Хроніка перасьледу 28 ліпеня: Судзяць айцішніка за перадачу ў СМІ фота расейскай вайсковай тэхнікі; затрымалі баранавіцкую актывістку

Андрэй Уткін

Рэпрэсіі беларусаў працягваюцца.

Пракурор запатрабаваў 2 гады калёніі айцішніку, які перадаў СМІ фота расейскай вайсковай тэхнікі

Гомельскі абласны суд 27 ліпеня разглядае крымінальную справу 30-гадовага IT-спэцыяліста Андрэя Уткіна, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Справу разглядае судзьдзя Руслан Царук.

На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, а менавіта вайсковыя «КамАЗы» зь літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Палітзьняволенага Уткіна затрымалі 31 сакавіка і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 3 Гомля.

У першы дзень судовага пасяджэньня, 26 ліпеня, судзьдзя Царук запытаў Уткіна, чаму той адправіў фатаздымак менавіта ў «Беларускі Гаюн», а не ў «СБ. Беларусь сегодня» ці АНТ, паведамляюць праваабаронцы.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць яго 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Чакаецца, што прысуд будзе вынесены 1 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі завялі крымінальную справу

Дзяўчыну аштрафавалі за рэпост 2018 году аб сьмерці Міхала Анемпадыстава

Суд Наваполацку аштрафаваў мясцовую жыхарку на 800 рублёў за рэпост, зроблены ў 2018 годзе, паведамляе «Віцебская Вясна». Ад арышту яе ўратавала тое, што яна мае малое дзіця.

Кацярыну Вінакураву прызналі вінаватай па артыкуле 19.11 КаАП за рэпост артыкула аб сьмерці паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцьця ў 2018 годзе. Пра гэта шырока паведамлялася ў прэсе, і Кацярына перапосьціла матэрыял аднаго са старэйшых беларускіх выданьняў, якое было прызнана экстрэмісцкім.

Па словах Кацярыны, 11 ліпеня да яе дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі, каб яна разам зь імі паехала ў аддзяленьне міліцыі для складаньня пратаколу аб распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кацярына адмовілася, бо мае грудное дзіця. «Вартаваць» яе пакінулі аднаго міліцыянта, а астатнія паехалі на працу, каб прывезьці паперы. У выніку суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў штраф.

2,5 года калёніі студэнту за тое, што адпраўляў зьвесткі пра вайсковыя самалёты ў Nexta

Аляксандар Загдай быў затрыманы ў чэрвені 2022 году. Яго зьмясьцілі ў СІЗА па абвінавачаньні ў тым, што ён «сыстэматычна прадстаўляў інфармацыю тэлеграм-каналу Nexta». Гэта кваліфікавалі як злачынства па ч.1 арт.361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паведамляе «Берасьцейская Вясна».

19 і 22 ліпеня адбыўся суд. Абвінавачаньне сьцьвярджае, што Аляксандар з 13 кастрычніка 2021 году па 17 сакавіка 2022 году перасылаў «неўстаноўленым асобам паведамленьні аб руху авіятэхнікі ў Баранавічах».

Судзьдзя Валянціна Куніцкая зь Берасьцейскага абласнога суду пастанавіла: прызнаць Аляксандра вінаватым, прызначыць 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў айцішніцу з EPAM, якая працуе ў Літве

У Баранавічах затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. У міліцыю выклікалі і яе сына

27 ліпеня ў міліцыю выклікалі лідэрку баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую, паведамляюць праваабаронцы.

Зь міліцыі жанчыну ня выпусьцілі. Праваабаронцам стала вядома, што сёньня ў міліцыю выклікаюць і ейнага сына.

Тамара Патоцкая была да выбараў у Баранавічах вядомая таксама як гаспадыня аграсядзібы «Чыжы», што непадалёк ад гораду.

Таксама жанчына была кандыдаткай пратэсту паводле стратэгіі Мікалая Статкевіча. Яна ў 2020 годзе падавала дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, але ейнай заяўкі не зарэгістравалі.

19 траўня 2020 году Тамару Патоцкую затрымалі ў Вярхоўным судзе, куды яна прыйшла на разгляд скаргі. І праз пару дзён асудзілі за тое, што яна нібыта не падпарадкавалася «законным патрабаваньням міліцыянта» пакінуць судовую залю. Жанчына расказала, што ў РУУС яе «білі па нырках, калі забіралі тэлефон... Калі абшуквалі, разьдзявалі дагала».

У Менску затрымалі рабочага, калі той прыйшоў пісаць заяву аб крадзяжы

У Менску затрымалі маладога чалавека 1997 году нараджэньня, калі ён прыйшоў у аддзяленьне міліцыі напісаць заяву аб крадзяжы мабільнага тэлефона. Праўладны канал сьцьвярджае, што ён прыйшоў у міліцыю ў «бчб-шнай майцы» — футболцы з выявай герба «Пагоня» і надпісам «Беларусь». Таксама незадаволенасьць сілавікоў выклікала «экстрэмісцкая» татуіроўка на руцэ хлопца.

У «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што працуе дапаможным працоўным на перапрацоўчым прадпрыемстве, зьяўляўся фанатам «Тарпеда Менск», удзельнічаў у пратэстах. Малады чалавек кажа запінаючыся і блытае словы. Відэа было запісана зь некалькіх дубляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволены экс-супрацоўнік мэтро павінен быў выйсьці на волю, але атрымаў новы прысуд

Трэнэра пакаралі 2 гадамі калёніі за паведамленьні ў тэлеграм-чаце

37-гадовага спартыўнага трэнэра па армрэстлінгу з аграгарадка Сноў Нясьвіскага раёну Аляксея Грыцкевіча 21 ліпеня ў Менскім абласным судзе абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і «распальваньні сацыяльнай варожасьці».

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, у лютым з мабільнага тэлефона Аляксей Грыцкевіч «падрыхтаваў і разьмясьціў у дэструктыўным тэлеграм-чаце паведамленьні, у якіх публічна абразіў кіраўніка дзяржавы». А празь месяц, таксама ў тэлеграм-чаце, «апублікаваў відэапаведамленьне, у якім заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да групы асоб, аб’яднаных па прыкметах нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасьці».

Праваабаронцы паведамляюць, што Аляксея затрымалі 6 сакавіка — супрацоўнікі САХРа выламалі дзьверы ў кватэру. 28 чэрвеня КДБ унёс Грыцкевіча ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.

На судзе Аляксей віну не прызнаў.

Судзьдзя Алена Місьнік на падставе ч. 1 арт. 368 і ч. 1 арт. 130 КК РБ прысудзіла Грыцкевічу 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскага тату-майстра Алега Фалея пакаралі 15-сутачным арыштам