СБУ падазрае ў здрадзе ўкраінскага былога вайсковага выведніка. Падчас ператрусу ён страляў у сьледчых

Затрыманы СБУ былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня разьведкі

Служба бясьпекі Ўкраіны падазрае ў дзяржаўнай здрадзе былога намесьніка кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца на сайце СБУ.

Паводле сьледзтва, ён быў завэрбаваны ў 2014 годзе і перадаваў расейскім спэцслужбам сакрэтную інфармацыю аб вайскова-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і дзеяньнях вайскоўцаў. Па заданьні расейскага боку намесьнік кіраўніка ГУР зьбіраў сакрэтную інфармацыю ў Мінабароны і Нацыянальнай акадэміі Сухапутных войскаў імя Сагайдачнага, гаворыцца ў паведамленьні.

Расею, як сьцьвярджаецца, цікавілі зьвесткі пра дзейнасьць стратэгічна важных аб’ектаў вайскова-прамысловага комплексу Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Крэмль разьлічваў на сетку сваіх таемных агентаў ва Ўкраіне

Генэрал-маёра затрымалі ў пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Падчас ператрусу па месцы працы падазраваны страляў у сьледчых СБУ зь пісталета Макарава. Суд адправіў яго пад варту бяз права ўнясеньня закладу. Апроч артыкула аб дзяржаўнай здрадзе яму ставяць у віну замах на жыцьцё супрацоўніка праваахоўнага органа і незаконнае захоўваньне зброі.

Пасаду намесьніка кіраўніка ГУР ён займаў з 2008 па 2010 гады. Затым працаваў на іншых пасадах у гэтым жа ўпраўленьні, пасьля чаго перайшоў у Дзяржаўнае касьмічнае агенцтва Ўкраіны, дзе займаў кіраўнічыя пасады.

«У поле зроку расейскіх спэцслужбаў ён трапіў праз свае пракрамлёўскія погляды, якія былі сфармаваныя падчас навучаньня ў часы СССР у Маскоўскай вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні і Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ», — гаворыцца ў паведамленьні.