Пастара гомельскай царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Жывая вера» Дзьмітрыя Падлобку будуць судзіць паводле адміністрацыйнага артыкулу аб «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» за правядзеньне без дазволу воднага хрышчэньня. Аб гэтым паведаміў у тэлеграм-канале пастар менскай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка.
«28 ліпеня 2022 на 9:00 ён запрошаны ў міліцэйскі ўчастак для пратаколу і далейшага суду за правядзеньне воднага хрышчэньня без належнага на тое дазволу. Артыкул, паводле якога абвінавачваюць, 24.23 КаАП, і гэта паўторнае прыцягненьне».
Ганчарэнка заклікаў маліцца за тое, каб «ніхто не прычыніў пастару ніякае шкоды».
Абрад хрышчэньня ў пратэстантаў часта адбываецца на адкрытых вадаёмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу жыць дружна з чалавекам, які творыць зло». Вялікае інтэрвію з пастарам-палітуцекачом Тарасам ЦялькоўскімГомельскую царкву «Жывая вера» заснавалі ў 1997 годзе сужэнцы з Магілёва Дзьмітры і Аксана Падлобкі сумесна зь місіянэрам з Даніі Эрлінгам Ляўрсэнам. Царква ўваходзіць у склад Рэспубліканскага аб’яднаньня грамадаў хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі, япіскупам якога зьяўляецца Вячаслаў Ганчарэнка.
Пастара Дзьмітрыя Падлобку ўжо не ўпершыню перасьледуюць улады. Некалькі гадоў таму перад набажэнствам у будынак зарэгістраванай у Гомлі пратэстанцкай грамады «Жывое слова» прыйшлі разам зь міліцыяй і невядомымі ў цывільным прадстаўнікі ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму й адміністрацыі Савецкага раёну. Наведнікі заявілі, што сходы й набажэнствы ў памяшканьні незаконныя, а музыка перашкаджае суседзям. Пракуратура Савецкага раёну вынесла тады пастару Дзьмітрыю Падлобку афіцыйнае папярэджаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр сьвятар Сяргей Гардун, перакладчык рэлігійных тэкстаў на беларускую мову