«Сёньня толькі адно непаразуменьне, толькі адна памылка аддзяляе чалавецтва ад ядзернага зьнішчэньня», — заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш на Канфэрэнцыі па разглядзе дзеяньня Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі.
Ён папярэдзіў, што ў сьвеце ўзьнікла некалькі крызісных сытуацый зь ядзерным падтэкстам — ад Блізкага Ўсходу да Карэйскага паўвострава і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Паводле яго, у сьвеце назапашана каля 13 тысяч адзінак ядзернай зброі. «Дзяржавы імкнуцца да фальшывай бясьпекі, ствараючы запасы і выдаткоўваючы сотні мільярдаў даляраў на зброю суднага дня, якому няма месца на нашай плянэце», — сказаў ён, адзначыўшы, што людзі могуць забыць урокі Другой сусьветнай вайны.
Ён таксама заклікаў краіны сьвету садзейнічаць мірнаму выкарыстаньню ядзерных тэхналёгій у мэтах разьвіцьця, напрыклад «чыстай» энэргетыкі або мэдычных дасягненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: ЗША гатовыя весьці новыя перамовы з Расеяй аб кантролі над ядзернай зброяйДзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў студзені пяць ядзерных дзяржаў — Вялікая Брытанія, Кітай, Францыя, Расея і ЗША — пацьвердзілі, што ядзерную вайну немагчыма выйграць і яна ніколі не павінна быць разьвязаная.
«Але ўжо ў наступным месяцы Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, — заявіў Блінкен. — І яна занялася безразважным, небясьпечным бразганьнем ядзернай зброяй, і прэзыдэнт Пуцін папярэдзіў, што прыхільнікі самаабароны Ўкраіны могуць сутыкнуцца з такімі наступствамі, якіх яны ня бачылі за ўсю сваю гісторыю».
Блінкен сказаў, што, напаўшы на Ўкраіну, Расея парушыла свае ж абавязаньні, дадзеныя Ўкраіне ў 1994 годзе і падпісаныя ў Будапэшцкім мэмарандуме. Тады ў абмен на вываз ядзернай зброі, якая дасталася Ўкраіне пасьля распаду СССР, Расея пагадзілася быць гарантам бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. «Які сыгнал гэта дае астатнім краінам у сьвеце? Яны могуць вырашыць, што ім патрэбна ядзерная зброя для абароны ад замахаў на іх тэрыторыю і незалежнасьць. Гэта найгоршы сыгнал з усіх магчымых», — заявіў Блінкен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі: пік у сакавіку, пагроза ядзернай катастрофы, бамбаваньне нафтабазыЁн нагадаў, што пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну Расея захапіла і кантралюе Запароскую АЭС, найбуйнейшую ў Эўропе. Паводле Блінкена, «цяпер Расея выкарыстоўвае станцыю як вайсковую базу для абстрэлу ўкраінцаў, ведаючы, што яны ня могуць і ня будуць страляць у адказ, таму што могуць выпадкова ўдарыць па ядзерным рэактары або па сховішчы высокарадыяактыўных адкідаў. Такім чынам, выкарыстаньне «жывога шчыта» выйшла на зусім новы, жахлівы ўзровень», сказаў Блінкен, назваўшы яго ядзерным шчытом.
Сусьветныя лідэры, а таксама некалькі рэгіянальных груп, у тым ліку зь Ціхаакіянскага рэгіёну і краін Паўночнай Эўропы, якія бяруць удзел у канфэрэнцыі, асудзілі ядзерныя пагрозы Расеі ў яе вайне ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан прапанаваў да 2045 году ліквідаваць усю ядзерную зброю