Намесьніка кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі ў Новай Кахоўцы ва Ўкраіне затрымалі па падазрэньні ў бандытызьме

Першы намесьнік кіраўніка расейскай адміністрацыі гораду Новая Кахоўка ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны Віталь Яфіменка затрыманы расейскай паліцыяй па падазрэньні ў бандытызьме.

У яго канфіскавалі зброю і дзясяткі мільёнаў рублёў. Пра гэта паведаміла газэта «Коммерсант» са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Расеі.

Часовае ўпраўленьне МУС Расеі па Херсонскай вобласьці заяўляе, што паліцыянты выйшлі на Яфіменку, расьсьледуючы два напады на мясцовых бізнэсоўцаў. Сьцьвярджаецца, што ў выніку расьсьледаваньня затрыманыя чальцы ўзброенай банды, у якую ўваходзіў і Яфіменка. Колькі чалавек затрымана — не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Новай Кахоўкі ва Ўкраіне памёр пасьля замаху, — ТАСС

Яфіменка — мясцовы бізнэсовец. Пасьля таго як Херсонскую вобласьць захапілі расейскія войскі, ён быў прызначаны ў акупацыйную адміністрацыю Новай Кахоўкі. У пачатку жніўня на яго быў учынены замах. Украінскія СМІ, у прыватнасьці «24 канал», тады паведамлялі, што расейскі чыноўнік вядомы ў рэгіёне як крымінальны аўтарытэт, крыніца інфармацыі не называлася.

6 жніўня яшчэ адзін расейскі намесьнік кіраўніка Новай Кахоўкі Віталь Гура быў забіты ў выніку замаху. За дзень да гэтага паведамлялася аб атручэньні кіраўніка расейскай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Ўладзіміра Сальда.