Да інфармацыі ў тэлеграм-канале Сафронаў дадаў у інтэрвію «Мэдыязоне», што даведаўся пра стан жонкі зь ліста. Ён расказаў, што Пінчук хварэе «ўжо амаль месяц» і не атрымлівае ніякай мэдычнай дапамогі. Нягледзячы на тэмпэратуру 39 градусаў, ёй не давалі лекаў.
«Мы пісалі скаргу ў пракуратуру пра гэта, але зноў жа беспасьпяхова. На гэты момант тэмпэратуры няма, але застаўся моцны кашаль, а, улічваючы хранічную астму Яны, гэта можа прывесьці да цяжкіх наступстваў. А цяпер стала вядома, што на працягу 4 дзён у Яны балела рука, а сёньня раніцай яна перастала яе адчуваць і ня можа ёю паварушыць. Замест абавязковай мэддапамогі, Яна зафіксавала руку кардонкай і бінтам», — цытуюць Мікіту Сафронава ў канале.
- 24-гадовая Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбургу зь лістапада 2021 году. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і празь дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна выставілі абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. На радзіме ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».
- Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох зь іх: аб распальваньні сацыяльнай варожасьці, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.
- Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі.