Беларуска прыехала на радзіму, каб памяняць пашпарт. Па дарозе назад яе затрымалі за незаконны пераход мяжы

Украінскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Беларусі вымушаная была з Украіны праз Польшчу паехаць у Беларусь, каб абмяняць пашпарт у сувязі з дасягненьнем 45-гадовага ўзросту.

На зваротным шляху яе затрымалі ўкраінскія памежнікі за незаконнае перасячэньне мяжы і склалі акт аб адміністрацыйным правапарушэньні.

У судзе беларуска паведаміла, што вымушана была ехаць у Беларусь праз Польшчу, бо беларуска-ўкраінская мяжа закрытая, а консульства Беларусі ва Ўкраіне, дзе яна магла б абмяняць пашпарт у сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня, не працуе. Ва Ўкраіне яна мае сям’ю і від на сталае пражываньне.

Памяняўшы пашпарт, яна не змагла атрымаць польскую візу, каб вярнуцца тым жа шляхам, таму вырашыла перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу, нягледзячы на тое, што пункты пропуску закрытыя ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У Беларусі, як яна падкрэсьліла, ёй не было дзе жыць.

У Жытомірскай вобласьці яе затрымалі ўкраінскія памежнікі і накіравалі ў суд матэрыялы аб прыцягненьні грамадзянкі Беларусі да адказнасьці: паводле ўкраінскага заканадаўства, ёй пагражалі штраф або арышт да 15 сутак.

Але суд выслухаў яе гісторыю і закрыў справу, не знайшоўшы складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

Усе супрацоўнікі амбасады Беларусі ва Ўкраіне на чале з паслом Ігарам Сокалам выехалі з Украіны 19 сакавіка 2022 году. У якасьці прычыны эвакуацыі амбасадар Сокал назваў «невыносныя ўмовы працы — у прыватнасьці, пасольству заблякавалі ўсе фінансавыя рахункі, а супрацоўнікам нібыта паступалі «пагрозы фізычнай расправы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня іх грамадзяне». Ці рэальна беларусу за мяжой атрымаць дапамогу ў амбасадзе?