Пра вайну ва Ўкраіне «Алесь» расказаў Свабодзе.
«Грыгораўку адстаялі дзякуючы мужнасьці і гераізму адчайных сяброў руху „Пагоня“»
Ад пачатку вайны беларусы займаліся стварэньнем палку «Пагоня». У гэтай справе былі шматлікія цяжкасьці, у тым ліку ішла барацьба з украінскай бюракратыяй і легалізацыяй. Цяпер беларусы з палку «Пагоня» далучыліся да розных падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны. «Сталі шматвэктарнымі», — кажа адзін з камандзіраў палку «Пагоня» з пазыўным «Алесь».
Ён і іншыя беларусы служаць у інтэрнацыянальнай роце Першай асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня імя Івана Багуна. Да гэтага падразьдзяленьня ў хуткім часе далучыцца і група беларусаў са сваёй авіявыведкай (https://www.svaboda.org/a/31954930.html)
Кіраўнік інтэрнацыянальнага падразьдзяленьня Руслан Мірашнічэнка напісаў у Facebook, што Грыгораўку адстаялі дзякуючы мужнасьці і гераізму байцоў інтэрнацыянальнага падразьдзяленьня, у тым ліку камандзіра агнявой групы «Алеся» і яго «адчайных сяброў руху „Пагоня“».
Таксама камандзір адзначыў грузінаў, амэрыканцаў, тайванца і беларускую групу мэдыцынскай эвакуацыі пад кіраўніцтвам «Рэда», якая «пад агнём оркаў робіць цуд ратаваньня нашых воінаў».
Камандзір піша, што ў баях за Грыгораўку загінулі двое грамадзян ЗША, канадзец і швэд. Гэтую інфармацыю ён пацьвердзіў выданьню Politico.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя некалькі гадзін страшна, потым прывыкаеш». Як лекар-беларус дапамагаў вайскоўцам і быў паранены«Я разумеў, што расейцаў трэба спыніць, інакш яны прыйдуць і ў Эўропу»
«Алесь» зь дзяцінства жыў у Ізраілі. Туды пераехалі ягоныя бацькі.
«Але я беларус і сачыў за сытуацыяй на радзіме. Пэрыядычна прыяжджаў у Беларусь. Служыў у ізраільскім войску на кантракце. Сачыў за падзеямі 2020 году, удзельнічаў у акцыях салідарнасьці, быў актыўнай часткай беларускай дыяспары. Тут, у Ізраілі, дапамагалі палітычным уцекачам з Беларусі. Калі былі выбары, я быў назіральнікам на ўчастку ў Ізраілі. На момант пачатку вайны я быў у Эўропе. Зьбіраўся атрымліваць там адукацыю», — апавядае беларус.
Ён кажа, што адчувае сябе «чалавекам, які выступае на баку дабра», таму ўдзельнічае ў вайне ў складзе беларускіх добраахвотнікаў.
«Я разумею, што гэтая вайна — падзея сусьветнага маштабу і калі іх, расейцаў, не спыніць цяпер — яны прыйдуць у Эўропу і далей пойдуць. Таму я ня мог сядзець на месцы, тым больш маючы вайсковы досьвед», — тлумачыць «Алесь».
Ён кажа, што падрыхтоўку беларусы праходзілі спачатку на тэрыторыі Эўразьвязу, затым — ва Ўкраіне.
«Доўга цягнулася легалізацыя, ішлі бюракратычныя працэдуры. Некаторыя беларусы пераасэнсавалі тое, што адбываецца, і адмовіліся ад першапачатковых плянаў. Тым ня менш наш касьцяк „дабраўся“ да брыгады імя Багуна», — патлумачыў беларус.
У брыгадзе імя Багуна беларусы ўваходзяць у склад падразьдзяленьня мэдыцынскай эвакуацыі, выведкі і агнявога атраду.
«Я адказваю за падразьдзяленьне мэдыцынскай эвакуацыі, пяхоты і выведкі, я адзін з камандзіраў. Сам зь іншымі хадзіў у выведку, пераходзіў лінію фронту», — кажа «Алесь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы, беларусы, дурні, бо дагэтуль у нас няма нацыянальна-вызвольнага войска», — Пракоп’еў пра Ціханоўскую, Вячорку і прэм’ера«На перадавой галава працуе толькі ў кірунку таго, якія задачы стаяць і як іх выканаць»
Беларус быў на перадавой каля месяца. Кажа, было страшна, як і любому чалавеку.
«На перадавой галава працуе толькі ў кірунку таго, якія задачы стаяць, як іх выканаць, як пазьбегнуць страт», — кажа «Алесь».
Ён зазначае, што на перадавой была і неразьбярыха, якая мае і плюсы, і мінусы.
«Мінусы — шмат незразумелага. Плюсы — тут можна знайсьці больш магчымасьцяў. Мы знаходзілі сабе занятак. Выконвалі задачы, і атрымлівалася няблага. Спачатку я прыехаў як камандзір мэдыцынскай эвакуацыі, але выявілася, што я карысны ў іншых задачах», — кажа баец.
Ён расказаў, як хадзіў цераз лінію фронту разам з пабрацімамі з рознымі заданьнямі, у тым ліку вылічваць пазыцыі ворага. Лічыць, што самае цяжкае — страта пабрацімаў.
«Страшна, але калі ты разумееш, навошта ты тут, што ты мусіш рабіць, то думкі пра сьмерць адыходзяць на другі плян. Перадавая — гэта пастаянныя разрывы снарадаў і адчуваньне, што па табе страляюць з усяго, што толькі ёсьць. Таму ўжо неяк з апатыяй ставісься да думак пра сьмерць. Ёсьць і такія людзі, якія могуць сысьці пасьля цяжкіх баёў на перадавой. Я паважаю іхны выбар. Але лепш яны сьвядома сыдуць, чым застануцца і гэта будзе мець трагічныя наступствы для іншых», — разважае Алесь.
