Найбольшая колькасьць ракет вылятала зь Беларусі і атакавала Ўкраіну на першай стадыі паўнамаштабнай вайны, у сакавіку, калі расейцам удалося акупаваць частку паўночнай Ўкраіны, куды яны зайшлі акурат з тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў «Саюзная рашучасьць».
Пры гэтым шэраг украінскіх чыноўнікаў, у тым ліку ў Офісе прэзыдэнта, ня верылі ў такую магчымасьць, і, як сьведчылі вайсковыя экспэрты, не рыхтавалі рэакцыі на такі сцэнар.
24 лютага бамбавалі Чарнігаўшчыну і паўднёвы захад Украіны
Пра тое, што зь Беларусі адбываюцца ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны, кіраўніцтва Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ) сказала ў першы ж дзень вайны, 24 лютага.
«З тэрыторыі Рэспублікі Беларусі выпушчана чатыры балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку», — гаварылася ў паведамленьні галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
27 лютага абстралялі Валынь
27 лютага зь беларускай тэрыторыі ракетамі абстралялі вайсковую частку ля горада Ўладзіміра (разьмешчаны на захад ад Луцку, за 15 км ад польскай мяжы. Трэцяга сакавіка прадстаўнік Пэнтагону пацьвердзіў, што ракетны абстрэл Украіны вядзецца ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі.
На 3 сакавіка было 70 пускаў ракет зь Беларусі
На 10-ы дзень вайны амэрыканскае вайсковае ведамства налічыла каля 70 пускаў ракет зь Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны.
Пік пускаў ракет быў 9 сакавіка
Чацьвёртага траўня тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведамляў, што першы пік запускаў быў зафіксаваны 9 сакавіка, і ў той дзень было зроблена мінімум 35 ракетных пускаў.
«Да пачатку красавіка запускі ішлі па нарастальнай дзень за днём, а найбольшае бамбаваньне зь Беларусі Ўкраіна зазнала 1 красавіка, у той дзень ракеты запускалі ў кожныя 10 хвілін, усяго ня менш за 56 боегаловак, якія прыкрывалі адступленьне Ўзброеных сілаў Расеі з тэрыторыі Ўкраіны».
10 сакавіка бомбы самалётаў зь Беларусі забілі двух беларусаў
У сакавіку пасьля абстрэлу горада Корасьцень загінулі два беларускія кіроўцы-дальнабойнікі, выданьне Times.zt расказала сваю вэрсію падзей. Яно сьцьвярджала, што расейскія самалёты, якія бамбавалі Корасьцень, узьляталі зь беларускага аэрадрому — меркуецца, таго, што ў Баранавічах. Пілёт Су-25СМ сваю задачу выканаў, але ў Баранавічы ўжо не вярнуўся. Самалёт быў зьбіты ўкраінскімі вайскоўцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне апублікавалі відэа зь месца авіяўдару, у выніку якога загінулі беларускія дальнабойшчыкіПазьней, даючы інтэрвію агенцтву France-Presse, Лукашэнка заявіў, што зь Беларусі ва Ўкраіну зайшла «20-тысячная групоўка расейскіх войскаў». Сваім спрыяньнем расейцам Лукашэнка груба парушыў сваю ж ваенную дактрыну.
27 сакавіка зьнішчылі нафтабазу ў Луцку
27 сакавіка кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юрый Пагуляйка заявіў, што крылатая ракета, якая 27 сакавіка пацэліла ў нафтабазу ў Луцку, прыляцела з боку Беларусі. Украінскі бок тады сьцьвярджаў, што ракета не прынесла сур’ёзных разбурэньняў і ахвяр.
29 сакавіка атакавалі Львоў
29 сакавіка Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра зьбіцьцё 2 расейскіх ракет тыпу «Х», запушчаных са зьнішчальнікаў на Львоў зь Беларусі позьнім вечарам 28 сакавіка. Але зэнітныя ракетныя войскі Ўкраіны зьліквідавалі пагрозу яшчэ за 30 км да гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра зьбіцьцё 2 расейскіх ракет, запушчаных на Львоў зь БеларусіПаўза ў красавіку і траўні
У красавіку і траўні запускаў было мала, але яны мелі месца. У гэты час украінскія і беларускія вайсковыя экспэрты займаліся абмеркаваньнем імавернасьці ўступленьня беларускага войска ў вайну, аналізавалі манэўры вайскоўцаў і сьцягваньне тэхнікі да мяжы з Украінай.
