Урад ЗША афіцыйна не пацьверджваў, што Нэнсі Пэлосі наведае Тайвань.
Нэнсі Пэлосі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, у аўторак прыбыла ў Малайзію падчас свайго туру па Азіі. Тайваньскія і амэрыканскія СМІ паведамляюць, што яна плянуе наведаць Тайбэй у аўторак увечары, але афіцыйнага пацьверджаньня не было.
- Тайвань зьяўляецца самакіравальным востравам, але на яго прэтэндуе Кітай, які лічыць Тайвань сэпаратысцкай правінцыяй. Пэкін папярэдзіў аб «сур'ёзных наступствах», калі візыт Пэлосі адбудзецца.
У панядзелак прадстаўнік Кітаю ў ААН Чжан Цзюнь папярэдзіў, што візыт падарве адносіны паміж Пэкінам і Вашынгтонам. Міністэрства замежных спраў Кітаю таксама заявіла, што візыт Пэлосі «стане грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Кітаю», дадаўшы: «Тыя, хто гуляюць з агнём, загінуць ад яго».
- Хаця ЗША падтрымліваюць «надзейныя неафіцыйныя адносіны» з Тайванем, у іх ёсьць афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з Кітаем, а не з Тайванем.
Сярод амэрыканскай грамадзкасьці і Кангрэсу ЗША існуе моцная двупартыйная падтрымка Тайваня. А Нэнсі Пэлосі, высокапастаўленая дзяячка Дэмакратычнай партыі, доўгі час актыўна крытыкавала кітайскае кіраўніцтва, асуджаючы парушэньні правоў чалавека ў Кітаі.
Раней яна сустракалася з прадэмакратычнымі дысыдэнтамі і наведвала плошчу Цяньаньмэнь, каб ушанаваць памяць ахвяр разьні 1989 году.
- Апошнім часам амэрыканскія аналітыкі і прадстаўнікі вайсковых ведамстваў выказваюць засьцярогі, што Кітай можа скарыстацца расейскім нападам на Ўкраіну, каб ваенным шляхам захапіць Тайвань.
- Перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што амэрыканскія вайскоўцы ня будуць удзельнічаць у ваенных дзеяньнях, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю. Аднак сёлета Байдэн ужо некалькі разоў заяўляў, што Злучаныя Штаты будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскага нападу. Гаворка ідзе пра магчымае ваеннае сутыкненьне дзьвюх ядзерных дзяржаў.
Сьпікерка пачала сваё турнэ па Азіі ў нядзелю, прыляцеўшы ў Сынгапур. Яе публічна агучаны маршрут таксама ўключаў прыпынкі ў Малайзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі, але не Тайвань.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы лічаць візыт Пэлосі на Тайвань цяпер «ня лепшай ідэяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай папярэджвае, што можа скарыстаць вайсковую сілу, калі сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША наведае ТайваньУ панядзелак прадстаўнік Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заявіў, што эскаляцыя з боку Кітаю таксама можа ўключаць выстаўленьне «супярэчлівых прававых прэтэнзій» у наступныя дні, напрыклад сьцьвярджэньне аб тым, што Тайваньскі праліў не зьяўляецца міжнародным водным шляхам. Паводле яго, іншыя прыкметы сьведчаць пра тое, што Пэкін можа ўварвацца ў паветраную прастору Тайваня.
Джон Кірбі адзначыў, што былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі Ньют Гінгрыч наведаў Тайвань у 1997 годзе, а іншыя заканадаўцы ЗША наведалі Тайвань у пачатку сёлетняга году. Аднак амбасадар Кітая ў ААН Чжан Цзюнь заявіў, што візыт Пэлосі цяпер не параўнальны зь візытам 1997 году і будзе расцэньвацца як правакацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Кітаю падпісаў указ аб «неваенным» выкарыстаньні арміі