«Сяброўства Фінляндыі і Швэцыі яшчэ больш умацуе NATO, што зьяўляецца вельмі актуальным на фоне расейскай агрэсіі, на фоне амаральнай і несправядлівай пуцінскай вайны ва Ўкраіне. Пуцін умацоўвае саюз NATO, што найлепшым чынам дэманструе магутная падтрымка дамовы Сэнатам», — заявіў кіраўнік дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумер. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў гэтае рашэньне дэманстрацыяй глыбокай прыхільнасьці абедзьвюх партый падтрымцы NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Турэччыны прыгразіў адмовай у ратыфікацыі пагадненьня аб пашырэньні NATO, калі Швэцыя ня выдасьць 73 чалавекХоць такое рашэньне Сэната чакалася, блізкая да аднадушнай падтрымка пашырэньня NATO за кошт Фінляндыі і Швэцыі прадэманстравала, што ізаляцыянісцкія тэндэнцыі, прыкметныя ў Рэспубліканскай партыі ў прэзыдэнцтва Дональда Трампа, пра чыё скептычнае стаўленьне да NATO было добра вядома, — справа мінулага. Як піша New York Times, амаль ніхто з рэспубліканцаў не выказаў сумненьняў наконт узяцьця на сябе абавязацельстваў па сумеснай абароне з краінай, у якой працяглая мяжа з Расіяй. Газэта адзначае, што чацьвёра зь пяці сэнатараў-рэспубліканцаў, якія, як чакаецца, гатовыя змагацца за партыйную намінацыю ў прэзыдэнты ЗША, прагаласавалі за гэтую дамову.
Ухваліць пагадненьне аб прыёме ў NATO двух новых членаў павінны ўсе 30 краін-членаў абарончага саюза. Адпаведнае рашэньне ўжо прынялі 23 краіны. Не зусім яснай застаецца пазыцыя Турцыі, якая абвінавачвала Швэцыю і ў меншай меры Фінляндыю ў тым, што яны даюць прытулак курдам, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі. Пагадненьне на гэты конт паміж Швэцыяй, Фінляндыяй і Турцыяй было дасягнута, але ў прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана ёсьць прэтэнзіі да выкананьня кандыдатамі ў NATO гэтага пагадненьня. Працэс прыёму двух новых чальцоў будзе, відаць, адным з самых хуткіх у сямідзесяцігадовай гісторыі NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі МЗС Фінляндыі і Швэцыі падпісалі пратаколы аб уступленьні ў NATO