Жыхара гораду Сарані ў Карагандзінскай вобласьці Казахстану затрымалі за нанясеньне сымбаля Z на танк у парку каля абэліску воінам, якія загінулі ў Другой сусьветнай вайне.
Пра гэта паведамляе казаская служба Радыё Свабода са спасылкай на абласны дэпартамэнт паліцыі.
«Цяпер у дачыненьні да яго складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 434 КаАП Казахстану („Дробнае хуліганства“). Матэрыял будзе накіраваны ў адміністрацыйны суд для прыняцьця рашэньня», — гаворыцца ў прэсавым рэлізе паліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 беларусаў не пусьцілі ў Латвію, візы анулявалі за падтрымку расейскай агрэсііПасьля таго як фатаграфія танка зь літарай Z зьявілася ў казахстанскіх сацыяльных сетках, карыстальнікі запатрабавалі знайсьці парушальніка і пакараць.
У Казахстане дэманстрацыя знака Z афіцыйна не забароненая, аднак у шэрагу гарадоў уладальнікаў аўтамабіляў з такімі налепкамі штрафавалі па адміністрацыйным артыкуле аб парушэньні правілаў эксплюатацыі транспартных сродкаў.