Ад страляніны ў парку ў Лос-Анджэлесе загінулі два чалавекі, пяцёра параненыя

Ілюстрацыйнае фота

Ня менш за сем чалавек пацярпелі ў выніку страляніны на шоў аўтамабільнага клюбу з удзелам некалькіх сотняў чалавек у адным з паркаў Лос-Анджэлесу.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на пажарную службу гораду. Як паведамляе The New York Times, двое пацярпелых памерлі.

Лекары хуткай дапамогі даставілі чатырох мужчын і трох жанчын ва ўзросьце ад 23 да 54 гадоў у мясцовыя шпіталі пасьля страляніны на паўднёвым захадзе Лос-Анджэлесу, гаворыцца ў заяве дэпартамэнту пажарнай аховы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў гандлёвым цэнтры ў Даніі: тры чалавекі загінулі, трое параненыя

Прынамсі трое пацыентаў атрымалі агнястрэльныя раненьні.

«Іншых пацыентаў на месцы [стральбы] няма», — заявіў пажарны дэпартамэнт, дадаўшы, што абставіны стральбы пакуль ня высьветленыя.

Па факце злачынства пакуль нікога не затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў царкве ў Алабаме: ёсьць ахвяры

У сувязі з сэрыяй выпадкаў масавай стральбы, якія адбыліся за апошнія месяцы ў Злучаных Штатах, прэзыдэнт Джо Байдэн заклікаў Кангрэс забараніць продаж у краіне штурмавой агнястрэльнай зброі і магазынаў да яе, а таксама павысіць з 18 гадоў да 21 года ўзрост, пры дасягненьні якога можна купляць зброю.