У Менску затрымалі 42-гадовую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Сілавікі абвінавачваюць яе ва ўдзеле ў пратэстах, паведамляюць незалежныя СМІ са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы, якія апублікавалі «пакаяльнае» відэа жанчыны.
Аўтары публікацыі сьцьвярджаюць, што настаўніцу затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе.
Палітзьняволеную пэнсіянэрку Галіну Дзербыш зьмясьцілі ў карцар на 7 сутак
Хворую на анкалёгію пэнсіянэрку Галіну Дзербыш, якую цяпер судзяць па «справе Аўтуховіча», учора зьмясьцілі ў карцар тэрмінам на 7 сутак. Як паведамляе «Наша Ніва», прычынай стала яе адмова праходзіць «рамку»: перад пасяджэньнямі абвінавачаных прымушаюць разьдзявацца і праходзіць праз сканэр.
Нядаўна перад чарговым пасяджэньнем Галіна таксама адмовілася разьдзявацца і даваць рэчы на праверку. Тады з яе пачалі сьцягваць вопратку зь яе сілай, падчас гэтага парвалі майку жанчыны. На судзе была бачна дзірка сантымэтраў дзесяць на баку.
Галіна Іванаўна мае інваліднасьць другой групы, у яе анкалягічнае захворваньне і праблемы з сэрцам. Жанчына атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. На адным з пасяджэньняў Галіна заявіла, што падчас сьледзтва ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 ліпеня: 2 гады калёніі за відэа расейскай вайсковай тэхнікі, 2 гады «хатняй хіміі» — за абразу ЛукашэнкіУ Маладэчне затрымалі экс-палітвязьня Аляксандра Казакевіча
У Маладэчне зь невядомай прычыны затрымалі экс-палітвязьня, рок-музыку Аляксандра Казакевіча, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
19 ліпеня судзьдзя Вольга Дубовік прысудзіла яму 1,5 года «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову) за абразу прадстаўніка ўлады. Казакевіча вызвалілі ў залі суду, паколькі да моманту вынясеньня прысуду на працягу трох месяцаў ён знаходзіўся пад вартай.
Жанчыну, якая прыйшла ў міліцыю падаваць заяву аб крадзяжы, асудзілі на 1,5 года калёніі за абразу Лукашэнкі
Суд Сьветлагорскага раёну вынес прысуд жыхарцы вёскі Стракавічы Натальлі Леановіч, абвінаваціўшы яе ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК). Справу разглядала судзьдзя Галіна Гулевіч, паведамляе «Вясна».
Судовае пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме ў памяшканьні былога прафэсійнага ліцэю хімікаў, дзе часова разьмяшчаецца раённы суд.
Пра Леановіч вядома, што яна пайшла падаваць заяву ў міліцыю на крадзеж, які сапраўды адбыўся, а нападпітку выказала ў аддзеле ўсё, што думае пра Лукашэнку. Супрацоўнікі міліцыі завялі на яе крымінальную справу.
У выніку суд прысудзіў ёй 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў накіраваць яе на прымусовае лячэньне ад алькагалізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 ліпеня: 2 гады калёніі за камэнтар у «справе Зельцара»Год «хатняй хіміі» за зьдзек са сьцяга
Суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў вынес рашэньне па справе Віталя Галавача, якога абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні злачынства па арт. 370 «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Судзьдзя Мікалай Кміта прысудзіў яму 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Падрабязнасьцяў з залі суду практычна няма, але ад вартых даверу крыніц праваабаронцам стала вядома, што да крымінальнай адказнасьці Галавача прыцягнулі за тое, што ён сфатаграфаваўся з чырвона-зялёным сьцягам на фоне нацысцкай свастыкі і вывесіў гэты фатаздымак у сацыяльныя сеткі.
На ўтрыманьні ў Віталя Галавача — дзіця з інваліднасьцю і жонка з анкалягічным захворваньнем.