Яна Машэнская дачка беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага, аднаго з бэнэфіцыяраў беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар».
Пра арышт актываў стала вядома толькі цяпер, калі прадстаўнік кампаніі «Санта Холод Україна» зьвярнуўся ў суд з заявай аб скасаваньні арышту на банкаўскія рахункі для аплаты камунальных паслуг, паслуг аховы, а таксама за куплю паліва. Суд адмовіўся скасаваць арышт на рахункі.
Маёмасьць кампаніі Яны Машэнскай арыштавалі ў межах крымінальнай справы, якую завялі сёлета 3 траўня паводле ч. 2 артыкулу 364-1 і ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — злоўжываньні паўнамоцтвамі службовай асобы юрыдычнай асобы, незалежна ад формы ўласнасьці (караецца штрафам ад 68 да 102 тысяч грыўняў, арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў або пазбаўленьнем волі на 3-6 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады), а таксама фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да сямі гадоў з пазбаўленьнем права на два гады займаць пэўныя пасады і канфіскацыяй маёмасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дылер МАЗ ва Ўкраіне праз суд скасаваў арышт сваіх рахункаўЧым займалася кампанія і каму належала
Згодна са статутам кампаніі, яе асноўным відам дзейнасьці зьяўлялася перапрацоўка і кансэрваваньне рыбы, ракападобных і малюскаў.
Апроч таго, кампанія дачкі ўласьніка «Санта Брэмару» мела ліцэнзіі на перапрацоўку і кансэрваваньне гародніны і садавіны, на гуртовы і раздробны гандаль прадуктамі харчаваньня і офіснай мэбляй; фінансавы лізінг, арэнду і кіраваньне ўласнай ці арандаванай маёмасьцю і нават распрацоўкай будаўнічых праектаў.
Да 7 сьнежня 2020 году адзіным бэнэфіцыярам кампаніі «Санта Холод Україна» быў Аляксандар Машэнскі як уласьнік беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар», адзінага заснавальніка ўкраінскай кампаніі.
Да гэтага ж часу і кіпрская кампанія «Ньюрайд Сервісес Лімітед», на якую два гады таму перааформілі ўкраінскую кампанію, таксама належала Аляксандру Машэнскаму. Прадпрыемства-заснавальнік знаходзіцца ў Нікасіі. Цяпер яго бэнэфіцыярны ўласьнік — Яна Машэнская, якая нібыта зарэгістравана ў Лімасоле па вуліцы Эвагора Піталі, 4.
Пры гэтым у сваіх сацыяльных сетках Яна Машэнская пазначае, што жыве ў Вялікай Брытаніі.
Адметна, што склад бэнэфіцыяраў беларускія кампаніі ва Ўкраіне пачыналі зьмяняць у сувязі з увядзеньнем Эўразьвязам санкцый супраць іх уласьнікаў ці заснавальнікаў.
Аляксандар Машэнскі з 2020 году пазьбягае эўрапейскіх санкцый, нягледзячы на тое, што некалькі разоў яго ўключалі ў чарнавыя санкцыйныя сьпісы. У 2022 годзе яго выключылі і з шостага пакету санкцый ЭЗ дзякуючы лабіяваньню Вугоршчыны. Паводле журналістаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што найбліжэйшы ягоны паплечнік — Сяргей Нядбайлаў — зьяўляецца ганаровым консулам Вугоршчыны ў Берасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі праваліліся, для перамоваў няма шанцаў, Украіне вайну ня выйграць» – Орбан заклікаў да новай стратэгіі ЭЗНя толькі рыба, а і альтэрнатыўная энэргетыка
Аляксандар Машэнскі стварыў ва Ўкраіне яшчэ дзьве кампаніі.
Адна зь іх — «Санта Україна», даччыная кампанія берайсьцейскай «Санта Брэмар» і дыстрыб’ютар яе прадукцыі ва Ўкраіне. У Дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў Украіны паведамляецца, што заснавальнікамі ўкраінскай кампаніі зьяўляюцца і беларуска-нямецкая «Санта Брэмар» і ўкраінская «Санта Холод Україна», але канцавым бэнэфіцыярам зьяўляецца Яна Машэнская, зарэгістраваная ў кіпрскім горадзе Лімасол.
«Санта Україна» працуе на ўкраінскім рынку з 1999 году, а арыштаваная «Санта Холод Україна» — з 2007-га.
У 2012 годзе Аляксандар Машэнскі вырашыў пашырыць сфэру сваіх бізнэс-інтарэсаў ва Ўкраіне і зарэгістраваў ТАА «Екотехнік Велика Добронь». Тады ж ён пачаў будаваць сонечную электрастанцыю ў вёсцы Вялікая Добрань Ужгарадзкага раёну Закарпацкай вобласьці. Яна здавалася ў эксплуатацыю з 2017-га па 2019 год, у тры этапы, пакуль агульная магутнасьць не дасягнула 3,33 МВт.
У сакавіку 2019 году кампанія ТАА «Екотехнік Велика Добронь» завяршыла будаўніцтва новай фатагальванічнай электрастанцыі ў горадзе Бар Барскага раёну Віньніцкай вобласьці магутнасьцю 16,863 МВт.
Кампанія плянавала і далей разьвівацца, як адзначаецца на яе афіцыйным сайце, «ня толькі ў сфэры геліяэнэргетыкі, а і ў іншых кірунках, максымальна выкарыстоўваючы кліматычныя асаблівасьці і рэсурсы Ўкраіны».
Пакуль што вядома аб арышце толькі адной з трох украінскіх кампаній, зьвязаных з Аляксандрам Машэнскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб сумленьне было чыстае і ты не фінансаваў гвалт». Як беларусы байкатуюць тавары кампаніяў, зьвязаных з рэжымамЧаму ва Ўкраіне выгадна займацца альтэрнатыўнай энэргетыкай
Сонечная энэргетыка пачала вельмі актыўна разьвівацца ва Ўкраіне з 2014 году, калі на заканадаўчым узроўні распрацавалі ўсе парадкі і тэрміны для гэтай галіны.
Ва Ўкраіне стала выгадна інвэставаць у альтэрнатыўную энэргетыку, бо дзяржава, паводле заканадаўства, мусіць выкупляць усю альтэрнатыўную энэргію. У вытворчасьць сонечнай электраэнэргіі пайшлі найбуйнейшыя ўкраінскія бізнэсоўцы і алігархі.
Цяпер ва Ўкраіне на сонечных электрастанцыях выпрацоўваецца больш як адзін мільярд кіляват-гадзін. У агульнай генэрацыі сонечная энэргія дасягнула 6%.