25 ліпеня ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску разглядалі трэці пазоў «Менсктрансу» да палітвязьня, журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча, якому прысудзілі як удзельніку пасьлявыбарных пратэстаў паўтара года зьняволеньня, нягледзячы на тое, што ён асьвятляў акцыі як журналіст.
Раней падобныя паседжаньні па разглядзе пазоваў «Менсктрансу» да Грузьдзіловіча за спыненьне руху транспарту прайшлі ў Маскоўскім раённым судзе (за падзеі 18 кастрычніка 2020 году на Партызанскім праспэкце) і ў Заводзкім раённым судзе (тады «Менсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі свайго грашовага патрабаваньня за падзеі 16 жніўня 2020 году на плошчы Незалежнасьці).
Сёньня пасьля паседжаньня жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна паведаміла Свабодзе, што судзьдзя прыняла рашэньне абʼяднаць ягоную справу са спарвай іншага чалавека:
«Як мне патлумачылі, што такі ж пазоў [як і Алегу] выставілі яшчэ аднаму чалавека, таму гэтыя справы абʼяднаюць і будуць разглядацца разам. Наступнае паседжаньне прызначана на 04 жніўня ў 16:30», — паведаміла Марʼяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» далей судзіцца з палітзьняволеным Алегам Грузьдзіловічам за спыненьне транспарту на акцыі, дзе ён працаваў як журналістПерасьлед Алега Грузьдзіловіча
Трэцяга сакавіка 2022 году журналіста Свабоды асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка — на вуліцы Кальварыйскай, і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспэкце.
Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна зьвяртала ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Менску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасьці яшчэ з 10-й раніцы была агароджаная турнікетамі.
«Грамадзкі транспарт на праспэкце Незалежнасьці ў той дзень прэвэнтыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадзкімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10-й да 20-й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16-й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» адмовіўся ад часткі грашовых прэтэнзій да зьняволенага журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш ня шлі мне канвэрты». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч з пачатку чэрвеня ўжо двойчы трапляў у ШЫЗА