«Пры чым Аляксандар Неўскі да нашага Мазыра ў разгар вайны ва Ўкраіне?» У Мазыры хочуць высекчы частку лесапарку пад будоўлю

Мазыр, ілюстрацыйнае фота

Мазырскія ўлады на просьбу Тураўскай япархіі хочуць высекчы частку адзінага ў горадзе лесапарку і пабудаваць там царкву імя расейскага палкаводца Аляксандра Неўскага. Улады абвясьцілі грамадзкія слуханьні. Людзі — збор подпісаў супраць зьнішчэньня лесапарку.

Што адбываецца

Лесапарк «Моладзевы» — папулярная ў Мазыры мясьціна для адпачынку, заняткаў спортам. Тут ёсьць пешаходныя і бегавыя маршруты, спартовыя пляцоўкі.

«Штодзень у зоне лесапарку каля сотні жыхароў Мазыра займаюцца фізкультурай і спортам. Тут жа праходзяць спартовыя спаборніцтвы, лыжныя гонкі.

У зімовы час гэта адзінае месца, дзе можна займацца на бегавых лыжах. Тут займаюцца фізкультурай навучэнцы мэдычнага і політэхнічнага каледжаў, ліцэяў будаўнікоў і геолягаў. На працягу навучальнага году штодзень у лесапарку займаюцца фізкультурай каля 500 навучэнцаў», — напісалі жыхары Мазыра ў звароце да ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За злачынствы супраць нашай дзяржавы». Украінскі горад скасаваў дамову аб сувязях зь беларускім горадам-пабрацімам

Яны супраць будаўніцтва царквы менавіта ў лесапарку.

«Цэркваў у нас дастаткова, а лесапарк адзін. Я разумею, што блізкасьць царквы да шпіталя выгадная для сьвятароў. Але нам трэба лесапарк. Тым больш ну пры чым Аляксандар Неўскі да нашага Мазыра ў разгар вайны ва Ўкраіне? У нас ёсьць свае беларускія сьвятыя», — сказаў у камэнтары Свабодзе жыхар Мазыра.

Грамадзкія слуханьні праходзяць з 3 па 27 ліпеня.

Па вэрсіі ўладаў, мэта праекту — «ушанаваньне памяці сьвятога князя Аляксандра Неўскага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакарэньне Сібіру — ваенная агрэсія». Расейскі гісторык камэнтуе крамлёўскі міт аб «міралюбстве» Расеі

«Жыхары мікрараёну ня стануць нішчыць астраўкі жывой прыроды»

Праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі нагадвае, што ў Беларусі ёсьць Сабор беларускіх сьвятых.

«Але выбар Аляксандра Неўскага — гэта абсалютна ў рэчышчы „победобесия“, якое прапагандуе РПЦ», — сказаў сьвятар у камэнтары Свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь мяшком на галаве і зьвязанымі рукамі. Расейцы вывезьлі ўкраінскага падлетка ў дзіцячы дом у Беларусі, але там яго выратавалі

Ён лічыць, што будаўніцтвам чарговага храма ў Мазыры «РПЦ і яе структурнае падразьдзяленьне БПЦ працягваюць займацца імітацыяй жыцьця».

«Арганізацыя новага прыходу павінна адбывацца так: „Там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё, там і я сярод іх“, што значыць — вакол „нізавой“ ініцыятывы вернікаў, якія, хутчэй за ўсё, жывуць па суседзтве, у непасрэднай блізкасьці ад будучага храма. Але кожнаму зразумела, што жыхары мікрараёну ня стануць нішчыць у нашых гарадзкіх умовах астраўкі жывой прыроды, паркі», — кажа сьвятар.

Радыё Свабода накіравала ў Тураўскую япархію запыт з просьбай патлумачыць пазыцыю наконт пабудовы царквы. Калі будзе атрыманы афіцыйны адказ, ён будзе неадкладна апублікаваны на сайце Радыё Свабода.