Беларускім кампаніям, якія рэлякуюцца ў Польшчу, Саюз польскіх прадпрымальнікаў і працадаўцаў акажа бясплатную прававую, арганізацыйную і кансалтынгавую дапамогу. Запушчаны бясплатны праект «Belarus Business Center» (ВВС).
«Мы не бяром грошы зь беларускіх бізнэсаў наагул ні за што. Для нас гэта не камэрцыйная гісторыя, будзем толькі рады, калі да нас зьвернецца як мага больш беларусаў», — кажуць у Саюзе.
Пагаварылі з кансультантам «Беларускага бізнэс-цэнтру» Дзьмітрыем.
У Польшчы зарэгістравана 3709 кампаній зь беларускім капіталам
Паводле прадстаўніка «Беларускага бізнэс-цэнтру», за 5 месяцаў 2022 году ў Польшчы зарэгістравалі 473 кампаніі, дзе адзін з заснавальнікаў — фізычная альбо юрыдычная асоба зь Беларусі. А ўсяго ў Польшчы зарэгістравана 3709 кампаній зь беларускім капіталам.
Гісторыя гэта пачалася яшчэ ў 2020 годзе ў Лодзі. Мясцовы Зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP) шчыльна супрацоўнічаў з гарадзкой адміністрацыяй Лодзі (Lodz City Hall).
«Яны рэалізоўвалі праект для дапамогі беларускім кампаніям у рэлякацыі пасьля выбараў 2020 году. Калі ў кампаній узьнікала вострая патрэба, прапаноўвалі ім больш цікавыя ўмовы для разьвіцьця свайго бізнэсу: кансультацыі ў прававых пытаньнях, дапамогу ў адкрыцьці юрыдычных асобаў, у пытаньнях працоўнага заканадаўства, перавозу супрацоўнікаў, атрыманьні дазволаў, аб падатках. І, рэалізуючы гэты праект, ZPP адкрыў кантактны пункт для беларускіх інвэстараў. Спачатку пераважна для ІТ-кампаній. Але гэта не азначае, што гэтым кола абмяжоўваецца. Мы рады ўсім бізнэсам, у тым ліку і невялікім, ня толькі айцішным», — запэўнівае Дзьмітры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 356 тысяч беларусаў атрымалі візы ў Польшчу пасьля жніўня-2020«Дапамога асабліва патрэбна малому і сярэдняму бізнэсу, які працаваў на экспарт»
Гэты кантактны пункт у Лодзі функцыянаваў цягам амаль двух гадоў. А цяпер, пераканаўшыся ў зацікаўленасьці ў праекце вялікай колькасьці беларусаў, якія пераводзяць свой бізнэс у Польшчу, вырашылі пашырыць праект на ўсю Польшчу. Павялічыўся штат, зьявіліся новыя кансультанты, — кажа Дзьмітры.
Што да ІТ-сфэры, ёй рэлякавацца прасьцей, чым іншым: амаль усе іх супрацоўнікі гавораць па-ангельску і пастаўляюць прадукты, паслугі, якія прадаюцца па ўсім сьвеце. Для іншых кампаній часам усё значна складаней.
«Эўразьвяз быў другім гандлёвым партнэрам для Беларусі; тысячы кампаній зь ім працавалі, ёсьць напрацаваныя сувязі, кампэтэнцыі, і яны хочуць працягваць дзейнасьць. Камусьці гэта нязручна рабіць зь Беларусі часткова праз санкцыі, эканамічныя, лягістычныя абмежаваньняў, камусьці няёмка з маральна-этычных прычынаў — у кожнага свая сытуацыя.
