Расейскі суд падоўжыў арышт палітзьняволенай беларускі Яны Пінчук

Яна Пінчук на судзе, архіўнае фота

Суд Санкт-Пецярбурга падоўжыў на тры месяцы ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары 25-гадовай беларускі Яны Пінчук, якую хочуць выдаць уладам Беларусі.

29 ліпеня Васілевостраўскі раённы Санкт-Пецярбурга падоўжыў на тры месяцы арышт грамадзянкі Беларусі Яны Пінчук. Як піша канал Telegram Rusnews, на падаўжэньні ўтрыманьня дзяўчыны ў СІЗА настойвала пракуратура, бо гэта неабходна для «ўзгадненьня месца і час перадачы яго кампэтэнтным органам Рэспублікі Беларусь».

Рашэньне Камітэта па правах чалавека аб забароне на экстракцыю Яны Пінчук было накіравана ў Генпракуратуру, але ніякага адказу ведамства ня дала.

Раней расейскі суд падтрымаў рашэньне аб экстрадыцыі Пінчук у Беларусь, дзе яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%», якія ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь палітзьняволенай Яны Пінчук

24-гадовая Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбургу зь лістапада 2021 году. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і празь дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна выставілі абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. На радзіме ёй пагражае пазбаўленьне волі за ўдзел у стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».

Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох зь іх: аб распальваньні сацыяльнай варожасьці, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.

Юрысты паспрабавалі абскардзіць рашэньне Генпракуратуры РФ аб выдачы Пінчук. Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаванай у Расеі беларусцы Яне Пінчук не аказваюць мэдычнай дапамогі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі рэдка сустрэнеш такога моцнага чалавека». Што адбываецца з палітзьняволенай Янай Пінчук
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі за камэнтары ў сацсетках затрымалі яшчэ аднаго беларуса