Што вядома пра аднаго з найбольш пасьпяховых бізнэсоўцаў Украіны ў аграрным сэктары і якім чынам ён быў зьвязаны зь Беларусьсю.
Патомны аграрый, герой Украіны, намінаваўся на міжнародную прэмію
Аляксей Вадатурскі нарадзіўся ў сям’і сялян. Пасьля Адэскага тэхналягічнага інстытуту працаваў у сыстэме прадпрыемстваў хлебапрадуктаў. У аграрны бізнэс сышоў з пасады намесьніка кіраўніка Мікалаеўскага абласнога ўпраўленьня хлебапрадуктаў.
Кампанію «Нібулон» ён заснаваў за некалькі дзён да афіцыйнага распаду Савецкага Саюзу і з таго часу быў нязьменным яе кіраўніком.
У 2007 годзе прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка прысвоіў яму званьне Героя Ўкраіны за асаблівы ўнёсак ва ўмацаваньне АПК, высокія паказчыкі вытворчасьці і разьвіцьця сацыяльнай сфэры.
У 2012 годзе яго намінавалі на Ўсясьветную харчовую прэмію, якую ўручаюць за дасягненьні ў якасьці, колькасьці і даступнасьці харчаваньня. Але ў той год яго апярэдзіў ізраільскі навуковец у сфэры харчаваньня Даніэль Гілель.
У чэрвені 2020 году часопіс «Forbes-Україна» разьмясьціў Вадатурскага на 15-м месцы ў рэйтынгу найбагацейшых украінцаў, ацаніўшы ягоны капітал у 450 мільёнаў даляраў.
Ад вытворчасьці да перавозак і будаўніцтва
Кампанія пачынала з вытворчасьці сельгаспрадукцыі — збожжа і мяса. Але паступова стварыла ня толькі ўсю неабходную для сельскай гаспадаркі інфраструктуру (захоўваньне, перапрацоўка і перавалка збожжа), але і пачала аказваць паслугі па іншых кірунках, уключаючы лягістыку марскіх і рачных перавозак, а таксама па рамонце энэргетычнага абсталяваньня і марскога ды рачнога транспарту.
Па тым, як разрасталася кампанія, можна меркаваць, як яе заснавальнік імкнуўся да празрыстага бізнэсу без карупцыі і пасярэдніцтва. Асабліва актыўна прадпрыемства праводзіла экалягічныя захады, што стала дадатковым плюсам пры атрыманьні міжнародных крэдытаў. А з 2017 году пачала нават уласную праграму энэргазьберажэньня і ўтылізацыі адкідаў сваіх прадпрыемстваў.
Аляксей Вадатурскі стварыў празрысты бізнэс і імкнуўся зламаць ва Ўкраіне «шэры» рынак збожжа. Вядомы факт, што ён адмаўляўся працаваць з тымі пасярэднікамі, якія набывалі збожжа не ў саміх вытворцаў, а ў перакупшчыкаў. Арсені Яцанюк у часе свайго кіраўніцтва ўрадам у 2015 годзе заяўляў, што досьвед барацьбы «Нібулона» зь ценявым рынкам збожжа павінен выкарыстоўвацца на дзяржаўным узроўні.
Стварыў лягістыку для воднага шляху зь Беларусі
Калі ў 2016 годзе загаварылі пра аднаўленьне суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» разам зь Беларусьсю і Польшчай, Вадатурскі актыўна ўключыўся ў працу, бо лічыў, што такі шлях істотна спросьціць гандаль між Беларусьсю і Ўкраінай і вызваліць ад грузавога транспарту тыя абласныя цэнтры, што стаяць на Дняпры.
Для пацьверджаньня сваіх слоў Аляксей Вадатурскі ў 2017 годзе падпісаў трохбаковы мэмарандум аб супрацоўніцтве і партнэрстве між Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй, Гомельскім аблвыканкамам і прадпрыемствам «Нібулон».
У рамках гэтага дакумэнта кампанія пабудавала ня толькі 4 перагрузачныя тэрміналы на Дняпры (у Херсонскай, Запароскай і Днепрапятроўскай абласьцях), а і стварыла флёт. Тады ж у 2017-м Вадатурскі з энтузіязмам узяўся і за праект стварэньня і арганізацыі рачных падарожжаў з Гомельскай вобласьці да Херсону.
Аднак аднаўленьне воднага шляху Е40 замарудзілася, і транспартны флёт перакінулі на Паўднёвы Буг. Дзякуючы гэтаму «Нібулон» арганізаваў пасажырскія перавозкі Мікалаеў — Кінбурнская каса — Ачакаў. Гэты маршрут зрабіўся вельмі папулярны сярод турыстаў, дзякуючы яму лягчэй стала дабірацца на Кінбурнскую касу, што між Чорным морам і Дняпроўска-Бускім ліманам.
А некалькі гадоў раней улады Магілёва цікавіліся транспартнай лягістыкай «Нібулона» для арганізацыі грузавых перавозак, каб актывізаваць замежны гандаль празь ягоны порт у Мікалаеве.
Удар па доме Вадатурскіх быў мэтанакіраваны?
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што гібель Аляксея Вадатурскага ня можа быць выпадковасьцю на тле блякаваньня марскіх паставак украінскага збожжа. Гэты бізнэсовец быў яшчэ і віцэ-прэзыдэнтам Украінскай збожжавай асацыяцыі.
«Вадатурскі быў адным з найбольшых аграрыяў краіны, ключавым чалавекам у рэгіёне і вялікім працадаўцам. Дакладнае пацэльваньне ракетай ня проста ў будынак, а ў канкрэтнае крыло — спальню — не пакідае сумневаў у навядзеньні і карэктаваньні ўдару. Яшчэ раз: Вадатурскага зрабілі канкрэтнай цэльлю», — перакананы Міхаіл Падаляк.
Паводле яго, гібель Аляксея і Раісы Вадатурскіх — цалкам прадуманае і арганізаванае наўмыснае забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з найбагацейшых украінцаў загінуў пры абстрэле МікалаеваВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.