Супрацоўнікі ГУБАЗіК і САХРу разграмілі друкарню ў Барысаве за бела-чырвоныя колеры, у якіх яна была аформленая. Прычынай абурэньня сілавікоў стала таксама таблічка на дзьвярах з надпісам, што супрацоўнікі МУС, МНС, санстанцыі, КДБ, падатковай могуць увайсьці, толькі пазваніўшы. Пра гэта піша Reform.by.
Як і іншыя публікацыі з пагромамі, відэа было аформлена ў стылі расейскай перадачы «Кватэрнае пытаньне». На відэа «пасьля» відаць раскіданыя ў друкарні рэчы і мэбля.
У «пакаяльным» відэа хлопец кажа, што зрабіў рамонт «у стылі бел-чырвона-белай сымболікі». Дзяўчына кажа, што гэты стыль састарэў і яна будзе рабіць рамонт «у новым сучасным стылі». Затым у кадры паказваецца, як яна зьдзірае са сьцяны чырвоную паперу і прыбірае таблічку ля ўваходу.
На інцыдэнт тут жа адрэагаваў прапагандыст тэлеканалу СТВ Рыгор Азаронак. Камэнтуючы шэрагам нецэнзурных выразаў як саму дзейнасьць друкарні, так і «пакаяльныя» відэа затрыманых супрацоўнікаў, Азаронак заклікаў сярод іншага «адстрэльваць такіх гнід».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі разграмілі кватэру прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў». Гэта ня першы выпадак, але ці законна такое пры ператрусе?