На могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне паставілі крыж на магілу беларускага навукоўца Барыса Кіта, які памёр у 2018 годзе. Ім замянілі драўляны крыж, які стаяў з пахаваньня Барыса Кіта. Каваны мэталічны крыж на ўзор Крыжа сьвятой Эўфрасіньні вырабіў мастак Юрась Фурс з Пастаўшчыны, чыіх, рэпрэсаваных пазьней, бацькоў Барыс Кіт вучыў калісьці ў пастаўскай сэмінарыі.
Такі самы крыж раней паставілі ля Карэлічаў у памяць маці Барыса Кіта Ксеніі Зуравай. Яе месца пахаваньня не зьбераглося, таму гэтае месца стала яе сымбалічнай магілай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягамАрганізаваў перадачу крыжа зь Беларусі сябра Барыса Кіта Андрэй Майсяёнак, паставілі яго беларускія актывісты з Бэльгіі Янка Дзяшук, Дзьмітры Піменаў, Аляксей Радчанка і прадстаўнік украінскай дыяспары ў Вісбадэне Леанід Сьмірноў.
Побач з Барысам Кітом у 2018 годзе пахавалі і ягоную жонку Тамару Казевіч. Магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч раней упарадкавалі за кошт дачкі Тамары Казевіч Ірэны і ўнука Аляксандра. Яны ж паставілі каменны помнік Тамары.
Барыс Уладзімеравіч Кіт (06.04.1910–01.02.2018) быў беларускім настаўнікам і асьветнікам у міжваеннай Польшчы, а таксама падчас савецкай і нямецкай акупацыяў Заходняй Беларусі, рэалізаваў сябе як амэрыканскі навуковец і прафэсар, зрабіў свой унёсак у касьмічную праграму ЗША, стаў актыўным сябрам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ён быў шчырым патрыётам Беларусі і Злучаных Штатаў, марыў пра дэмакратычную і эканамічна расквітнелую Бацькаўшчыну.
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Барыс Кіт скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьняЗа беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеду, за хмары!» Барыса Кіта, якому сёньня споўнілася б 110 гадоў, успамінаюць сын і ўнук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыс Кіт расказвае, як дажыць да 100 гадоў