8 красавіка Свабода падрабязна напісала, чаму Расея хлусіць, заяўляючы, што не карыстаецца ракетамі «Точка-У», пасьля абстрэлу якімі на вакзале ў Краматорску загінулі звыш 40 чалавек: такія ракеты выкарыстоўваліся на сумесных беларуска-расейскіх вучэньнях. Праўда, адкуль вёўся абстрэл краматорскага вакзалу, невядома.
Ядзерная пагроза 16 красавіка
16 красавіка з тэрыторыі Беларусі ракетамі стралялі ў кірунку Паўднёваўкраінскай АЭС у Мікалаеўскай вобласьці. Палёт ракет зафіксавалі камэры назіраньня станцыі, а ў «Енергоатоме» Ўкраіны назвалі абстрэлы «чарговай акцыяй ядзернага тэрарызму Расеі». У кампаніі заявілі, што пагроза трапляньня ракет у ядзерны рэактар з магчымымі наступствамі — ядзернай катастрофай — «была высокаю».
У траўні стала вядома, што ў Берасьцейскай вобласьці, у прыватнасьці ў Лунінецкім раёне, расейцы разьмясьцілі ракетны комплекс «Іскандэр-М».
Больш за 1200 авіявылетаў і 61 пуск „Іскандэраў“
12 чэрвеня прадстаўнік Генштабу Ўкраіны Аляксей Громаў прывёў статыстыку «прылётаў»:
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны».
9 чэрвеня атакавалі Жытоміршчыну
У чэрвені першыя тры тыдні нічога пра запускі ракет зь беларускай тэрыторыі па ўкраінскіх градах не было вядома. Але выляталі самалёты. У ноч на 9 чэрвеня зь Беларусі вылецелі 3 расейскія самалёты для абстрэлу Жытоміршчыны: «1.15 ночы, Жытомірскі рэгіён, ракетны ўдар, крылатая ракета Х59. Два самалёты далучаныя з раёну Мазыра Гомельскай вобласьці і аэрадрому „Баранавічы“. Два самалёты Су-34 і адзін Су-30». Але пра наступствы тых баявых вылетаў украінскі бок не паведамляў.
25 чэрвеня цэлілі па Чарнігаўшчыне
25 і 26 чэрвеня з тэрыторыі Беларусі, як паведамлялі ўкраінскія крыніцы, стралялі па Чарнігаўскай вобласьці, адкуль зь зямлі і з самалётаў прыляцелі 20 ракет, а таксама Жытомірскай вобласьці. Як сказаў мэр Жытоміру Сяргей Сухамлін, бамбавалі рэгіён самалёты, якія вылецелі з тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заяўляюць, што раніцай расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Чарнігаўскую і Жытомірскую вобласьціДа 15 ліпеня зь Беларусі выпусьцілі 689 ракет
Украінскі праект UA War Inforgaphics 15 ліпеня прыводзіў статыстыку ў сама меней 689 ракет, запушчаных з тэрыторыі Беларусі. Гэтую ж статыстыку затым давалі некаторыя ўкраінскія СМІ.
Маштабная атака 28 ліпеня на Кіеўшчыну і Чарнігаўшчыну
Наступны маштабны абстрэл адбыўся ранкам 28 ліпеня. Украінскія ўлады ў мэтах бясьпекі пакуль не называюць аб’ектаў, абстраляных расейскімі ракетамі зь Беларусі. Вядома, што гэта Ганчароўская грамада ў Чарнігаўскай вобласьці, а таксама Вышгарадзкі і Бучанскі раёны ў Кіеўскай вобласьці. У Вышгарадзкім раёне ракеты пацэлілі ў інфраструктурны аб’ект. Але ўлады пакуль не ўдакладняюць, у які.
Вядома таксама, што некалькі ракет, запушчаных зь Беларусі, сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі пад Кіевам. Папярэдне ў Кіеўскай вобласьці ніхто не пацярпеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды трапілі расейскія ракеты «Іскандэр», якія запусьцілі па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі 28 ліпеняАкрамя таго, за больш як 150 дзён паўнамаштабнай вайны розныя крыніцы, у тым ліку ўкраінскія тэлеграм-каналы, распаўсюджвалі іншую інфармацыю пра абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі зь беларускага боку, але шэраг зьвестак не атрымалі пацьверджаньня або абстрэлы вяліся расейцамі зь іншых пазыцый.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.