Адміністрацыя СІЗА Горадзенскай турмы нумар 1 паведаміла, што 2 жніўня вязень Мікола Аўтуховіч выпіў гарбаты, а ўчора яму ставілі кропельніцу. Такую інфармацыю атрымалі сваякі вязьня.
2 жніўня, як стала вядома Свабодзе, Аўтуховіч адмовіўся ісьці на сустрэчу з адвакатам, бо ня меў сілы дайсьці. А на суд яго не прыводзяць, бо раней выдалілі за парушэньні, і болей не аднавілі яго на працэсе. Учора стала вядома, што яму перадалі адзін ліст ад маці. Ці будзе ён галадаваць далей, пакуль няясна. Паводле ягоных заяваў, ён ня спыніць галадаваньня, пакуль яму не пачнуць аддаваць лісты ад маці і іншых людзей.
Міколу Аўтуховіча не прыводзілі на судовае паседжаньне 28, 29 ліпеня, 1 і 2 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў спэцдакладчыкам ААН паведамленьне пра катаваньне падсудных у «справе Аўтуховіча»Вядома, што пасьля 10 дзён сухой галадоўкі стан вязьня рэзка пагоршыўся. Ён аслабеў, хадзіў напаўсагнуты, гаварыў ціха. У яго перасохлі вусны і язык, пачаліся моцныя болі ў жываце, ён ня мог сядзець на судзе ад болю, толькі ляжаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч схуднеў за час сухой галадоўкі на 20 кіляграмаў. Сёньня зь ім сустрэлася адвакатка26 ліпеня дачка Аўтуховіча паведаміла, што ён сурʼёзна аслабеў.
Адвакатка неаднаразова прасіла суд, каб ёй далі пабачыць свайго падабароннага. На гэта начальнік турмы заявіў ёй, што лекары тры разы на дзень абсьледуюць яго і ня выявілі незваротных зьмен у арганізьме.
29 ліпеня стала вядома, што Аўтуховіч схуднеў за час сухой галадоўкі на 20 кіляграмаў.
«Ён ішоў павольна і ў напаўсагнутым стане. Схуднелы, моцна змарнеў. Яму дапамагаў ісьці хлопец, якога таксама выводзілі, — падтрымліваў бацьку за руку...» — напісала дачка Аўтуховіча са спасылкай на зьвесткі ад адвакаткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Аўтуховіч, які галадае 16 дзён, упаў па дарозе ў суд. Судьдзя адмовіўся выклікаць хуткуюСуд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.
Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча».
Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разановічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Снягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.
Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: З Аўтуховічам, які аб’явіў галадоўку, абыходзяцца бесчалавечна. Сёньня яго зноў не прывялі на судГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.