Сілавікі часта затрымліваюць людзей, якія вярнуліся ў Беларусь. Прадстаўнік ByPol растлумачыў, як мінімізаваць такую рызыку

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

3 жніўня стала вядома пра затрыманьне двух беларусаў, якія прыехалі з Польшчы на радзіму ў госьці да сваякоў. Яшчэ раней сілавікі затрымалі супрацоўніцу EPAM, якая вярнулася ў Беларусь зь Літвы. У абодвух выпадках не было інфармацыі пра крымінальны ці адміністрацыйны перасьлед гэтых людзей.

Чаму сілавікі затрымліваюць людзей, якія вяртаюцца ў краіну праз два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Zerkalo.io даведалася ў экс-начальніка 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК, прадстаўніка ініцыятывы ByPol Аляксандра Азарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы з Карпянковым памяняемся месцамі — задаваць пытаньні буду я». Вялікая размова з прадстаўніком ByPol Аляксандрам Азаравым

На думку Азарава, сілавікі вядуць «справы апэратыўнага ўліку па пратэстах».

«Калі справа заводзіцца, у яе рамках адпрацоўваюцца тысячы людзей, якія могуць мець дачыненьне да ўдзелу ў пратэстах, — тлумачыць прадстаўнік ByPol. — Зьбіраюцца фота-і відэаматэрыялы па ўсіх акцыях, а праз Kipod, які належыць кампаніі Synesis, вызначаюцца канкрэтныя людзі. Калі гэты матэрыял зьбіраецца, пачынаецца праверка, дзе яны знаходзіліся ў той момант. Прабіваецца месцазнаходжаньне тэлефона. Зьбіраюцца зьвесткі, што чалавек сапраўды быў на вуліцы. Высьвятляецца, дзе ён цяпер, ці перасякаў мяжу. Сілавікі могуць правесьці яшчэ і „апэратыўную ўстаноўку“ — апытаць суседзяў, якія пацьвердзяць, што чалавек зьехаў і яго ўжо доўгі час ня бачылі. Адпаведна, на такога чалавека зьбіраецца матэрыял, ён ставіцца на кантроль перасячэньня мяжы».

Па словах Азарава, тэрмінаў гэтага кантролю няма.

«Спачатку тры месяцы, а потым яго могуць падаўжаць. Менавіта таму сілавікі могуць чакаць год ці два. А калі чалавек перасякае мяжу Беларусі, матэрыял на яго хутка зьбіраецца. Зьвесткі заносяцца ў адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў — і тады таго, хто вярнуўся на радзіму, едуць затрымліваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя пра затрыманьне яшчэ дваіх беларусаў, якія прыехалі на радзіму з Польшчы

Азараў дадае, што ў пратэстах удзельнічалі сотні тысяч людзей. І для таго, каб вызначыць большасьць зь іх, патрабуецца час. Менавіта з гэтай прычыны беларусы, якія зараз аказаліся затрыманыя, раней змаглі спакойна выехаць з краіны.

«Сілавікі працуюць у назапашвальным рэжыме: яны працягваюць вызначаць удзельнікаў паступова. Злачыннасьць у Беларусі расьце, але ёю ніхто не займаецца, таму што асноўная задача цяпер — гэта задушыць у краіне любыя пратэсты. Гэты працэс не спыняецца».

Чаму тых, хто вярнуўся, прапускаюць у Беларусь, а не затрымліваюць адразу на мяжы?

«Гэта зьвязана са зручнасьцю для сілавікоў, — тлумачыць прадстаўнік BYPOL. — Уявім, што чалавек перасякае мяжу ў непрацоўны час, ноччу ці раніцай. Супрацоўнік памежнай службы паведамляе аб гэтым апэратыўніку. Што яму рабіць? Так, ён мог бы прыехаць, але ён ужо знаходзіцца дома, адпачывае з жонкай. Яму трэба сабрацца, галодным ехаць на мяжу, браць службовую машыну...

А чалавек, які прыехаў, нікуды ня дзенецца: ён жа ня будзе хавацца ў лесе, а вернецца да сябе дадому. У такім выпадку апэратыўнік спакойна ўстане раніцай, зьбярэ матэрыял, зарэгіструе яго, пойдзе да пракурора атрымліваць санкцыю на ператрус ці агляд жыльля. На наступны дзень заплянуе затрыманьне зь ператрусам. Пасьля гэтага ўжо прыедзе да чалавека дадому».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»

«База беспарадкаў»

Аляксандр Азараў дадае, што ў сілавікоў існуе «База беспарадкаў». У яе заносяцца ўсе людзі, якія прыцягваліся паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў.

«Пры гэтым тыя грамадзяне, якія праходзяць у справах апэратыўнага ўліку, не знаходзяцца ні ў якіх базах. Іх могуць паставіць на ўлік ва ўнутраную базу МУС, але і гэта не абавязкова — зь ёй шмат праблем. У такім выпадку для кожнага чалавека, які праходзіць у справе, трэба запаўняць шмат дакумэнтаў. Таму часьцей за ўсё адбываецца так: сілавік вызначае сто чалавек, якіх трэба затрымаць. Раскладвае раздрукоўкі, якія пацьвярджаюць іх удзел у пратэстах, і чакае, пакуль людзі вернуцца дадому. Калі тыя вяртаюцца, усе гэтыя дакумэнты вымаюцца з апэратыўнага ўліку і рэгіструюцца. Работнік умоўнага МУС атрымлівае санкцыю — і ідзе працаваць.

Пры гэтым Азараў дадае, што для распазнаньня асобаў сілавікі працягваюць выкарыстоўваць тую ж сыстэму Kipod. Паводле яго, гэтая сыстэма ўсталяваная на кожным рабочым кампутары ў МУС і Сьледчым камітэце:

«Многія людзі расказвалі нам, што проста пры іх супрацоўнікі міліцыі правяралі ў гэтай сыстэме фатаздымкі і вызначалі іхныя асобы. Трэба разумець, што ў Kipod загружаюцца ўсе здымкі з акцыі пратэсту: як здымкі і відэа журналістаў, так і тое, што здымалі самі апэратыўнікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ехалі, бо думалі, што „ўжо ціха“». Як беларусы вяртаюцца з-за мяжы і трапляюць за краты

Чаму сілавікі не заводзяць крымінальных спраў загадзя, а чакаюць, калі чалавек вернецца ў краіну?

Па словах экс-супрацоўніка ГУБАЗіК, міліцыя не зацікаўленая ў тым, каб абвяшчаць у вышук чалавека і адкрываць справу, якая будзе «вісець».

«Калі справа прыпыненая, гэта лічыцца дрэнным паказчыкам у працы. Калі чалавек у вышуку, ён гэта ведае. На яго заводзіцца крымінальная справа, апытваюцца ягоныя сваякі, удакладняецца месцазнаходжаньне. Сваякі пацьвярджаюць, што чалавек за мяжой. Адпаведна, ён у курсе і назад дакладна ня вернецца, — тлумачыць Азараў. — Калі ж справа не заводзіцца, то чалавек застаецца ў няведаньні. Усё адбываецца негалосна. Ён думае, што знаходзіцца ў бясьпецы, і спакойна прыяжджае ў Беларусь. Тады яго і затрымліваюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта пачатак жалезнай заслоны». Чым абернуцца новыя абмежавальныя захады на выезд зь Беларусі