Днямі Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што ягонымі пераемнікамі могуць стаць альбо старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандар Турчын, альбо нядаўна ўзгоднены новым амбасадарам Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты.
Сьцісла
- Днямі Лукашэнка назваў сваімі магчымымі пераемнікамі старшыню Менаблвыканкаму Турчына і прызначанага амбасадарам у РФ Крутога.
- Падобныя заявы — не рэальныя пляны, а спосаб матывацыі ўладнага апарату.
- Падобную ж няпэўнасьць наконт уласнага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах захоўвае і Пуцін.
- Называньне розных пераемнікаў — гэта падвядзеньне вынікаў «конкурсу» на самага адданага і эфэктыўнага.
- Падобныя дэманстрацыі — вынік сутыкненьня разуменьня, што раней ці пазьней сыходзіць давядзецца, і вострага адчуваньня, што няма каму перадаць уладу, што любы ўсё разваліць.
«Вось я гляджу, думаю, Турчын зможа кіраваць краінай ці не? А калі ня зможа? І ўжо потым не ўмяшаесься. Як жа, перашкаджаць не будзеш прэзыдэнту. Не, я да прыкладу кажу. Ну, Круты, скажам так», — заявіў Лукашэнка падчас наведваньня ААТ «Казловічы-Агра».
Сказана было паўжартам, няпэўна. Але што азначаюць гэтыя заявы?
Варта адзначыць, што робяцца яны не ўпершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў сваімі магчымымі пераемнікамі Караніка і КараеваУ сакавіку летась ён гэтак жа заявіў, што новым прэзыдэнтам можа стаць альбо Ўладзімер Каранік, кіраўнік Горадзенскай вобласьці, альбо Юры Караеў, памочнік прэзыдэнта па Горадзеншчыне.
«Транзыт улады адзін — выбары. Народ выбраў — усё. Мае дзеці пасьля мяне ня будуць прэзыдэнтамі. Вось у мяне два чалавекі маіх тут, яны могуць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Прытым будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін — генэрал, другі — губэрнатар. Маладыя, новае пакаленьне, разумныя. Ведаюць цану гэтай краіне», — казаў тады Лукашэнка.
Матывацыя няпэўнасьцю
І летась, і сёлета размовы пра магчымых пераемнікаў — у апошнюю чаргу пра рэальныя пляны перадачы прэзыдэнцкай улады, хай сабе і істотна абмежаванай паводле новай Канстытуцыі.
Гэта найперш своеасаблівы сродак матывацыі чыноўнікаў, намёк, што ўзнагародай за адданую працу можа стаць і найвышэйшая пасада ў дзяржаве: працуй з усіх сілаў, рві жылы — і хто ведае, можа і пасаджу ў свой фатэль.
На першы погляд, нявызначанасьць уладнай пэрспэктывы хутчэй дэстабілізуе сыстэму кіраваньня — як сябе паводзіць беднаму дзяржслужбоўцу, калі невядома, што будзе праз 2–3 гады? Аднак наяўнасьць невялічкай долі няпэўнасьці якраз мабілізуе «гасударавых людзей». Калі з будучыняй усё да болю зразумела, то чаго напінацца? А Лукашэнку трэба, каб напіналіся. Таму час ад часу і пасылаецца такі сыгнал — а па-рознаму можа быць, магу ж і сысьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сытуацыя ў Беларусі можа радыкалізавацца імгненна. Дыскусія аналітыкаўДарэчы, падобным жа чынам паводзіць сябе і Ўладзімір Пуцін. Як бы ўсім зразумела, навошта ўводзілі ў Канстытуцыю РФ «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў, сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін даўно сказаў: «Ёсьць Пуцін — ёсьць Расея, няма Пуціна — няма Расеі». А сам Пуцін наконт 2025 году маўчыць. Невялічкая інтрыга ў гэтым пытаньні — гэта ня толькі захаваньне набору варыянтаў, але і сродак трымаць сыстэму кіраваньня ў тонусе.
Дык і ў Лукашэнкі — тое самае.
Да таго ж чарговае называньне імёнаў магчымых пераемнікаў — гэта і абвяшчэньне сёньняшніх фаварытаў, падвядзеньне вынікаў «конкурсу» на самага адданага і эфэктыўнага. Учора гэта былі Караеў і Каранік, сёньня — Турчын і Круты, заўтра можа яшчэ іншыя будуць, «конкурс» працягваецца ўвесь час.
Адначасова гэта і тэст для чынавенства. Абвешчаным фаварытам іншыя чыноўнікі павінны аказваць належны рэспэкт. Аднак барані Бог палічыць іх будучымі «бацькамі» і падумаць, што Лукашэнка — гэта ўжо адыходзячая натура.
Хто здолее вытрымаць гэты тонкі апаратны балянс, той, прынамсі, утрымаецца на пасадзе. Гэта такі сурагат канкурэнтнай публічнай палітыкі ў аўтарытарнай сыстэме — здольнасьць правільна выбудаваць адносіны з фаварытамі.
«Перадушаць вас, як сьляпых кацянят»
Ну, і за ўсім гэтым — сутыкненьне разуменьня, што сыходзіць раней ці пазьней давядзецца, хаця б зь біялягічных прычын, і вострага адчуваньня, што няма каму перадаць уладу, што ніхто ж не пацягне, што любы напартачыць, а то і прывядзе да катастрофы.
Адсюль, дарэчы, і рэпліка ў развагах наконт шанцаў Турчына — «А калі ня зможа? І ўжо потым не ўмяшаесься». Ёсьць сьвятая ўпэўненасьць, што ня зможа і што без умяшаньня ўсё разваліцца.
Ясна, што гэта часткова вытворная ад вар’яцкай прагі ўлады, ад доўгага яе трыманьня, ад штодзённага выслухоўваньня лісьліўцаў, якія ўпэўніваюць: «Няма Лукашэнкі — няма Беларусі». Але гэта і адносна самастойнае перакананьне, якое ў яго падмацоўваецца і ўласным досьведам краху СССР, і расейскай культурай, да якой ён належыць, зь яе траўмамі Смутаў.
Прыйдзе слабы цар, ня будзе жалезнай волі і моцнай рукі, усё ня проста стане горш — усё разваліцца, рассыплецца ўшчэнт. Паўнамоцтваў — і фармальных, і нефармальных — у Гарбачова было, бадай, ня менш, чым у Сталіна. Але што стала з Гарбачовым і з кіраванай ім дзяржавай?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто можа таргавацца з Масквой лепш за Лукашэнку?Дарэчы, паводле ўспамінаў Хрушчова, незадоўга да сьмерці Сталін сказаў чальцам Палітбюро: «Безь мяне імпэрыялісты перадушаць вас, як сьляпых кацянят».
Вось і для Лукашэнкі — што Турчын, што Круты, што іншыя: добрыя, кампэтэнтныя хлопцы, але пра сябе ён думае пра іх, як тады Сталін пра партыйны арэапаг — «перадушаць вас, як сьляпых кацянят».
А зь іншага боку, менш як празь месяц будзе 68 гадоў. Ня росквіт, мякка кажучы. Гадзіньнік цікае.
Перад гэтай невырашальнай дылемай толькі і застаецца, што ладзіць шоў зь «пераемнікамі», кшталту зладжанага ў «Казловічы-Агра».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.