Бязьвізавы рэжым для грамадзян 70 краін Беларусь упершыню ўвяла ў лютым 2017 году. Спачатку ён быў 5-дзённы, пасьля павялічыўся да 10 дзён. Прыяжджаць бязь візы замежнікам у Беларусь дазвалялася альбо праз Нацыянальны аэрапорт, альбо праз наземныя памежныя пераходы пры ўмове наведваньня памежных пераходаў і набыцьця некаторых паслуг у мясцовых турапэратараў. Пасьля падзей 2020 году беларускія ўлады сьпіс «бязьвізавых» замежнікаў скарацілі. Адтуль, напрыклад, прыбралі грамадзян ЗША.
У сярэдзіне красавіка 2022 году афіцыйны Менск нечакана адмяніў беларускія візы для літоўцаў і латышоў. Спачатку на месяц, пасьля да канца 2022 году. 1 ліпеня да іх дадаліся грамадзяне Польшчы. Ці паехалі яны ў Беларусь, скарыстаўшы Лукашэнкаву ласку, Свабодзе расказалі жыхары Горадні і Берасьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынік «бязьвізу»: Беларусь павялічыла экспарт аздараўленчых паслуг на 15 адсоткаў за квартал«Літоўцаў даволі шмат, а вось палякаў няма»
Найбліжэйшы шлях з Польшчы ў Горадню ляжыць праз памежны пераход у Кузьніцы. Ён быў закрыты ў лістападзе 2021 году праз крызіс з удзелам уцекачоў з Сырыі і Іраку і дагэтуль ня дзейнічае. Таму, каб даехаць ад польскай мяжы да Горадні, цяпер трэба дабірацца не 20 кілямэтраў, а каля 70 — ад пераходу ў Баброўніках. Вось як апісвае сытуацыю Свабодзе жыхар Горадні.
«Няма ў нас палякаў, амаль няма, — кажа суразмоўца. — Мне падаецца, што толькі тыя, хто да якіх сваякоў прыяжджае па нейкіх вельмі сямейных справах. Але і такіх няшмат зусім. Учора я бачыў у горадзе цэлы аўтобус літоўцаў, а палякаў як не было, так і няма. Тое самае, што і раней (да ўвядзеньня бязьвізавага ўезду для грамадзян Польшчы з 1 ліпеня. — РС)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе БеларусьСуразмоўца дадае, што палякаў не відаць нават на запраўках на выездах з Горадні. У адрозьненьне ад тых жа літоўцаў, напрыклад.
«Літоўцаў даволі шмат, саляравозаў, стаяць на старэнькіх „пасатах“ на запраўках, у чэргах на мяжы, — расказвае гарадзенец. — А вось палякаў няма. Да ўсяго гэтага (пандэміі, пратэстаў і пачатку вайны. — РС) палякаў шмат было ў горадзе».
«Да 1 ліпеня палякі зьвярталіся, паўтара чалавека на месяц»
Супрацоўніца адной з горадзенскіх турфірмаў пацьвярджае, што польскія турысты не сьпяшаюцца карыстацца раптоўным «бязьвізам» ад афіцыйнага Менску.
«Да пандэміі польскіх турыстаў у Горадні было шмат, прыяжджалі цэлымі групамі, аўтобусамі, адразу на некалькі дзён, — расказвае яна. — Гэта літоўцы бралі туры на адзін дзень, а палякі ехалі адразу на 2–3 дні. У Горадні спыняліся, пасьля ехалі на месца нараджэньня Чэслава Немэна, у Наваградак, яшчэ некуды. Зараз гэтага нічога няма, не дапамог і „бязьвіз“ з 1 ліпеня. Яны не вяртаюцца пакуль усё адно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Менск „працягвае руку“, усе ўжо ведаюць, што ў другой ён трымае дулю альбо камень», — СьлюнькінПа словах суразмоўцы, пытаньні выклікае і сам спосаб «завабліваньня» палякаў у Беларусь. Калі раней на візытах суседзяў маглі зарабляць беларускія турфірмы і экскурсаводы, то хто цяпер мае з гэтага прыбытак, цяжка зразумець.
«Да 1 ліпеня да нас зьвярталіся палякі, каб атрымаць магчымасьць заехаць у Беларусь па „бязьвізе“, — кажа супрацоўніца адной з горадзенскіх турфірмаў. — Але гэта было так, „1,5 чалавека“ ў месяц. Зараз ужо не зьвяртаюцца, бо могуць прыехаць і бяз нашай дапамогі. Таму колькі іх прыяжджае ў выніку, ніхто з турыстычнай сфэры вам ня скажа. Як і тое, на што яны трацяць грошы і як доўга застаюцца ў Беларусі. Раней мы маглі хаця б неяк адсачыць турыстаў з Польшчы, нешта зарабіць на іх. А цяпер яны сядаюць і едуць, робяць што хочуць тут».
«На мяжы прастаялі 17 гадзін»
Пра тое, што ранейшага патоку прыежджых з Польшчы няма і блізка, у размове са Свабодай расказалі таксама жыхары Берасьця. Прычым тут, у адрозьненьне ад Горадні, няма і «бязьвізавых» літоўцаў.
«Не чуваць палякаў зараз ні на Савецкай (папулярная ў турыстаў пешаходная вуліца ў цэнтры Берасьця. — РС), ні ў іншых месцах, — кажа жыхар Берасьця. — Цягнікі ж па-ранейшаму ня ходзяць з Тэрэспаля таксама. Раней (да 2020 году. — РС) палякаў было ў нас вельмі шмат. Прыяжджалі нешта купіць, як турысты прыяжджалі. Цяпер зусім няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь магла падоўжыць бязьвізавы рэжым для жыхароў балтыйскіх краін у інтарэсах сваіх спэцслужбаў, лічаць у ЛітвеСуразмоўцы кажуць, што на магчымасьць прыехаць у Беларусь з Польшчы могуць уплываць праблемы на мяжы Беларусі з Эўразьвязам. Пасьля пачатку вайны праехаць яе стала праблематычна, нават маючы ўсе неабходныя дакумэнты. У чарзе на Варшаўскім мосьце можна прастаяць нават 17 гадзін. Тое самае і ў Бераставіцы.
«На мяжы страшныя чэргі, — расказала Свабодзе жыхарка Горадні. — Магчыма, гэта таксама ўплывае на палякаў. Бо ў тых жа Баброўніках нават па платнай чарзе можна стаяць чатыры гадзіны (рэгістрацыя ў чарзе на канкрэтны час перасячэньня мяжы каштуе 32 рублі. — РС). А калі ты спрабуеш па бясплатнай, то значна даўжэй. І назад такія ж чэргі стаяць. Ехаць празь мяжу без папярэдняй рэгістрацыі — гэта зараз як трапіш. У Польшчу езьдзяць у тым ліку празь Літву. Мае знаёмыя нядаўна змаглі за гадзіну праехаць у Прывалцы. А іншыя прастаялі там 17 гадзін».
Паводле Памежнага камітэту Беларусі, за першыя пяць дзён бязьвізавага рэжыму ў Беларусь прыехалі 150 палякаў. Сьвяжэйшай статыстыкі ведамства не публікавала.