Таму наша дапамога асабліва патрэбна для малога і сярэдняга бізнэсу, які працаваў на экспарт, на заходнія рынкі. Але ня ўсе супрацоўнікі добра ведаюць ангельскую мову, мовы суседніх краінаў. Гэтыя кампаніі ня маюць фінансавых магчымасьцяў, каб перавезьці ўсіх супрацоўнікаў, таму пераяжджаюць паступова: спачатку кіраўнікі пачынаюць з-за мяжы рэінвэставаць капітал, шукаюць суайчыньнікаў у Польшчы. Так што бізнэс-супольнасьць у Варшаве і ва ўсёй Польшчы дастатковая», — тлумачыць кансультант «Беларускага бізнэс-цэнтру» ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі айцішнікі ў Польшчу — 40 тысяч». Колькі беларусаў атрымалі гуманітарныя і рэлякацыйныя візыЧым ВВС можа дапамагчы беларускаму бізнэсу ў Польшчы?
«Мы можам прапанаваць прававыя кансультацыі — у пытаньнях адкрыцьця бізнэсу, рэгістрацыі, пачатковага яго вядзеньня. Можам даць кансультацыі аб падатковай частцы, аб працоўным заканадаўстве.
Мы можам, акрамя легальных прававых кансультацый, прапанаваць бізнэсу мэнтарскую дапамогу. Для прамысловага бізнэсу альбо ІТ мы можам арганізаваць сустрэчы зь мясцовымі экспэртамі, якія разумеюць польскі рынак лепей і якія на старце могуць вельмі істотна дапамагчы прадпрымальнікам, што прыяжджаюць у абсалютна новае асяродзьдзе і пакуль ня маюць тут ніякіх дзелавых кантактаў», — тлумачыць кансультант ВВС.
Як паказвае практыка, асноўныя пытаньні, зь якімі зьвяртаюцца прадстаўнікі беларускага бізнэсу, тычацца рэгістрацыі кампаній.
«Беларусы пытаюцца, якія дакумэнты павінны быць у заснавальнікаў кампаніі, які павінен быць легальна-прававы статус у Польшчы, задаюць базавыя пытаньні пра колькасьць стартавага капіталу, дзе знайсьці бухгальтара, дзе атрымаць дазвол на працаўладкаваньне супрацоўнікаў, таму што многія беларусы хочуць працаўладковаць менавіта беларусаў — ёсьць такая асаблівасьць нашай супольнасьці за мяжой», — удакладняе Дзьмітрый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зробіць больш жорсткімі ўмовы атрыманьня візы Poland Business Harbour для беларусаў«Хочам, каб да нас прыходзілі сур’ёзныя людзі, якія імкнуцца разьвіваць бізнэс у Польшчы»
У жніўні ў цэнтры Варшавы адкрыецца «open space» ВВС — зараз там ідзе фінальная стадыя рэнавацыі, завезена мэбля, абсталёўваюцца бясплатныя працоўныя месцы для бізнэсоўцаў, якія пераяжджаюць зь Беларусі.
«Калі кампанія была зарэгістраваная ў Беларусі альбо ўжо зарэгістраваная ў Польшчы і вядзецца рэальная дзейнасьць, ёсьць супрацоўнікі, мы з радасьцю прадаставім гэтым бізнэсоўцам працоўныя месцы на першы час.
Мы хочам, каб да нас прыходзілі сур’ёзныя людзі, якія імкнуцца разьвіваць бізнэс у Польшчы, і прапануем пляцоўку, дзе можна знайсьці аднадумцаў, сустрэцца зь іншымі бізнэсоўцамі.
Да таго ж на базе офісу будуць праходзіць мерапрыемствы: мы плянуем шэраг вэбінараў і сэмінараў на тэмы вядзеньня бізнэсу ў Польшчы. То бок, акрамя кансультацый, мы будзем расказваць беларусам, як вядзецца бізнэс у Польшчы», — кажа прадстаўнік Belarus Business Center.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году ўсе дапамагалі адно аднаму». Удзельніца пратэстаў стварыла ў Варшаве суполку для беларускіх стартапэраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў скарысталі праграму пераезду ў Польшчу