Кіраўнік МАГАТЭ папярэдзіў пра рызыку «ядзернай катастрофы» на Запароскай АЭС

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марыяна Гросі

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі Рафаэль Марыяна Гросі выказаў сур’ёзную занепакоенасьць абстрэлам Запароскай АЭС, заявіўшы, што гэта павялічвае рызыку «ядзернай катастрофы».

«Я надзвычай занепакоены ўчорашнім абстрэлам найбуйнейшай атамнай электрастанцыі ў Эўропе, які падкрэсьлівае цалкам рэальную небясьпеку ядзернай катастрофы, якая можа пагражаць здароўю насельніцтва і навакольнаму асяродзьдзю ва Ўкраіне і за яе межамі», — цытуе Гросі прэс-служба МАГАТЭ.

Увечары 6 жніўня Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Юсаў заявіў падчас тэлемаратону, што расейскія войскі замінавалі тэрыторыю энэргаблёкаў Запароскай АЭС.

Кіраўнік МАГАТЭ заклікаў усе бакі канфлікту праяўляць «максымальную стрыманасьць» каля ядзернай пляцоўкі.

Паводле яго, «надзвычай важна», каб агенцтва атрымала доступ да АЭС «каб гарантаваць тэхнічную падтрымку ядзернай бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Валынскай і Ровенскай абласьцях Украіны распрацавалі пляны эвакуацыі на выпадак уварваньня з боку Беларусі

Гросі заявіў, што ваенныя дзеяньні паблізу атамнай станцыі «абсалютна непрымальныя і іх трэба пазьбягаць любой цаной».

«Любая ваенная сіла, накіраваная на абʼект або з абʼекту, будзе раўназначная гульні з агнём з патэнцыйна катастрафічнымі наступствамі», — падкрэсьліў кіраўнік МАГАТЭ.

5 жніўня Запароская АЭС ва ўкраінскім Энэргадары трапіла пад абстрэлы. Украінскі і расейскі бакі ўсклалі адказнасьць за іх адзін на аднаго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расея стварае ўдарную групоўку для захопу Крывога Рогу і нанесла ўдары побач з Запароскай АЭС

Украінская кампанія «Энэргаатам» паведаміла, што расейскія войскі нанесьлі некалькі ўдараў побач з прамысловай пляцоўкай Запароскай АЭС, у выніку абстрэлу пацярпела электрычная падстанцыя «Луч». Таксама, паводле «Энэргаатаму», удары трапілі на пляцоўку АЭС каля аднаго з энэргаблёкаў, дзе знаходзіцца ядзерны рэактар. Былі пашкоджаныя азотна-кіслародная станцыя і аб’яднаны дапаможны корпус. У паведамленьні «Энэргаатаму» сьцьвярджаецца, што перад абстрэлам прадстаўнікі расейскай кампаніі «Росатом» пакінулі станцыю.

Прадстаўнікі прызначанай Расеяй адміністрацыі Запароскай вобласьці заявілі, што тэрыторыю АЭС абстралялі ўкраінскія войскі.