Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі ўжо больш за два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязьня ўжо перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зьняволеньня. У сярэдзіне ліпеня дадому да Ігара ў Баранавічах зноў прыйшлі людзі ў форме.
«Гэта адбылося некалькі тыдняў таму, — расказала Дар’я Лосік. — Стук у дзьверы, дзьве дзяўчыны ў форме. Сказалі мне, што я ўжо, напэўна, ведаю, хто яны такія і чаму яны прыйшлі. Я іх пусьціла. Напэўна, спрачацца зь імі і не пускаць — справа бессэнсоўная. Яны папярэдзілі, што могуць выклікаць міліцыю, калі я буду ім перашкаджаць. Усё ў лепшых традыцыях было. Але дзеля справядлівасьці скажу, што паводзілі сябе даволі ветліва. Нават вельмі ветліва. Бахілы надзелі».
Дар’я расказвае, што прыставы абышлі ўсе пакоі, шукаючы, што б можна было апісаць. Ігар і Дар’я даўно ў афіцыйным шлюбе, таму ўсё, што знаходзіцца ў кватэры, можа быць арыштавана.
Сума шкоды, нанесенай дзяржаве, паводле вэрсіі суду, дзейнасьцю Ігара Лосіка і іншых фігурантаў ягонай справы, складае 2,5 мільёна рублёў, да гэтага дадаюцца каля 130 тысяч рублёў судовых выдаткаў. Усе гэтыя грошы дзяржаўныя органы зьбіраюцца спагнаць з родных асуджаных. Супрацоўнікі Аддзелу прымусовага выкананьня могуць прыйсьці ў любы час без папярэджаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жахлівае злоўжываньне дзяржаўнай уладай». Прэзыдэнт РСЭ/РС выказаўся пра ўнясеньне Ігара Лосіка ў «сьпіс тэрарыстаў»«Арыштавалі тэлевізар, — працягвае Дар’я. — Піяніна таксама, хоць яго набылі бацькі, яшчэ калі я пайшла ў першую клясу. Але дакумэнтаў аб яго набыцьці ў мяне не было, таму яго таксама арыштавалі. Чайнік арыштавалі, камплект мэблі зь люстрам. Усё, што было набыта ў шлюбе. Як адна з супрацоўніц АПВ мне патлумачыла, я магу выкупіць сваю маёмасьць. Усю, альбо тую, якую захачу».
Каб выкупіць сваю арыштаваную дзяржавай маёмасьць, Ігар Лосік павінен атрымаць дазвол у Аддзеле прымусовага выкананьня. Пералічыць грошы на дзяржаўны рахунак можна будзе толькі пасьля гэтага. Цяпер маёмасьць Лосікаў арыштаваная, Дар’я ня мае права нават ёю карыстацца.
«Нельга карыстацца, нельга перамяшчаць па кватэры, нельга ламаць, нельга з гэтымі прадметамі выконваць нейкія дзеяньні, — расказвае Дар’я Лосік. — Мой чайнік зараз пад хатнім арыштам. Кватэра, у якой мы цяпер жывём, — уласнасьць маіх бацькоў. Яна па законе ня мае ніякага дачыненьня да справы Ігара. Калі б гэта быў наш дом, то, як я разумею, яго таксама маглі б арыштаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенага Ігара Лосіка ў калёніі паставілі на прафіляктычныя ўлікі і зрабілі вымовуАрыштаваная ў Лосікаў маёмасьць будзе выстаўленая на продаж у тым выпадку, калі Дар’я і Ігар ня стануць яе выкупляць альбо не атрымаюць дазволу на гэта. Фатаздымкі з тэлевізарам, чайнікам і іншай маёмасьцю Лосікаў выставяць на сайце крамы канфіскату. Калі нехта захоча штосьці з арыштаванага набыць, Дар’і пазвоняць і раскажуць пра гэта.
«Частку з арыштаванага я хачу выкупіць, — кажа Дар’я Лосік. — Але рэшту, відаць. я ім аддам. Калі ім так патрэбна. Акрамя гэтага, мне сказалі, што раз сума нанесенай шкоды вялікая і ў кватэры ў мяне наўрад ці знойдзецца столькі маёмасьці, то яны могуць хадзіць да мяне зь нейкай пэрыядычнасьцю і апісваць новую маёмасьць. Гэта значыць, што калі я зараз сабе нешта набуду сама, то гэта таксама могуць арыштаваць і потым забраць».
На мінулым тыдні Дар’я змагла зрабіць Ігару ў калёнію вялікую перадачу вагой 50 кіляграм. Яе прынялі і цалкам перадалі. Акрамя гэтага, Ігар Лосік напісаў заяву на тэлефанаваньне жонцы. Цяпер Дар’я чакае званка ад мужа, які можа здарыцца ў любы момант. Наконт магчымага спатканьня ў калёніі інфармацыі пакуль няма. Памяшканьне для сустрэчаў па-ранейшаму на рамонце, да таго ж Ігара, як і іншых палітвязьняў, могуць спатканьня пазбавіць.
«Ігар піша, што ходзіць на працу ў атрадзе, — дадае Дар’я Лосік. — Лісты па-ранейшаму даходзяць толькі ад блізкіх родных. Усё па-старому».
На ўціск сям'і Лосікаў адрэагаваў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) Джэймі Флай:
«Гэты абуральны перасьлед Ігара і Дар’і зьяўляецца відавочнай спробай запалохваньня з боку рэжыму Лукашэнкі. Мы асуджаем гэты гвалт над Ігарам і яго сямʼёй і працягваем патрабаваць яго неадкладнага вызваленьня з-за кратаў».
Напісаць Ігару можна па адрасе ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працуе шэсьць дзён на тыдзень, сартуе „бубкі“». Ігар Лосік за кратамі 748 дзёнКрымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.