«Мая сям’я заўсёды была супраць улады»
Беларус кажа, што пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» ведаў з маленства — уся ягоная сям’я была супраць рэжыму. Яго малым бралі на акцыі. «У пятай ці шостай клясе я адзін хадзіў на акцыю, нават фатаздымак з газэты захаваўся. Хадзіў на акцыі і ў студэнцкія гады. У партыі я не ўступаў, але ўлады не падтрымліваў», — апавядае «Кроп».
Ён вывучыўся на лекара. У 2019 годзе вырашыў пераехаць ва Ўкраіну. Кажа, што больш з эканамічных прычын.
«Аплата мэдыкаў у Беларусі і Ўкраіне моцна адрозьніваецца, не на карысьць нашай радзімы. У Беларусі яшчэ шмат праблем з нармальным працаўладкаваньнем. Напрыклад, каб працаваць у прыватнай клініцы, трэба мець першую ці вышэйшую катэгорыю. Але атрымаць яе можна толькі праз пяць гадоў працы, скажам, у звычайнай паліклініцы. За такі час можна і дэградаваць там. Ва Ўкраіне ўсё гэта значна прасьцей. За год я набыў нармальны досьвед. На маю думку, у Кіеве большы доступ да ўсяго сучаснага ў мэдыцынскай галіне», — патлумачыў беларус.
Ён працаваў доктарам у Кіеве. За падзеямі 2020 году на радзіме сачыў, маральна падтрымліваў беларусаў. Але сам у Беларусі ня быў — кажа, што не было магчымасьці. Увосень 2020 году Беларусь сама «прыехала» да яго — у Кіеў пачалі зьяжджацца палітычныя ўцекачы.
«Кроп» далучыўся да беларускай суполкі, браў удзел у акцыях салідарнасьці на Майдане і каля беларускай амбасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, стану прэзыдэнтам Расеі». Добраахвотнік «Ліс» пра тое, як закідваў «раёнку» яйкамі і як служыў ва ўкраінскай арміі«24 лютага сябры з розных краін пачалі пісаць: «Уставай, пачалася вайна!»
Вайну «Кроп» сустрэў у Кіеве. Кажа, зь лістапада думаў, што «нешта адбудзецца». Але 100% упэўненасьці не было. У лютым, кажа беларус, у яго было ўжо 95% упэўненасьці, што будуць ваенныя дзеяньні. Але ён думаў, што вайна хутчэй закране ўсход Украіны, ніяк ня Кіеў. Тым ня менш беларус хадзіў на курсы для цывільных па асновах мэдыцыны ў баявых умовах і па карыстаньні зброяй.
«У ноч на 24 лютага доўга ня мог заснуць. Нейкае прадчуваньне было. Раніцай пачуў выбухі. Ня верыў сваім вушам. Тут пачалі пісаць сябры з розных краін: „Уставай, пачалася вайна!“. У першы дзень вайны я нават не задаваўся пытаньнем, што буду зьяжджаць. Паехаў у бамбасховішча. Пасядзеў там некалькі гадзін. Зразумеў, што няма там чаго рабіць. Спрабаваў здаць кроў — але яе ўжо было дастаткова, стаялі вялізныя чэргі. Спрабаваў запісацца ў тэрытарыяльную абарону. Запоўнілі з прыяцелямі анкеты. Нам адказалі, што да іх і так запісалася ў 2-3 разы больш людзей, чым трэба. Ад знаёмых даведаўся, што беларусы могуць далучыцца да тады яшчэ тэрытарыяльнай абароны пры „Азове“. З гэтага пачынаўся батальён, затым полк Каліноўскага», — расказаў «Кроп».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іван хацеў стрэліць з гранатамёта ў танк, стаў у поўны рост — і яго адразу расстралялі». Сьведка пра гібель «Брэста» і іншых беларусаў«Абстрэлы былі інтэнсіўныя — 4-5 снарадаў у хвіліну»
«Кроп» разам зь іншымі байцамі-беларусамі быў на заданьні. Першыя тры дні было даволі спакойна. Кажа, што расейскія вайскоўцы былі недзе за чатыры кілямэтры ад іх.
«Потым пачалі прылятаць снарады. Калі я ішоў на дзяжурства, недалёка ад мяне ўпаў снарад. Пабег у сховішча. І пачалося — пастаянныя абстрэлы. За хвіліну магло прыляцець 4-5 снарадаў. У прынцыпе, калі ведаеш, што яны не ў цябе ляцяць, то хутка прывыкаеш да абстрэлаў. Адзін снарад прыляцеў недзе за мэтра паўтара ад уваходу ў сховішча. Пабрацім, які сядзеў на выхадзе, пачаў моцна крычаць. Потым мы даведаліся, што ў яго проста быў шок. Але ў той момант я пайшоў паглядзець, што зь ім, і мне па назе ўдарыў аскепак. Была цемра, нічога не відаць, што там з нагой. Ранкам паглядзеў і ўбачыў, што там рана. Потым мяне адвезьлі ў шпіталь і зрабілі апэрацыю», — расказаў беларус.
Пасьля шпіталя ён быў на рэабілітацыі. Цяпер ужо вярнуўся ў полк.
«Не было ў мяне такіх думак: „Ну яго к чорту!“. Страшна там толькі першыя некалькі гадзін. Потым прызвычайваесься. Я вырашыў заставацца да канца. Зьяжджаць я не зьбіраюся, як і з пачаткам вайны не зьбіраўся. Праўда, некаторыя людзі могуць ня вытрымаць. Але я вырашыў так. Сьмерць? Гэта нічога незвычайнага, бо вайна ж», — тлумачыць «Кроп».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзіла дзяцей на могілкі, каб бачылі, якія далей будуць стасункі з татам». Шчыры маналёг удавы загінулага добраахвотніка Васіля Парфянкова«Гэта міт, што Лукашэнку да вайны надта любілі ва Ўкраіне»
«Кроп» кажа, што ня верыць, калі чытае пра высокі рэйтынг Лукашэнкі сярод украінцаў да вайны.
«Я і ў жыцьці, і на працы да вайны такіх украінцаў, каб падтрымлівалі Лукашэнку, мала зусім сустракаў. Ёсьць проста недасьведчаныя людзі, якія ня ведаюць, што там у Беларусі было ў 2020 годзе. Яны ведаюць толькі, што „там парадак, там усё добра“. Мае калегі і кіраўнікі, пацыенты былі абазнаныя ў нашай сытуацыі, і ніхто Лукашэнку не падтрымліваў. Астатнім даводзілася тлумачыць. Я думаю, яго падтрымлівалі ва Ўкраіне сацыяльныя нізы, якім трэба ў прынцыпе толькі паесьці ды паспаць», — лічыць беларус.
Ён кажа, што ведае ўкраінцаў, якія да 2020 году былі на баку Лукашэнкі. Але калі пабачылі, што рабілася ў Беларусі ў 2020 годзе, «прызналі, што ня мелі рацыі, памыляліся».
«Шчыра кажучы, і ва Ўкраіне хапала «ваты». Але пасьля пачатку вайны яны расплюшчылі вочы, убачылі, што такое «русский мир», — дадаў «Кроп».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дух сьмерці тут гуляе заўжды блізка». Беларускі добраахвотнік «Рыжы» пра псаваньне «Табакерак» і дранікі на фронце