Украіна абвясьціла ў міжнародны вышук расейскага экспэрта, які прыдумаў тэрмін «дэнацыфікацыя» і абараняў Лукашэнку

Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіна завяршыла расьсьледаваньне і накіравала ў суд справу супраць двух расейскіх экспэртаў, аўтараў «дэнацыфікацыі Ўкраіны» – Армэна Гаспар'яна і Цімафея Сяргейцава.

Абодвух экспэртаў абвясьцілі ў міжнародны вышук. Ва Ўкраіне іх абвінавачваюць у закліку да генацыду супраць украінцаў і ваеннага нападу на Ўкраіну.

Армэн Гаспар’ян напісаў кнігу «Дэнацыфікацыя Ўкраіны. Краіна нявывучаных урокаў». Гэты экспэрт часта выступаў на беларускай тэлевізіі, апраўдваючы дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Армэн Гаспар’ян, у прыватнасьці, назваў пачаткам «канструктыўнага дыялёгу» сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі ў сьледчым ізалятары КДБ зь Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім і іншымі ўдзельнікамі выбарчых штабоў, якіх затрымалі ў часе выбарчай кампаніі. Сустрэча адбылася 10 кастрычніка 2020 году.

У той жа час экспэрт і крытыкаваў Аляксандра Лукашэнка, але толькі ў тым выпадку, калі апошні намякаў на аддаленьне ад Крамля і аднаўленьне сувязяў з заходнімі краінамі.

Цяпер Армэн Гаспар’ян актыўна крытыкуе апанэнтаў Лукашэнкі — Сьвятлану Ціханоўскую, Зянона Пазьняка і ўжо памерлага Станіслава Шушкевіча. У дачыненьні да іх ён выкарыстоўвае абразьлівую лексыку, называючы іх «змагарскім кампостам».

Цімафей Сяргейцаў як паліттэхноляг працаваў у выбарчых кампаніях украінскіх палітыкаў — Леаніда Кучмы, Віктара Януковіча і Арсенія Яцанюка. Цяпер ён пашырае ідэі аб непаўнацэннасьці ўкраінскай нацыі, называе ўкраінцаў народам «другога гатунку» і настойвае на неабходнасьці іх зьнішчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Львове арыштаваў Медзьведчука