Горадня: ідзе набор у першую клясу
Як напісала ў фэйсбуку карыстальніца Manunia Moja, пададзена першая заяўка ў беларускую першую клясу ў школе № 34.
Пакуль бракуе яшчэ 1-2 заявак для таго, каб клясу адкрылі. Ёсьць надзея, што ў Горадні ёсьць нямала бацькоў, чые дзеці па ўзросьце якраз плянуюць ісьці ў першую клясу і хочуць навучацца на беларускай мове.
Апошняя беларускамоўная школа ў Горадні зачынілася яшчэ ў 60-я гады ХХ ст. У 1990-я ў горадзе пачалі адкрываць беларускамоўныя клясы, якія складалі большасьць (~76%), піша тэлеграм-канал Haradzienski. Аднак з прыходам да ўлады Лукашэнкі і аднаўленьнем русыфікатарскай палітыкі ў галіне асьветы ў Горадні, як і ў большасьці іншых гарадоў краіны, амаль ня стала клясаў з навучаньнем на беларускай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзесяць непалітычных дасягненьняў Аляксандра Мілінкевіча. Сёньня ён адзначае 75 гадоўЗаслаўе: будучыня беларускай клясы ў гімназіі пад пагрозай
А вось у Заслаўі беларуская кляса можа зьнікнуць. Цяпер дзеці пойдуць у 3-ю клясу Заслаўскай гімназіі, але празь зьмяншэньне колькасьці навучэнцаў клясу могуць закрыць. Піша бацька адной з вучаніц Віктар Малышчыц:
«Пачыналі мы з 8 чалавек, аднак хто пераехаў у Менск, хто тэрмінова ўцёк ад перасьледу (журналісты), хто спакойна рэлякаваўся. У выніку нас засталося 4 чалавекі, і лічба можа яшчэ зьменшыцца.
Раптам вы жывяце ў Заслаўі ці побач і ў вас цудоўны сынок ці дачушка зьбіраецца ў трэцюю клясу — а давайце вы да нас?! Калі раптам раней дзіця вучылася па-расейску, гэта не перашкода для маладога мозгу. Я сам пайшоў у другую беларускую клясу пасьля першай расейскай, ды яшчэ і зь іншай краіны пераехаўшы. Месяца на адаптацыю хапіла.
Затое тут вас чакае цудоўная настаўніца Натальля Валер’еўна, беларускамоўны дырэктар, магчымасьць вучыцца ў Заслаўскай гімназіі, дзе клясы перапоўненыя і куды цяжка трапіць. І, вядома ж, практычна індывідуальны падыход да кожнага пры такой колькасьці вучняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як заставацца беларусам. Дзе пачытаць, паслухаць і паглядзець беларускае для самаадукацыіНовая Баравая: пошук беларускамоўнага настаўніка і вучняў у беларускую клясу
Як напісаў Глеб Ільюшка ў фэйсбуку, у Новай Баравой, што ў Менску, ідзе пошук беларускамоўнага настаўніка для 2-й клясы мясцовай школы.
У 1-ю клясу ў Новай Баравой не стае чацьвярых дзяцей, каб склаўся кворум і была створана беларускамоўная кляса.
«Мо хто ведае такіх бацькоў, хто пагадзіўся б аддаць. Пакуль набралі 16 дзяцей», — напісаў Ільюшка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загаварыць па-беларуску можна за два тыдні». Беларуска зь Літвы 30 гадоў вучыць беларускай мове іншаземцаў