«Беларусы, бадай, самыя бесканфліктныя, яны з усімі сябруюць»
У інтэрнацыянальным падразьдзяленьні служаць байцы з Францыі, ЗША, Тайваню, Швэцыі. Але асноўны касьцяк — грузіны і беларусы. Іх найбольш. Ёсьць невялікія праблемы з камунікацыяй, бо на фронце трэба хутка і дакладна перадаваць зьвесткі і загады.
«Частка беларусаў гавораць на ангельскай мове — гэта вельмі дапамагае камунікацыі, пакрывае сувязь паміж байцамі. Грузіны ведаюць расейскую мову», — тлумачыць «Алесь».
Ён кажа, што мэнталітэт у амэрыканцаў, англічан, грузінаў абсалютна розны. Часам людзі не да канца разумеюць адзін аднаго, могуць быць сваркі ці канфлікты, але ўсе ваююць на адным баку, за Ўкраіну. «Беларусы з усімі сябруюць, з усімі ў іх добрыя адносіны. І да іх добра ставяцца. Беларусы ні з кім ня сварацца. Зь іншымі бываюць „цёркі“, але зь беларусамі ўсё гладка», — кажа Алесь.
За месяц на перадавой, кажа ён, байцы «нахапаліся» ўсяго: і міны ляцелі, і аскепкі, і танкі стралялі ў бок іх пазыцый, і кулямёты, і снарады ўзрываліся.
«Усё вырашае злая выпадковасьць. Загінуць можна ад усяго, вядома. Ад самога факту нашага знаходжаньня тут. Мы ўдала там папрацавалі. Таму пакуль нас замянілі іншай часткай. Але ня ведаю, калі, сёньня ці праз тыдзень, мы можам вярнуцца на баявыя», — кажа беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матывацыя ў нас адна — абрыдла жыць пры дыктатуры». Беларусы выпраўляюцца ва Ўкраіну са сваёй аэравыведкай«Расейцы стараюцца ваяваць на адлегласьці і проста зраўноўваць усё зь зямлёй»
«Алесь» гаворыць пра сябе, што ён скептык. Ён ня верыць прапагандзе, зь якога б боку яна ні была.
«Я ня думаю, што цяпер можна гаварыць пра вызваленьне Беларусі. Мы гэта абмяркоўваем, вядома. Але як ідылію, на будучыню. Многія беларусы лічаць па-іншаму. Я думаю, што тут, на вайне, мы набяромся досьведу, унясём свой уклад у вызваленьне Ўкраіны. Тэму Беларусі я пакіну тым людзям, якія больш у палітыцы разьбіраюцца. Нягледзячы на тое, што беларусаў шмат ва Ўкраіне, у тым ліку ў палку Каліноўскага, мне здаецца, пакуль нельга казаць, што мы пойдзем і ўступім у прамы канфлікт на тэрыторыі Беларусі», — разважае баец.
Ён упэўнены, што вольнай Беларусі спатрэбяцца людзі з ваенным досьведам. «Як у Ізраілі, большасьць палітыкаў — гэта былыя афіцэры. Ім больш даверу ад грамадзтва. Гэта ня робіць палітыку мілітарызаванай. Гэта сьведчыць пра іх як пра людзей, якія гатовыя былі ахвяраваць сваім жыцьцём», — кажа «Алесь».
Ён упэўнены ў перамозе Ўкраіны — пры падтрымцы Захаду і іншых краін цяжкім узбраеньнем.
«На перадавой здавалася, што Расея мае значна больш авіяцыі і цяжкай артылерыі. Тым ня менш адчувалася перавага Ўкраіны. У нас пяхота, супраць нас — танкі, БТР, цяжкая артылерыя і авіяцыя, ды і людзей у іх больш. Але сярод украінцаў і інтэрнацыянальнага легіёну не было аніякай панікі. Было толькі жаданьне ісьці ў бой, жаданьне сысьціся нарэшце з ворагам твар у твар», — кажа баец.
Паводле ягонага досьведу, у Расеі і Ўкраіны розная тактыка. Ён кажа, што Расея дзейнічае на адлегласьці, іх задача — «выпаленае поле». Яны спрабуюць на адлегласьці зьнішчыць усё, потым ужо заходзіць у гарады ці вёскі.
«Але, калі ў нас здарыўся агнявы кантакт, яны ня доўга трымаліся і пачалі адступаць, хоць іх было больш. Украіна патрабуе больш цяжкага узбраеньня. Бо, нават маючы каардынаты ворага, яны яшчэ раз упэўніваюцца, што снарады трапяць туды, куды трэба, па ворагу. Гэта сьведчыць пра абмежаванасьць, у адрозненьне ад Расеі, у боепрыпасах. Трэба больш цяжкай артылерыі для Ўкраіны — і контранаступ быў бы больш маштабны. Калі нас падтрымала цяжкая артылерыя, гэта вельмі моцна падняло баявы дух. Людзі пайшлі ў атаку», — кажа «Алесь».
Ён мае пляны на мірнае жыцьцё пасьля вайны. «Алесь» хацеў бы атрымаць добрую адукацыю, ягоная мара — быць архітэктарам. Сёньня ж ён зноў можа паехаць на «баявыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы нясём такую ж калектыўную адказнасьць, як і „ябацькі“». Як беларус пакінуў сям’ю і бізнэс і пайшоў ваяваць за Ўкраіну