мы супрацоўнічалі з адпаведнымі дзяржаўнымі службамі, не быў неабходным ці дарэчным».
Кіраўнік рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін Макарці папярэдзіў, што дзеяньні пракуратуры ў дачыненьні да былога прэзыдэнта стануць абʼектам расьсьледаваньня, калі рэспубліканцы атрымаюць большасьць у Кангрэсе на выбарах у лістападзе гэтага года.
Будучы прэзыдэнтам Дональд Трамп праводзіў значны час у сваёй рэзыдэнцыі ў Мар-а-Лага, частка якой выкарыстоўваецца як гольф-клуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп ведаў пра зброю ў нападнікаў на Капітолій, хацеў да іх далучыцца і сварыўся са сваёй аховай, — былая супрацоўніца Белага дома